Сонечная ладдзя, альбо Крыж, які плыве

  • 2104
  • 00:00
  • 09.06.2009
Поделиться
З вялікай цікавасцю прачытаў артыкул “Тайна туровских крестов” (“ГП” ад 9.04.2009 г.). Да сказанага аўтарам хацелася б дабавіць некалькі новых, раней невядомых фактаў пра гэтую ўнікальную з’яву на Гомельшчыне. Спа­дзяюся, яны зацікавяць чытачоў.
Мяне, як і аўтара артыкула, першая сустрэча з Туравам, пра які чуў яшчэ са школы, не ўразіла. Звычайная вялікая вёска. Цiкавасць уяўляюць хіба што каменныя крыжы ды некалькі абразоў у царкве.
Зусім іншы Тураў я адкрыў для сябе, калі пачаў абыходзіць яго старыя вулачкі — Інтэрнацыянальную, Вароўскага, Войкава. Тут яшчэ захавалася некалькі дзесяткаў старых хат канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя з унікальным разьбовым дэкорам.
Архітэктурны дэкор Турава — гэта нешта! Тут няма той расліннай пышнасці і мудрагелістасці, шматсюжэтнасці і дробнасці драўляных карункаў на вокнах і карнізах, як у раёне Гомеля і Веткі, Добруша і Рэчыцы. Тураў ярка вылучаецца іншай самабытнай традыцыяй дэкору — лінейна-рытмічныя салярныя і геаметрычныя выявы на франтонах хат. Гэтыя традыцыі зыходзяць у глыбокую старажытнасць — даследчыкам вядомы шэраг палескіх храмаў XVII — XVIII стагоддзяў, у якіх зашытыя дошкамі франтоны аздоблены прыгожым лінейна-рытмічным малюнкам.
Асабліва прыемнай знаходкай былі выявы невялікіх драўляных крыжыкаў на франтонах амаль кожнай тураўскай хаты (у тым ліку і на некаторых сучасных), у акружэнні сонечных знакаў, але абавязкова ў цэнтры.
Выпадкі ўжывання відавочна хрысціян­скай сімволікі ў разьбовым архітэктурным дэкоры — з’ява досыць рэдкая. Праваслаўныя шасціканечныя крыжы вядомы толькі на варотах стараверскіх дамоў у Спасавай Слабадзе Гомеля і некаторых іншых месцах па краязнаўчых апісаннях пачатку ХХ стагоддзя. Але да нашых дзён яны не дажылі. У Тураве — цэлы горад!
Тураўскія крыжы размешчаны на франтонах хат, яны чатырохканечныя і маюць два стабільныя тыпы: роўнаканечны грэчаскі (ці блізкі да яго) і падоўжаны лацінскі. Частка крыжоў мае пашыраныя канцы (накшталт рыцарскага георгіеўскага).
Пошук вобраза-першакрыніцы, што паслужыў штуршком для абавязковага размяшчэння драўляных крыжоў на шчытах тураўскіх хат, прымушае больш уважліва зазірнуць у старажытную спадчыну Турава — там мы знаходзiм вялікую культуру каменных крыжоў. Жыхары мястэчка, якія звярталіся з клопатамі і просьбамі да каменных крыжоў-абаронцаў, сталі пераносiць вобраз у аздабленне сваіх хат, з мэтай засцярогі ад нядобрага і спрыяння ў справах. Драўляныя крыжыкi на франтонах хат сталi яшчэ адной з форм пакланення цудадзейным тураўскiм крыжам.
Асобна варта разглядзець кампазіцыю, у якой спалучаюцца разам выява крыжа і гарызантальнага ромба (на здымку). Адно са шматлiкiх тлумачэнняў cемантыкi знака ромба, асабліва ў спалучэнні з сонечнымі дыскамі — гэта міфалагічны вобраз сонечнай ладдзі, што плыве па небу і перавозіць сонца. Улічваючы гэта, кампазіцыю на тураўскіх хатах, дзе крыж размешчаны над гарызантальным ромбам, можна тлумачыць як “крыж, які плыве”. А гэта ўжо ёсць графічная ілюстрацыя шырока вядомай легенды пра каменныя тураўскія крыжы, што прыплылі з Кіева ўверх па Прыпяці.
Адкрытым застаецца толькi пытанне, наколькi майстры, што будавалi хаты 50 — 100 гадоў таму, свядома размяшчалi тыя цi iншыя выявы. Бо ў самiх майстроў мы запытацца ўжо, на жаль, не можам.
Традыцыя размяшчэння драўляных крыжоў на шчытах хат працягнулася і ў пасляваенныя часы. А на cучасным будынку, што стаіць непасрэдна насупраць Усесвяцкай царквы, крыж з чырвонай цэглы выкладзены на франтоне з белай сілікатнай цэглы. Старажытная тураўская традыцыя працягвае жыць, хоць i ў досыць спецыфiчным выглядзе...
На жаль, трэба прызнаць, самая яркая (пасля каменных крыжоў) з’ява Турава — яго самабытная народная драўляная архітэктура — ніяк не задзейнічана ў мясцовым турыстычным патэнцыяле і паціху знікае.
На мой погляд, выйсце — у стварэнні ў Тураве невялікага скансэна — музея народнай архітэктуры пад адкрытым небам. Шмат грошай ён не запатрабуе — дастаткова адрамантаваць і перанесці 5 — 10 старых, яшчэ не знесеных тураўскіх хат з ускраін горада на цэнтральную вуліцу, што вядзе ад Усесвяцкай царквы да замчышча. Тут можна было б размясціць кафэ, музей народнай культуры Цэнтральнага Палесся (накшталт “Палескай веды” у Мазыры). Скансэн звязаў бы ў адно цэлае існуючыя старажытныя і турыстычна прывабныя аб’екты Турава, дазволіў ярка і самабытна прадстаўляць яго на фоне астатняй Беларусі, даў бы штуршок развіццю мясцовага турызму і экатурызму. Такі праект цалкам будзе адпавядаць галіновай праграме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па ўключэнню некаторых гісторыка-культурных каштоўнасцей у спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Між іншым, падрыхтоўчая работа па ўключэнню ў гэты спіс народнага дойлідства Усходняга Палесся ўжо вядзецца ў нашай вобласці.
Яўген МАЛІКАЎ, гісторык
Фота аўтара

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей