Спачатку было Слова...

  • 1596
  • 00:00
  • 02.04.2009
Поделиться
45-годдзе адзначыла Бранская пісьменніцкая арганізацыя Саюза пісьменнікаў Расіі. Два гады таму з ёй завязала творчыя кантакты Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, а таму і на юбілей у зале абласной бібліятэкі ім. Ф. І. Цютчава сабраліся не толькі калегі з Масквы і гарадоў Цэнтральнай федэральнай акругі, прадстаўнікі творчых арганізацый Бранска і вобласці, але і сябры з памежных рэгіёнаў Беларусі і Украіны.
“Віньетку” з твораў Моцарта і Лобаса паднеслі юбілярам выкладчыкі і вучні ДШМ № 2 ім. П. І. Чайкоўскага. Ганаровыя граматы, па­дзячныя лісты тым, хто захоўвае і працягвае рускія літаратурныя традыцыі, уручылі намеснік губернатара Бранскай вобласці Анатоль Церабуноў і начальнік абласнога ўпраўлення культуры Наталля Сомава.
Сярод узнагароджаных — кіраўнік семінара драматургіі, аўтар п’ес аб нашых славутых земляках Ларыса Семянішчанкава, кіраўнік семінара прозы ў Бранскім рэгіянальным аддзяленні Людміла Ашэка. Для апошняй 2008 год быў асабліва шчодрым на творчыя перамогі: акрамя абласных узнагарод паэтэса ўганаравана званнем лаўрэата на літаратурным конкурсе імя Ул. Бялова ў Волагдзе. Творы Людмілы Станіславаўны прыйшліся да спадобы і дзіцячай чытацкай аўдыторыі. Абласная дзіцячая бібліятэка стала ініцыятарам выпуску дыска з творамі паэткі тыражом 100 асобнікаў. Дыск не паступаў у продаж, а распаўсюджваўся толькі сярод бібліятэк. Яго ў розныя канцы Расіі павезлі ўдзельнікі нядаўняй канферэнцыі “Бібліятэка ў культурным арэале дзяцінства”, што праходзіла ў абласной навуковай бібліятэцы ім. Ф. І. Цютчава.
Людміла Ашэка паспяхова выступала перад беларускімі чытачамі ў мінулым верасні ў рамках Міжнароднага свята “Славянскія літаратурныя дажынкі-2008”, гамяльчане ведаюць яе як выдатнага паэта і празаіка, які дбае аб якасці мастацкай літаратуры.
Дарэчы, не толькі Бранская вобласць высока шануе сваіх пісьменнікаў – яны ў авангардзе ўсёй Расіі. Доказам таму паслужылі граматы і падзячныя лісты з рук прадстаўніка Саюза пісьменнікаў Расіі Аляксандра Паўлава, падпісаныя старшынёй Саюза акадэмікам Валерыем Ганічавым. І гэта не выпадкова: дзякуючы ініцыятыве менавіта бранскіх пісьменнікаў ва ўсёй Расіі і за яе межамі  зараз вядомыя паэтычныя святы, прысвечаныя  Цютчаву, Талстому, фестываль славянскай пісьменнасці і культуры ў Трубчэўску “На зямлі Баяна”. Кожны бранскі пісьменнік — гэта яшчэ і грамадскі дзеяч. Рэдка які рэгіён можа пахваліцца такімі маштабамі работы!
На свяце выступілі і беларускія сябры, калегі з рэгіёнаў Расіі.  Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз  пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч падкрэсліў унікальнасць асветніцкай дзейнасці бранскіх калег, каштоўнасць іх вопыту падчас сённяшняга адраджэння і захавання літаратурных традыцый на Гомельшчыне. Менавіта прыклад бранскіх сяброў, па словах Уладзіміра Гаўрыловіча, дапамог гамяльчанам арганізаваць і правесці свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”, якое цяпер будзе штогадовым, выпусціць альманах “Літаратурная Гомельшчына”, адкрыць школу юнага літаратара. Гомельскі празаік выступіў з ініцыятывай выпрацаваць партнёрскую дамову, якая б дазволіла праводзіць майстар-класы, рэалізоўваць сумесныя літаратурныя праекты з бранскімі калегамі.
Творчыя кантакты гамяльчан і бранскіх пісьменнікаў будуць працягвацца і ўзаемаўзбагачацца.
Ул. ПРЫАЗЁРНЫ

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей