Наш Шамякін

  • 2389
  • 00:00
  • 29.01.2009
Поделиться
30 студзеня нашаму земляку, народнаму пісьменніку Беларусі споўнілася б 88-м.

Гэтыя дзве лічбы нібы сімвалізуюць бясконцасць яго зямнога жыцця. Гэта і сапраўды так, бо Творца пакінуў раманы, аповесці, апавяданні, дзённікі, якія працягваюць хваляваць, прымушаюць думаць. Ці так жывем? Ці па-чалавечы? Гэта галоўныя пытанні яго твораў, пра што ні пісаў Іван Пятровіч.
Сёлета шмат юбілейных дат у яго кніг. 65 гадоў назад яшчэ ў рангу франтавога афіцэра пачынаючым пісьменнікам створана першае апавяданне “У снежнай пустыні”. 60 гадоў з моманту выхаду асобнымі выданнямі першага рамана “Глыбокая плынь” і зборніка апавяданняў “На знаёмых шляхах”. І яшчэ дзве даты: 35-годдзе выхаду “Атлантаў і карыятыдаў” і 30-годдзе выдання рамана “Вазьму твой боль”.
Здаецца ўчора ўпершыню захлёбваючыся чытала раман пра галоўнага архітэктара горада Максіма Карнача, пра выпрабаванні, якія выпалі на долю гэтага чалавека, што ўступіў у канфлікт са звыклым асяроддзем. Колькі спрэчак выклікаў тады, у пачатку 80-х, гэты раман І. П. Шамякіна! І якой сімпатыяй мы пранікліся да галоўнага героя, які выпісаны не ідэальным, станоўча-закансерваваным, а здольным годна адстаяць свае погляды.
І сёння творы нашага земляка застаюцца надзвычай сучаснымі, бо яны з магутным духоўным стрыжнем. Яны, як тыя Атланты, утрымліваюць неба — вышыню чалавечых узаемаадносін, праўду, справядлівасць.
“…Першы яркі ўспамін маленства — як бацька ехаў служыць лесніком. Было гэта ў 1925 годзе, — пісаў Іван Пятровіч у аўтабіяграфіі. — Самае моцнае ўражанне ад гэтай паездкі — равы ў вёсцы Крупец. Другое гэткае ж моцнае ўражанне зрабіў Сож і першы параход, які я ўбачыў (першы год бацька быў лесніком у Цярэшкавічах, пад Нова-Беліцай). Мясціны там прыгожыя. У мяне трывала захаваліся ў памяці вялікі луг з густой і высокай травой і дубы на беразе Сожа. Пад гэтымі дубамі мы збіралі жалуды”.
Івана Пятровіча лічаць сваім жыхары вёскі Карма Добрушскага раёна і сяляне з Церухі, Пракопаўкі, Макаўя Гомельскага раёна. Гамяльчане і мінчане, усе беларусы з павагай прамаўляюць “наш Шамякін”. Ён застаецца з намі.
Тамара КРУЧЭНКА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей