Ой, ідзі ж, страла, у канец сяла

  • 1976
  • 00:00
  • 07.06.2008
Поделиться
Абрад “Пахаванне стралы”, які са старадаўніх часоў існуе на Веткаўшчыне, заўжды прыцягваў увагу этнографаў і фалькларыстаў з усяго свету. Мясцовыя жыхары часам называюць яго “Ушэсцем”, бо гэтае язычніцкае свята супадае з хрысціянскім святам Ушэсця. Маляўнічае дзейства “ваджэнне стралы” заключае веснавы цыкл пэўных абрадаў і ўвасабляе спрадвечны народны клопат аб багатым ураджаі, аб тым, каб не хварэць, каб доўгім і заможным было жыццё ўсяго роду.
Сёлетняе свята “стралы” ў вёсцы Стаўбун сабрала, як і заўжды, шмат народу: мясцовых жыхароў, работнікаў Веткаўскага краязнаўчага музея і гасцей з Масквы — энтузіястаў-этнографаў, удзельнікаў самадзейнага ансамбля “Народнае свята”. Менавіта расіяне на чале са старэнькімі стаўбунскімі бабулькамі і былі завадатарамі і асноўнымі выканаўцамі старадаўняга абраду.
Спачатку жанчыны (мужчыны ў гэтым абрадзе не ўдзельнiчаюць) збіраюцца ў карагоды на сваёй вуліцы, спяваюць. Затым, падзяліўшыся на роўныя шарэнгі, накіроўваюцца ў цэнтр вёскі, дзе і ўтвараюць вялікі карагод са “стрэльнымі” спевамі. Пасля ўсе рухаюцца за вёску да жытнёвага поля. “Пайшоў Бог на нябёсы, пацягнуў жыта за калосы”, — спяваюць жанчыны з надзеяй на добры ўраджай і спрыяльнае надвор’е. І вось кульмінацыя дзейства: пахаванне стралы. Удзельніцы абраду iдуць у жыта, дзе рассыпаюцца паасобку і кожная закопвае ў зямлю сваю рэч — манетку, заколку, пярсцёнак: “Ляжы, мая страла, да таго года, каб жывы былі ўсе і здаровы”. Ці загадвае нейкае асабістае жаданне. Потым жанчыны зычаць адна адной: “Як прайшла страла ўздоўж сяла, так каб прайшлі гора і бяда міма нас”, — зрываюць па некалькі каласкоў і ідуць дадому.
Гэты прыгожы абрад прымушае задумацца аб вечным у жыццi чалавека, яго зямных клопатах і справах, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Гэта яскравы сведка любові стаўбунцаў да сваёй зямлі, да яе гісторыі, звычаяў і паданняў.

Аксана Сямёнава


Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей