“Каб прачытанае добра разумець...”

  • 2121
  • 00:00
  • 23.05.2009
Поделиться
Сын знакамітага ўкраінскага пісьменніка-палеміста і навукоўцы Мялецій Сматрыцкі (1575 — 1633) быў самай прыкметнай постаццю рэлігійнага, навуковага і культурнага жыцця Вялікага княства Літоўскага канца XVI — першай паловы ХVII стагоддзя. Атрымаўшы выдатную адукацыю ў Віленскай езуіцкай акадэміі, ён пасля ўдасканальваўся ў найлепшых універсітэтах Нямеччыны, набываў настаўніцкі досвед як дыдаскал брацкай школы, хатні настаўнік дзяцей князя Багдана Саламярэцкага ў мястэчку Баркулабаве. М. Сматрыцкі стаў адным з яркіх творцаў, якія працавалі на сумежжы грэка-візантыйскай і лаціна-рымскай культур, традыцыі якіх найбольш поўна адлюстраваны ў ягонай “Граматыцы”, што ўбачыла свет 390 гадоў таму і да нашага часу не пакідае абыякавымі гісторыкаў мовы, педагогікі, культуролагаў. I гэта зразумела. Першае, што падштурхнула вучонага ўзяцца за працу,— адсутнасць “славенскай” граматыкі, падобнай да грэцкай і лацінскай, каб навучыць скланенню іменных часцін мовы, спражэнню дзеясловаў, правільнаму спалучэнню слоў, а таксама добра чытаць і пісаць па-славянску і прачытанае добра разумець, як ён зазначаў ў прадмове да кнігі. Другая вельмі важкая падстава — жаданне ўзвысіць славянскую мову ў народзе нашым, надаць ёй пашану, разуменне, пашырыць ужыванне, таму што яна, з’яўляючыся прыроднай мовай нашай царквы, занядбаная і забытая. Складальнік “Граматыкі” вырашаў дзве першаступенныя задачы — граматычнай нармалізацыі царкоўнаславянскай мовы і ўмацавання яе становішча, аўтарытэту ў грамадстве; пашырэння сферы яе выкарыстання.
Аўтарытэт “Граматыкі” быў настолькі высо­кі, што непрыяцелі царкоўнаславяншчыны былі вымушаны спыніць свае нападкі на мову праваслаўнай царквы з-за яе незразумеласці. Стварэннем “Граматыкі” Сматрыцкі неабвержна даказаў, як неабходна служыць сапраўдным, а не адцягненым патрабаванням свайго часу. Пра паважлівае стаўленне да “Граматыкі” сведчыць і тое, што яна двойчы (1722) перавыдавалася ў Маскве і на працягу амаль двух стагоддзяў была асноўным падручнікам для вывучэння граматыкі не толькі ў Вялікім княстве Літоўскім, але і ў Масковіі, ажно да з’яўлення “Расійскай граматыкі” Міхаіла Ламаносава. Ён, дарэчы, надзвычай ухвальна адгукаўся пра “Граматыку” М. Сматрыцкага, называў яе разам з “Псалтыром рыфматворным”  Сімяона Полацкага  і “Арыфметыкай” Лявонція Магніцкага “вратами своей учёности”. “Граматыка” М. Сматрыцкага доўгі час фарміравала моўную адукацыю агульнай і вышэйшай школ не толькі на радзіме, але і за яе межамі. Яна была ўзятая за аснову пры распрацоўцы сербскай, харвацкай, балгарскай, румынскай граматык. Ідэі адзінай мовы ўсіх славян, выказаныя М. Сматрыцкім, істотна паўплывалі на мовазнаўчыя даследаванні сербскага філолага XVII стагоддзя Юрыя Крыжаніча. Безумоўна, гісторыка-культурнае і навуковае значэнне “Граматыкі” М. Сматрыцкага выключнае. Яна вызначыла новы этап у вывучэнні не толькі царкоўнаславянскай, але і народных моў. Аўтар кнігі поўна і падрабязна сістэматызаваў моўны матэрыял, дапоўніў і ўдакладніў свайго папярэдніка Лаўрэнція Зізанія. Выдадзеная для практычных патрэб школьнага навучання, яна перасягнула сваё прызначэнне, стала прыкметнай культурна-грамадскай з’явай.
І напярэдадні Дня славянскай пісьменнасці і культуры, усталяванага ў памяць роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія, настаўнікаў славянскіх, неабходна яшчэ раз аддаць належнае сціпламу манаху Мялецію Сматрыцкаму, які доўжыў традыцыі вялікіх славянскіх апосталаў, змагаўся за мову сваёй царквы і паклаў на яе алтар найгалоўнейшую працу свайго жыцця.
Дзмітрый ПАЎЛАВЕЦ,
дацэнт кафедры беларускай культуры
і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей