Вяртанне забытага сімвала

  • 4209
  • 00:00
  • 14.08.2008
Поделиться
Дуда, беларуская валынка — духавы язычковы інструмент, які ўпамінаецца ў старабеларускай літаратуры ўжо з XV стагоддзя. Упершыню беларускую дуду намаляваў шведскі падарожнік Олаўс Магнус у 1555 годзе. Выраб яе лічыўся справай сакральнай. У XIX стагоддзі дуда стала адным з самых папулярных беларускіх інструментаў. Тып “беларускай” дуды быў пашыраны не толькі на тэрыторыі ўласна Беларусі, але і ў Літве і Латгаліі.
Зміцер Сасноўскі — музыкант, майстар-рэстаўратар (вучань латышскага майстра

Д. Вуцыса), гісторык, калекцыянер старадаўніх інструментаў. Кіраўнік групы сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса”, заснавальнік фестываляў “Дударскі фэст”
і “Карнавал на Каляды”, рэжысёр дакументальнага кіно. Нарадзіўся ў Гомелі, скончыў школу № 44, у 1996 годзе — гістарычны факультэт Гомельскага універсітэта. У 1996 — 2000 гадах выкладаў у Полацкім універсітэце, у 1998-м стажыраваўся ў Мадрыдскім універсітэце.

— Зміцер, спачатку давай вызначымся: што такое валынка ці дуда?
— Гэты духавы інструмент па-руску называецца валынка, па-англійску bagpipe, па-шведску sakspipa, па-нямецку dudelzak, а па-беларуску — дуда. Ён вядомы практычна ўсім народам Еўропы — нарвежцам, шведам, немцам, французам, палякам, чэхам, балгарам. У кожнага народа валынка мае свае канструктыўныя і меладычныя асаблівасці.
 — Чаму слова “валынка” ў большасці людзей выклікае асацыяцыю з Шатландыяй? Адкуль такая папулярнасць шатландскай валынкі?
— Асацыяцыя ўсіх валынак з Шатландыяй — гэта стэрэатып. Гэты інструмент нарадзіўся лакальна ў розных краінах Еўропы (у тым ліку і Беларусі). Шатландская валынка стала вядома ва ўсім свеце дзякуючы вайсковым аркестрам Брытанскай імперыі, якія гучалі ў яе калоніях на ўсіх кантынентах. Папулярнасць шатландскай валынкі працягваецца і зараз — падчас многіх гарадскіх свят у Амерыцы гучаць аркестры шатландскіх валынак, вельмі развіта традыцыя вайсковых аркестраў валынак у Новай Зеландыі.
— Раскажы, чым беларуская дуда адрозніваецца ад шатландскай валынкі?
— Канструкцыя беларускай дуды паўтарае асноўныя рысы інструментаў гэтага тыпу, але мае і свае выразныя адрозненні — гэта мяшок, зроблены са скуры казы, у які ўстаўлялі некалькі басавых трубак (іх называюць “бурдоны”) і меладычную трубку — жалейку. Разам яны ствараюць непаўторны гук — на фоне пастаяннага баса бурдонных трубак развіваецца мелодыя жалейкі. Беларускія дуды адрозніваліся своеасаблівым чубуком, якім заканчваліся і жалейка, і басавыя трубкі.
— Якое месца ў жыцці беларускага народа займала дуда?
— Гэты старажытны музычны інструмент раней вызначаў жыццё кожнага беларуса. Без дуды не адбываўся ніводны абрад ці свята. Дуда на Беларусі была моцна ўпісана ў міфалогію і мела вялікае рытуальнае значэнне. Яна гучала падчас розных абрадаў — Калядаў, Валачобніцтва, Радзін. Гукі дуды суправаджалі таксама Жніво і Купалле. У час заручын малады прыязджаў са сваім дударом, а маладая сустракала яго са сваім. Маладыя не размаўлялі падчас абраду, гэта за іх рабілі дудары, якія ігралі прывітальныя мелодыі. Існавала таксама і адмысловая беларуская манера ігры на дудзе.
Дуда нараджалася на нашай зямлі з самых спрадвечных часоў. Паводле беларускай этнічнай традыцыі, яе рабілі на Каляды. Захавалася нават беларуская калядная песня, дзе літаральна прамаўляецца: “Не бойся, козачка, лаўцоў-стральцоў, бойся дзеда старога, ён цябе заб’е, скуру злупіць і дуду пашые”.
У XIX стагоддзі беларуская эліта ўсведамляла дуду як сімвалічны інструмент. Адзін са сваіх зборнікаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч назваў “Дудар беларускі”, а Францішак Багушэвіч — “Дудка беларуская”. Псеўданім паэта Аляксандра Дайлідовіча — Дудар.
— Зараз дуда амаль нідзе не гучыць на канцэртах і фальклорных фэстах. Як такое магло атрымацца?
— Аж да сярэдзіны XX стагоддзя беларуская дуда была самым распаўсюджаным інструментам і актыўна выкарыстоўвалася ў беларускай народнай музыцы, падчас танцавальных вечарын, на кірмашах і розных святах. Беларускія дуды трапілі ў музей музычнай культуры імя
М. Глінкі, у сховішчы і этнаграфічныя ўстановы Вільні, Масквы і Санкт-Пецярбурга.
У 30-х гадах у савецкіх рэспубліках для кожнага народа вызначаўся самы традыцыйны інструмент. У Беларусі ім стала дуда. Беларускія дудары прадстаўлялі сваю культуру на ўсесаюзных конкурсах.
У канцы 20-х — сярэдзіне 30-х гадоў супрацоўнікамі Усесаюзнага радыё былі зроблены гуказапісы беларускіх дудароў Хведара Стэся, Міколы Навіцкага і Сцяпана Шахаўца, якія выконвалі беларускія танцы і найгрышы. У 1925 годзе беларускіх дудароў па прапанове наркама культуры Луначарскага накіравалі на мастацкую выставу ў Парыж. Выступленне ансамбля беларускіх дудароў абудзіла за мяжой цікавасць да беларускага інструментальнага мастацтва — кансерваторыя італьянскага горада Пізары нават звярнулася ў Інбелкульт з просьбай даслаць для мясцовага музея старадаўнія беларускія інструменты. На міжнароднай музычнай выставе, якая праходзіла ў 1927 годзе ў Франкфурце-на-Майне, дэманстравалася і калекцыя беларускіх інструментаў, сярод якіх і дуда. Дапоўніла калекцыю карціна “Дудар”.  
Але ўжо ў даваенны час на змену дудзе прыйшлі цымбалы і гармонік. У другой палове XX стагоддзя дуды сталі актыўна адцясняцца з музычнай сферы ў этнаграфічную і музейную.
На шчасце, з 70-х гадоў паступова пачалося адраджэнне гэтага інструмента. Майстры сталі вырабляць дуды паводле старых музейных экспанатаў, фальклорныя калектывы пачалі ўключаць іх у свой інструментарый. З канца 80-х гадоў гэты рух пашырыўся. У 2007 годзе прайшла першая міжнародная канферэнцыя “Традыцыя і захаванне дударскай музыкі на Беларусі”, дуду пачалі вывучаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры, расце колькасць мастроў і музыкаў, якія прысвячаюць сваю дзейнасць гэтаму інструменту. Быў створаны “Беларускі дударскі клуб” і “Дударскае брацтва Св. Васіля”. Рыхтуецца да выдання першы нумар альманаха “Dudar”.
З 1992 года ў Мінску праводзіцца міжнародны “Дударскі фэст” (з 2006-га — штогадовы). Гэта адзінае мерапрыемства ва ўсходняй Еўропе, прысвечанае дудзе.
Цікавая акалічнасць: традыцыйна лічыцца, што дуда — гэта мужчынскі інструмент. Але на “Дударскім фэсце” ўсё часцей з дудамі выступаюць жанчыны.
— Ці ёсць у нас майстры, якія займаюцца вырабам гэтага старадаўняга інструмента?
— Так, і Гомель тут не выключэнне. У канцы 90-х гадоў у Гомелі працаваў майстар Сяржук Вінаградаў, тады ж першую (і на жаль апошнюю) сваю дуду ў Гомелі зрабіў Дзяніс Міхасёў. Дарэчы, беларускія майстры вырабляюць таксама інструменты іншых традыцый — шведскую sakspipa і нямецкі dudelzak.
Адзначу, што сёння самая старая беларуская дуда (1877 г.) захоўваецца ў Лепельскім музеі, і ўсе сучасныя майстры робяць дуды па яе ўзоры.
— Ці можа, на твой погляд, беларуская дуда заняць вартае месца ў сучаснай рок-культуры?
— Беларускія дуды зараз пачынаюць гучаць у музыцы самых розных стыляў — ад фольк-джаза да цяжкага року і сімфанічнага авангарда. Цяперашні час цікавы тым, што дуда выкарыстоўваецца гуртамі, якія іграюць самую разнастайную музыку: гэта і сярэднявечная, і постфальклорная, беларуская дуда гучыць нават у рок-гуртах. Паказальнымі тут з’яўляюцца імітацыі дуды на гітары славутага гомельскага гурта Gods Tower і актыўнае выкарыстанне беларускай дуды ў мінскіх рок-гуртах “Зніч” і “Нейро дзюбель”.
На “Дударскіх фэстах” у 2007 і 2008 гадах вельмі ўдала выступіў гурт фольк-металовага накірунку “ЛітвінТроль”, у музыцы якога беларускім дудам адводзіцца роля сольных інструментаў. У выніку атрымліваецца досыць арыгінальнае спалучэнне, якое выклікала вялікую цікавасць сярод прыхільнікаў экстрымальных музычных кірункаў.
— Што ты параіш жадаючым спасцігнуць мастацтва грання на дудзе?
— Прыехаць хаця б на адзін “Дударскі фэст”, пазнаёміцца з музыкамі і майстрамі, паразмаўляць, параіцца і нават паспрабаваць упершыню пайграць на гэтым інструменце. Незабыўныя эмоцыі гарантую!
— І апошняе пытанне. Раскажы, чым цябе асабіста зацікавіла дуда?
— Інтанацыяй гучання, у якой адчуваецца само дыханне нашай старадаўняй зямлі і яе славутай гісторыі.
Інтэрв’ю ўзяў Алег Белавусаў

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей