Да палескіх каранёў Івана Навуменкі

  • 3235
  • 00:00
  • 07.10.2008
Поделиться
Міжнародныя навуковыя чытанні “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры”, прысвечаныя памяці нашага земляка, народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка Івана Якаўлевіча Навуменкі, адбыліся ў абласным грамадска-культурным цэнтры. Удзел у іх прымалі не толькі беларускія навукоўцы, а і прадстаўнікі Расіі, Сербіі, Германіі, дачка І. Я. Навуменкі — доктар мастацтвазнаўства, прафесар Расійскай акадэміі мастацтваў імя Гнесіных Таццяна Навуменка, сын — кандыдат філалагічных навук, дацэнт філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Павел Навуменка.

Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, старшыня аргкамітэта — старшыня абласнога Савета дэпутатаў Валерый Сяліцкі падкрэсліў, што заўсёды падтрымлівае такія сустрэчы, на якіх пазнаеш, куды рухаецца навука. “Я быў асабіста знаёмы з Іванам Якаўлевічам Навуменкам, часта сустракаўся з ім як з дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Гэта быў вельмі прыемны чалавек”, — падкрэсліў Валерый Сцяпанавіч, згадваючы славутага земляка. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў прадставіў гасцям калектыў спецыялізаванай Славянскай бібліятэкі — адной з арганізатараў канферэнцыі і даў высокую ацэнку гэтаму асяродку славянскіх узаемасувязей.
Работа канферэнцыі вялася па трох секцыях: “Спадчына Івана Навуменкі і сучасны літаратурны працэс”, “Перспектывы сучаснай славістыкі”, “Нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры”.

Сваімі ўражаннямі падзяліліся:
Дзеян АЙДАЧЫЧ (Сербія):
— Дзякуючы канферэнцыі я ўпершыню прыехаў у Беларусь. Вельмі спадабаўся Гомель. Маляўнічая рака, выдатная архітэктура. Тут утульна жыць. Цудоўныя ўражанні ад Славянскай бібліятэкі, тут ёсць аура, якая спрыяе падобным сустрэчам. Зрабіў шмат адкрыццяў для сябе і з беларускай літаратуры. Вельмі спадабаліся даклады, звязаныя з імем вашага земляка Івана Навуменкі. Хочацца яшчэ больш даведацца не толькі пра гэтага пісьменніка. Дарэчы, у нас у краіне лепш ведаюць беларускую паэзію, некалькі год таму выйшла анталогія, я сам перакладаю вершы з рускай, беларускай, украінскай, пішу артыкулы. Зараз выкладаю сербскую мову і літаратуру ў інстытуце філалогіі Нацыянальнага універсітэта ў Кіеве.

Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ,
доктар філалагічных навук, прафесар, дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, старшыня міжнароднага камітэта славістаў:
— Нядаўна мне давялося быць у Македоніі на XIV Міжнародным з’ездзе славістаў. На ім былі прадстаўлены вучоныя з 40 краін свету, якія займаюцца праблемамі славянскіх моў, літаратур, культур, фальклору. Ад Беларусі ўдзельнічала 20 чалавек, у тым ліку прафесары Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны Іван Штэйнер і Уладзімір Коваль. Яны выступілі са змястоўнымі дакладамі. Пад час гэтага з’езда адбыўся пленум міжнароднага камітэта славістаў. Прыемна паведаміць, што наступны XV з’езд славістаў у 2013 годзе адбудзецца ў Мінску, прычым упершыню. Гэта вялікі гонар і адказнасць для краіны, для ўсёй гуманітарнай грамадскасці Беларусі. Па-першае, гэта з’явіцца сведчаннем прызнання беларускай славістычнай навукі, па-другое, пацвярджэннем статуса Беларусі як самастойнай славянскай краіны са сваім выразным адметным нацыянальным абліччам. Разам з калегамі ў бліжэйшыя пяць гадоў буду займацца падрыхтоўкай адказнага форуму.

Павел НАВУМЕНКА,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры Белдзяржуніверсітэта:
— Мне вельмі прыемна, што канферэнцыя адбываецца ў Гомелі, гомельскія вучоныя ініцыіравалі правядзенне гэтых міжнародных чытанняў, прысвечаных памяці майго бацькі. Васілевічы ў Рэчыцкім раёне — радзіма Івана Якаўлевіча. Ён заўседы вельмі прыязна ставіўся да Гомельшчыны, тут прайшло яго юнацтва, партызанскі перыяд, падполле, тут ён пачынаў свой працоўны шлях. Таму я ўсім сэрцам падтрымліваю ідэю правядзення такіх чытанняў і ўсяляк буду спрыяць гэтаму: такога мерапрыемства ў БДУ пакуль няма. Гамяльчане нас апярэдзілі, і гэта найлепшае ўшанаванне бацькавай памяці.
Тамара КРУЧЭНКА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей