Ён быў з Санькам у тыле ворага

  • 14296
  • 00:00
  • 06.01.2009
Поделиться
Нашаму земляку пісьменніку Івану Сяркову ў гэтыя дні споўнілася б 80 гадоў.
Часцей маўклівы, з выгляду суровы, відаць, за кошт густых чорных навісаючых брывей, глыбока пасаджаных дапытлівых вачэй, ён, здавалася б, ніколі не быў чалавекам “душа наросхрыст”. Але ў кабінеце галоўнага рэдактара ў самым канцы калідора на другім паверсе тэлецэнтра дзверы ніколі не зачыняліся. Светлы стол, завалены сцэнарыямі, некалькі крэслаў для наведвальнікаў ды даволі стары каляровы, вечна ўключаны тэлевізар-манітор.
Да Івана Кірэевіча Сяркова можна было заходзіць без стуку, і для кожнага супрацоўніка ў яго знаходзіўся час. Менавіта ў гэтым кабінеце вырашаўся лёс кожнай перадачы, якая павінна была выйсці ў эфір. Спачатку на ўзроўні сцэнарыя, які галоўны рэдактар вычытваў уважліва і бясстрасна, потым пасля трактавай рэпетыцыі, калі рэдакцыйным саветам давалася ацэнка толькі што ўбачанага на экране. Асаблівая ўвага надавалася культуры мовы.
На добрыя два тыдні брыгада тэлерадыёаб’яднання з 10 чалавек выязджала ў той ці іншы раён Гомельшчыны на касавіцу ў падшэфныя гаспадаркі. На памяць прыходзіць вёска Хальч Веткаўскага раёна, дзе стагавалі сена. Галоўны рэдактар тэлебачання — у ролі брыга-дзіра. Колькі той язды ад Гомеля, але Іван Кірэевіч паспяваў падняць настрой усім нам сваім дасціпным жартам альбо звычайнай, але сказанай якраз да месца, прымаўкай. Апошніх ён ведаў проста безліч. Часам з ягоных вуснаў гучалі эпізоды ўласнага жыцця. Сапраўдныя залацінкі — успаміны-абразкі. Стваралася такое ўражанне, што перш чым занатаваць іх на паперы, аўтар знарок апрабоўваў іх на слухачах.
Менавіта з падобных вусных апавяданняў і нарадзілася яго трылогія “Мы з Санькам…”. Паслухаўшы ўспаміны пра ваеннае дзяцінства, сябры параілі Сяркову сабраць іх у адну кнігу. Іван Кірэевіч так і зрабіў, і цяпер мільёны падлеткаў перажываюць за яго і за Саньку, якія падчас фашысцкай акупацыі апынуліся ў тыле ворага.
У свой час мне давялося прысутнічаць на адкрыцці музея Івану Сяркову ў сярэдняй школе вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёна. Ён дзейнічае і зараз. І ўсё ж, на маю думку, гэтага недастаткова. Памяць пра Івана Сяркова варта засведчыць і ў абласным цэнтры. Няхай нават не манументальным помнікам, хоць бы звычайнай мемарыяльнай дошкай на доме, дзе ён жыў у апошнія гады. Зараз у Гомелі шмат новабудоўляў, дык, можа, і назва новай вуліцы, якая б насіла яго імя і прозвішча, няблага ўпісалася б у нашу памяць?
Алесь ДУБРОЎСКІ,
член грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей