За апошнія дзесяць гадоў свайго жыцця Напалеон Орда прайшоў пешшу, праехаў на брычцы ці праплыў на плыце 8 тысяч міль.З творамі выдатнага мастака можна пазнаёміцца ў музеі палацава-паркавага ансамбля
Вясна і лета 1877 года ў Беларусі наўрад ці чым адрозніваліся ад папярэдніх. Гэтак жа сама нараджаліся і адыходзілі ў іншы cвет людзі, будаваліся новыя і руйнаваліся старыя дамы, паміралі і зноў узыходзілі расліны... Для Напалеона Орды гэта будзе час новага цікавага падарожжа — па Магілёўскай губерні. Яго шлях, напэўна, пройдзе з поўначы на поўдзень і пачнецца з Магілёва. Тут мастак абавязкова зробіць замалёўкі горада з яго старажытнай архітэктурай, а пасля, наладзіўшы немудрагелісты плыт, будзе спускацца па Дняпры. Сышоўшы на бераг на Рагачоўшчыне, ён наведае панскі маёнтак Уладзіслава Сенажэцкага ў Турску, а пасля і ягонага сваяка Аляксандра Сенажэцкага — на Веткаўшчыне ў мястэчку Хальч. Н. Орда з захапленнем унясе ў свой паходны альбом вобраз турскага палаца з урачыстымі класічнымі калонамі ў абрамленні паркавых дрэваў і хальчанскую сядзібу, што прывабна раскінулася на высачэнным беразе ракі Сож.
Але хіба маглі яны параўнацца з той раскошай, што ўбачыў вандроўнік у Гомелі ў валоданнях князя Ф. І. Паскевіча? Узрушаны, ён маляваў, не прапускаючы аніякай падрабязнасці ва ўбачаным. На альбомным аркушы цэнтральную частку кампазіцыі займае велічная архітэктурная пабудова, галоўны фасад якой дэталёва прамаляваны. Тут дакладна бачны чатырохкалонны карынфскі порцік пад фігурным атыкам, зубчатая вежа з байнічнымі вокнамі, курантамі і сцягам, які лунае над дахам. З левага боку паказаны гаспадарчы корпус палаца і рызаліт з дамавой царквой, якая ўвянчана цыбульнай галоўкай з крыжам. Адхіл перад порцікам з паўднёвага боку вежы аформлены прамавугольнай пляцоўкай з арачным праёмам у ніжняй частцы і на ёй гарматамі з колавымі лафетамі і коннай статуяй. На малюнку перад палацам Орда адлюстраваў паркавы партэр з лаўкамі, пушыстыя пасадкі кустоў і дрэў, на пярэднім плане — фігуры двух людзей з садовымі інструментамі.
Выяву гомельскага палаца Н. Орда падпісаў: “Тут перад палацам стаіць помнік князю Юзафу Панятоўскаму, твор Тарвальдсэна, які выкананы на сродкі вайсковых узносаў па пяць грошай, прызначаны для Варшавы”. І адразу мастака захлынулі ўспаміны…
…Варшава, 1830 — 1831 год, рэвалюцыйна-вызваленчыя падзеі. Ён змагаецца на баку паўстанцаў у якасці стралка чацвёртага палка коннай гвардыі Літоўскага корпуса ў Каралеўстве Польскім і вызначаецца ў бітве пад Коцкем, за што атрымлівае вышэйшую ўзнагароду — ордэн Залатога крыжа і чын капітана паўстанскай арміі… Пасля падаўлення паўстання царскімі войскамі пад кіраўніцтвам Паскевіча ў 1831 годзе разам з іншымі яго ўдзельнікамі Орда, каб пазбегнуць катаргі, вымушаны пакінуць Радзіму.
Ён пешшу накіроўваецца праз Аўстрыю і Швейцарыю ў Італію. Апынуўшыся ў 1833 годзе ў Парыжы, які быў у гэты час адным з буйнейшых культурных цэнтраў Еўропы, паглыбляецца ў атмасферу яго мастацкага жыцця, знаёміцца з блізкімі па духу людзьмі, займаецца музыкай і жывапісам. Тут ён атрымоўвае адукацыю мастака, наведваючы студыю вядомага майстра архітэктурнага пейзажа П’ера Жэрара, які і вызначыў яго мастацкі жанр. Музычныя творы Орды (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі) вызначаюць асаблівыя мілагучнасць, драматызм, лірычнасць. Яны былі ўхвалены Ф. Лістам, С. Манюшкам і Ф. Шапэнам, з якім яго звязвалі цёплыя сяброўскія адносіны. У 1843 годзе Орда ажаніўся на францужанцы Ірэне Боўгле, у іх з’явіўся сын, а праз чатыры гады ён становіцца дырэктарам італьянскай оперы ў Парыжы.
І ўсё ж цяга да родных мясцін перамагла нядрэнную наладжанасць парыжскага жыцця, і пасля абвяшчэння царскім урадам амністыі для эмігрантаў Н. Орда ў 1856 годзе, не атрымаўшы згоды ад жонкі ехаць разам, адзін вяртаецца на Радзіму. Тут у Пінскім павеце ў Варацэвічах быў яго радавы маёнтак, дзе 11 лютага 1807 года ён нарадзіўся. Бацька Напалеона Міхал Орда паходзіў са старажытнага беларускага дваранскага роду, быў маршалкам шляхты Кобрынскага павета. Маці — з сям’і Бутрымовічаў, чый палац і сёння захаваўся на галоўнай вуліцы ў Пінску. Прытрымліваючыся прафранцузскай арыентацыі, бацькі Орды назвалі свайго сына Напалеонам ў гонар папулярнага ў той час французскага імператара. Ён атрымаў грунтоўную пачатковую хатнюю адукацыю, у тым ліку музычную. Пасля заканчэння Свіслацкай гімназіі паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта. Але ў 1827 годзе быў адлічаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага таварыства “Заране”, члены якога марылі аб незалежнасці ад рускага царызму…
Пасля вяртання з Парыжу маёнтак ужо не належаў Ордзе. Ён жыве ў Гародне, Пінску. Каб забяспечыць сваё матэрыяльнае становішча, працуе хатнім настаўнікам музыкі ў генерала Адама Ржавускага на Валыні.
У вольныя ад працы месяцы Н. Орда шмат ездзіць па Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне, дзе робіць шматлікія эскізы, акварэльныя замалёўкі архітэктурных і гістарычных помнікаў. Даследчыкі творчасці Напалеона Орды падлічылі, што за апошнія дзесяць гадоў свайго жыцця ён прайшоў пешшу, праехаў на брычцы ці праплыў на плыце 8 тысяч міль. Гэта значыць 5 міль штодзённа, вандруючы пяць месяцаў у год.
У выніку гэтых падарожжаў з’явілася больш за 1150 малюнкаў, каля 200 з якіх прысвечаны менавіта Беларусі. Ён выконваў іх алоўкам, падфарбоўваў акварэллю, гуашшу ці сепіяй і на многіх сваіх працах рабіў паметкі, што надавала ім яшчэ і інфармацыйнае краязнаўчае значэнне. Свае замалёўкі мастак расклаў па папках, кожная з каторых адпавядала той ці іншай мясцовасці. А ў 1873 годзе за ўласны кошт ён распачаў выданне “Альбома відаў гістарычных польскіх” у варшаўскай майстэрні Максімілiяна Фаянса ў выглядзе гравюр, якія выконваліся Алаізам Місеровічам у тэхніцы літагравюры. Многія малюнкі Орды таксама тыражыраваліся ў гравюрах шматлікіх перыядычных гісторыка-краязнаўчых выданняў, у шматтомнай “Жывапіснай Расіі”. Фінансавых сродкаў на поўнае выданне творчай спадчыны мастака ў збяднелага роду Ордаў не хапала, шмат перашкод рабіла і цэнзура, але ён да апошніх сваіх дзён рабіў намаганні, каб з’явілася як мага больш аркушаў “Альбома відаў гістарычных польскіх”. У альбом таксама трапілі віды хальчанскай і турскай сядзіб Сенажэцкіх і Гомельскага палаца Паскевічаў, якія Н. Орда зрабіў у 1877 годзе.
47 сапраўдных літаграфій беларускіх краявідаў з гэтага альбома, апраўленых у рамы, даволі арганічна ўпісаліся сёння ў адну з экспазіцыйных залаў музея ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў. Яны з’яўляюцца экспанатамі часовай выставы з калекцыі лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Ліхадзедава і прадастаўлены Дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Падыміцеся на другі паверх палаца і на свае вочы пераканайцеся ў майстэрстве Напалеона Орды, той дэталёвай дакладнасці, з якой адлюстроўваў ён убачанае. Пацікаўцеся, як выглядалі многія архітэктурныя помнікі і мясціны, што зараз знішчаны ці непазнавальна змяніліся. Прытуліцеся да крупінкі мастацкай спадчыны Орды, якая, бясспрэчна, выклiкае самыя ўзнёслыя пачуцці ў душы кожнага грамадзяніна нашай краіны.
Таццяна Літвінава,
загадчык мастацкага аддзела музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля
Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
-
«Калейдоскоп сюрпризов». Артисты областной филармонии подготовили программу для детей
- 12:49
- 02.06.2021
- 205862
-
Концерт Кристины Орбакайте в Гомеле
- 16:35
- 03.07.2018
- 38731
-
Миг бесконечности Натальи Батраковой
- 09:18
- 24.05.2012
- 31855
-
Какие виды ремесел популярны на Гомельщине и кто находит вдохновение в творчестве
- 12:37
- 21.11.2019
- 29463
-
«Миссис Гомель- 2016»: фото всех участниц
- 11:25
- 04.12.2016
- 27472
-
Легенда об аисте
- 22:00
- 23.07.2010
- 27254
-
Александр Солодуха рассказал о «невероятной» травле в соцсетях, запрете на песню «Виноград» и почему сейчас невозможны аншлаги
- 10:41
- 01.04.2021
- 26039
-
Александра Степанова из Речицы покоряла шоу "Голос" и получила приглашение спеть в "Олимпийском"
- 10:41
- 24.10.2018
- 25259
-
«Мисс Гомель-2019» стала Полина Голомазова
- 23:14
- 07.12.2019
- 24720
-
Дзе бусел вядзецца, там шчаслівае месца
- 07:35
- 23.04.2011
- 24124


