“Сэрцу майму ты да скону — радзіма!”

  • 2105
  • 00:00
  • 05.03.2009
Поделиться
“Я вельмі ўсцешаны і шчыра ўдзячны арганізатарам сустрэчы, што магу зноўку падыхаць паветрам сваёй радзімы”, — прачула сказаў землякам у абласным грамадска-культурным цэнтры галоўны рэдактар старэйшага літаратурнага часопіса “Полымя” лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэт Мікола Мятліцкі. Ён прыехаў на Гомельшчыну разам з галоўным рэдактарам часопіса “Всемирная литература” Алесем Наварычам, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” Аляксеем Чарота і паэтам, загадчыкам аддзела прозы “Полымя” Анатолем Зэкавым, каб расказаць пра творчыя планы і стасункі з гомельскімі пісьменнікамі, прыцягнуць увагу землякоў да сучаснага літаратурнага працэсу, падпітаць выданне новымі творамі маладых.
 Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Валерый Сяліцкі шчыра прывітаў прадстаўнікоў холдзінгу “Літаратура і мастацтва”, падзяліўся сваімі роздумамі пра сучасную беларускую літаратуру, расказаў пра творчыя планы наконт далейшага развіцця музеяў у нашым абласным цэнтры. Госці ўпершыню пабывалі ў спецыялізаванай Славянскай бібліятэцы, пакінулі ў дарунак свае кнігі і выказалі захапленне гэтай унікальнай скарбонкай, аналагаў якой няма на прасторах СНД. Сустрэча з чытачамі вылілася ў працяглы дыялог. Паэты-землякі чыталі свае новыя вершы, давалі аўтографы.
Сапраўдным адкрыццём стаў для пісьменнікаў і палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў. “Ганарымся тым, што на нашай Гомельшчыне так многа робіцца для развіцця культуры. Гэта ўпэўнівае, што наша зямля дасць новых мележаў, шамякіных, макаёнкаў”, — сказалі творцы супрацоўнікам музея.
Пабывалі пісьменнікі і на Хойнікшчыне, дзе іх шчыра вітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Бічан, а таксама глінішчанцы — землякі Івана Мележа. Была запамінальная экскурсія ў музей класіка беларускай літаратуры, сустрэча з бібліятэкарамі раёна. Безліч пачуццяў і эмоцый выклікала паездка на тэрыторыю Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ў вёску Бабчын. Для Міколы Мятліцкага гэта была сустрэча з родным домам, і ён не саромеўся слёз.
“Ад імя ўсіх удзельнікаў нашай пісьменніцкай вандроўкі хачу шчыра падзякаваць старшыні абласнога Савета дэпутатаў Валерыю Сцяпанавічу Сяліцкаму і дырэктару спецыялізаванай Славянскай бібліятэкі Ліліі Фёдараўне Буланавай за падтрымку нашага падарожжа, за ўвагу да нашай літаратуры. Паверце, яна самая мужная і самая гуманная ў свеце”, — сказаў паэт ад імя калег на развітанне.
Тамара КРУЧЭНКА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей