Унікальныя знаходкі ў Юравічах

  • 2338
  • 11:17
  • 24.01.2008
Поделиться
Упершыню на тэрыторыі Гомельскай вобласці ў пахаваннях другой паловы 18-га стагоддзя знойдзены два слуцкія паясы — прадметы, якія традыцыйна лічацца адным з сімвалаў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Ужо некалькі сезонаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна працуе археалагічная экспедыцыя Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі пад кіраўніцтвам А. В. Іова. Другі год ім актыўна дапамагаюць валанцёры з Гомеля, студэнты БелДУТа. Асноўныя работы ў гэтым годзе праводзіліся на раннесярэднявечным гарадзішчы, а гомельскім удзельнікам экспедыцыі дасталіся працы на тэрыторыі былога езуіцкага кляштара — помніка эпохі барока. І менавіта тут былі знойдзены самыя важныя знаходкі гэтага археалагічнага сезона — два слуцкія паясы 18-га стагоддзя. Старажытныя Юравічы чарговы раз прыадчыняюць свае таямніцы...
Што такое “слуцкія паясы”? Памятаеце ў вершы Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”: “... і тчэ, забыўшыся, рука замест персідскага ўзору цвяток радзімы васілька”? Дык вось, менавіта на тых самых паясах слуцкія майстры (а ткачамі ў Слуцку былі толькі мужчыны!) і ткалі свае васількі. І два менавіта такія паясы, толькі без васількоў, былі знойдзены ў Юравічах.
Тыпавы слуцкі пояс уяўляе сабой тканіну даўжынёй каля 3 — 4 метраў і шырынёй каля 30 — 40 сантыметраў. Гэтая тканіна складалася ўздоўж у два-тры слаі і ў некалькі разоў абматвалася вакол тулава. Такім чынам шляхцічы падпяразвалі сваё традыцыйнае верхняе адзенне — кунтушы і жупаны. Малюнкі на паясах выконваліся двухбаковымі, напрыклад, на адным са знойдзеных у Юравічах — раслінныя арнаменты. На адным баку жоўта-чорныя, а на адваротным адпаведна супрацьлеглыя — чорна-жоўтыя.
Слуцкія паясы былі вельмі папулярнымі ў шляхты Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, з’яўляючыся неад’емнай часткай мужчынскага шляхецкага касцюма, выразнай яго адметнасцю, прыкметай сацыяльнага і маёмаснага статуса. Нават самы заможны селянін ці ме-шчанін не меў права насіць такія. Каштаваў пояс вельмі дорага — вядомы апісанні дарагіх паясоў з залатымі і срэбнымі ніткамі, якія каштавалі да 1000 злотых (гэта прыблізна гадавы заробак афіцэра войск ВКЛ). Слуцкія паясы мелі высокі мастацкі ўзровень, таму пазней у Польшы, Украіне і Францыі пачалі выпускаць паясы — падробкі пад слуцкія.
Наколькі важная знаходка ў Юра-вічах, мяркуйце самі — у сучаснай Беларусі захавалася менш дзесяці такіх паясоў, пры гэтым большасць з іх фрагментарныя. А ў Юравічах былі знойдзены адразу два такіх.
Паясы, на жаль, былі моцна пашкоджаны ў час земляных работ яшчэ да раскопак, таму археолагам давялося толькі перабіраць разарваныя шматкі, перамешаныя з чалавечымі косткамі. Самыя вялікія ўцалелыя фрагменты мелі каля 30 — 50 сантыметраў даўжынi, таму ўвогуле нават правільней будзе казаць пра два асобныя фрагментаваныя паясы.
Частка аднаго з паясоў была знойдзена ў пахаванні мужчыны, які меў высокі сацыяльны статус. Гэта, верагодна, быў адзін з уплывовых прадстаўнікоў мясцовай шляхты. Акрамя дарагога пояса, на гэта ўказваюць і іншыя факты. У першую чаргу тое месца, дзе быў пахаваны памерлы — прама перад уваходам у храм. На высокі статус мужчыны таксама ўказвалі дастаткова вялікая глыбіня пахавання (каля двух метраў), рэшткі скуранога абутку і якасна зробленая труна з вялікімі металічнымі ручкамі.
Ганаровае месца пахавання сведчыць аб вялікім асабістым укладзе гэтага чалавека ў кляштар (верагодна грашовым). А тое, што ён быў пахаваны практычна пад прыступкамі храма, на ўваходзе ў яго, і амаль кожны наведвальнік храма праходзіў па яго магіле, сведчыць і аб яго пасмяротным жаданні ў літаральным сэнсе “зліцца” з падмуркам храма, стаць яго неад’емнай часткай — усё ўказвае на вялікую веру і набожнасць гэтага чалавека.
Фрагменты другога пояса былі знойдзены ўнутры храма разам з перамешанымі касцямі з некалькіх пахаванняў. Нават сабраныя разам фрагменты гэтага пояса складаюць не больш за адну трэць ад першапачатковай даўжыні. На жаль, з-за вялікіх пашкоджанняў знаходкі нельга больш дакладна сказаць аб тым, хто быў падпяразаны тым поясам.
З гісторыі Мазырскага павета вядомы прозвішчы некалькіх шляхцічаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё каталіцтва ў Цэнтральным Палессі — Аскеркі, Горваты і іншыя. З вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што гэта былі прадстаўнікі менавіта гэтых родаў. Але пакуль гэта ўсё толькі версіі...
Атрымаць знаходкі ці “хаця б кавалачак” ужо выказалі пажаданні некалькі сталічных музеяў, пры гэтым некаторыя з іх гатовы выставіць знаходкі адразу ў экспазіцыю. Але ўсе знойдзеныя тканіны былі перададзены для вывучэння і рэстаўрацыі спецыялістам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, як найбольш кампетэнтным у дадзенай сферы. Гэты музей мае сваю невялікую калекцыю слуцкіх паясоў, а спецыяліст музея па старажытным тканінам І. М.
Скварцова (на фота) (яна ў свой час абараніла кандыдацкую дысертацыю па слуцкім паясам) правяла мастацт-вазнаўчую атрыбутацыю знаходак. Хоць яны былі зроблены яшчэ напрыканцы лета, але канчатковае экспертнае заключэнне атрымана толькі зараз — для гэтага Ірыне Мікалаеўне з пэўнымі пытаннямі прыйшлося нават звяртацца да польскіх калег.
У выніку праведзенай экспертызы высветлена, што адна са знаходак адносіцца да тыпу ранніх слуцкіх паясоў, якія вырабляліся ў 1760-х гадах. Другі шаўковы паяс меў малюнак, выкананы тонкімі срэбнымі ніткамі, заканчваўся дзвюма выявамі кветак і бахрамой. Мяркуючы па ўсяму, ён з’яўляецца прывазным канстанцінопальскім — аналагічным слуцкаму, толькі вырабленым у Канстанцінопалі (сучасны г. Стамбул у Турцыі) спецыяльна для патрэб шляхты Рэчы Паспалітай. Калі гэтая версія пацвердзіцца, дык знойдзены ў Юравічах канстанцінопальскі пояс будзе адзіным вядомым у сённяшняй Беларусі.
На жаль, перадаць унікальныя знаходкі аднаму з мясцовых краязнаўчых музеяў не ўяўляецца магчымым — ні мазырскі, ні калінкавіцкі музеі, тым больш школьны юравіцкі музей, не маюць неабходных умоў для захавання старажытных тканін (якія праляжалі ў зямлі больш за 200 гадоў), а таксама аплаты працы спецыялістаў-рэстаўратараў. А для гісторыі і культуры Беларусі важна захаваць спарахнелыя тканіны.
Таму застаецца толькі спадзявацца, што ў будучым, пры наяўнасці адпаведных тэхнічных умоў, юравіцкія паясы ўсё ж такі вернуцца бліжэй да месца сваёй знаходкі. Перакананы, што гэтаму магло б паспрыяць стварэнне ў адным з раённых музеяў экспазіцыі, прысвечанай побыту шляхты Мазырскага павета.
Асобную падзяку хочацца сказаць студэнтам БелДУТа, удзельні-кам студэнцкага гуртка па вывучэнню гісторыі архітэктуры, які дзейні-чае пры кафедры “Архітэктура прамысловых і грамадзянскіх збудаванняў” — А. Дзяругінай, Н. Гулевіч, А. Шаўчэнка, К. Карніенка, А. Саўляку, студэнтам-першакурснікам тэхнічнага універсітэта В. Ганчарову і А. Родзіну. Дзякуючы іх добраахвотнай працы ў якасці валанцёраў у час археалагічных раскопак і былі зроблены гэтыя ўнікальныя знаходкі.
Яўген МАЛІКАЎ,
гісторык,
кіраўнік гомельскай групы, якая ўдзельнічала
ў гэтых раскопках

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей