Пакуль ляціць “Страла”

  • 1714
  • 00:00
  • 09.06.2009
Поделиться
Такое можа толькі прысніцца ў сне. Школа будучыні дзе-небудзь у Веткаўскім раёне. Сімпатычныя смуглявыя першаклашкі з міндалявідным разрэзам вачэй на ўроку “Любі і шануй сваю старонку” вучацца прасці, ткаць ручнікі на кроснах, спяваць “стрэльныя” песні. На ўроку, як і ў дні свят, — усе ў тканым і вышытым адзеннi. У такiм жа, як і ў бабуль на экране вялікага манітора на свяце “Пахаванне ды ваджэнне стралы” з архіўных здымкаў пачатку ХХI стагоддзя. Немаўляты з задавальненнем гля­дзяць на ўжо добра знаёмыя ім кадры хронікі, таму што на экране — іх прапрабабулі. Настаўнік — ці то кітаец, ці то індус, рыхтуе дзяцей да ўдзелу ў абрадавых мерапрыемствах, якія прыходзяцца на свята Ўшэсця на матчынай мове. На двары — год 2050. Магчыма раней, а можа пазней. Фантасмагорыя? Выдумка? Хто можа сказаць, як яно будзе на самай справе ў будучыні? Перасяленне народаў. Інтэграцыя культур. Вось нарвежца з беларускімі каранямі пад вясковую скрыпку на ангельскай мове перадаюць па ўсіх каналах... Узаемапранікненне, узаемадалучэнне традыцый? Або разбурэнне і тых, і іншых? Страта сваёй індывідуальнасці? Пакуль задаеш сабе гэтыя пытанні і спрабуеш знайсці адказ, свет рухаецца наперад. А на абочыне яго, не спрабуючы ўліцца ў агульны струмень, з года ў год збіраюцца ў Стаўбуне, Неглюбцы, Казацкіх Балсунах бабулі і вядуць сваю стралу ў поле, спяваюць песні, закопваюць знакі ў зямлю, весела “качаюцца” ў жыце. Не для таго, каб захаваць самабытнасць, а таму, што жылі гэтым заўсёды. І нішто ўжо не зможа іх спыніць, толькі сама смерць. Аб сваёй нацыянальнай індывідуальнай традыцыі хай дбаюць маладыя. Тыя, што прыязджалі сёлета на свята з Мінска, Гомеля, Любані і нават з Масквы. Вадзілі карагоды, “аўтэнтычна” спявалі, збіралі і запісвалі фальклор, падчышчалі бабуліны куфэркі. Але пакуль менавіта сталае пакаленне застаецца цэнтрам гэтых абрадаў, застаецца пагроза страціць іх як частку нацыянальнай культуры. Ці атрымаецца захаваць іх? Ці магчыма будзе адрадзіць па запісах і архіўных здымках? Кім і калі? І ці будзе гэта каму трэба праз 20-50-100 гадоў? Хто ведае. Упэўнены толькі ў тым, што калі ў велізарным свеце знікне толькі адзін выгляд маленькага пярэстага матылька, мала хто зверне на гэта ўвагу. Але свет стане напэўна бядней.
Алег БЕЛАВУСАЎ
Фота аўтара

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей