“Факт — вялікая справа”

  • 1282
  • 11:17
  • 24.01.2008
Поделиться
Марцін Полак лічыць сябе незалежным журналістам і перакладчыкам, шмат ездзіць па свеце ў рамках міжнароднага праекта “Людзі і кнігі”, ініцыятарамі якога з’яўляюцца пасольства Германіі і шэраг нямецкіх фондаў.

Марцін ахвотна ўдзельнічае ў акцыях па падтрымцы бібліятэк Усходняй Еўропы кніжнымі калекцыямі. ”Толькі наша бібліятэка атрымала літаратуры на нямецкай мове на 15 тысяч еўра, — паведаміла дырэктар абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна Валянціна Дуброва. — Дзякуючы праекту мы значна папоўніліся слоўнікамі, рознай даведачнай літаратурай. Для нас гэта вельмі важна, бо новыя паступленні заканчваліся 50 — 60 гадамі мінулага стагоддзя.”
Спадар Полак у другі раз наведаў Гомельшчыну, пажадаў сустрэцца ў аддзеле літаратуры на замежных мовах “ленінкі” з членамі абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Ён крыху размаўляе на рускай мове, але цудоўна ведае польскую: у 90-х быў карэспандэнтам часопіса “Шпігель” у Вене і Варшаве, сябраваў з польскім пісьменнікам Рышардам Капусцінскім, ураджэнцам Пінска. Не так даўно Полак пісаў рэпартажы з вайны ў Югаславіі.
— Гэта быў мой выбар — прыехаць у Беларусь, у Гомель, — дзеліцца пісьменнік. — Я наўмысна выбраў правінцыю (прабачце за такое параўнанне). Правінцыя, яе людзі мяне найбольш цікавяць. Вельмі спадабаўся ваш горад. Тут ёсць свая атмасфера. Я мала ведаю беларускую літаратуру. І ўкраінскую чытаў напачатку на польскай мове. Але сёння ўжо можна сказаць, што ў нас ёсць мода на ўкраінскую літаратуру. І мы жадаем, каб тое ж самае было і з беларускай кнігай.
Дарэчы, і кнігі М. Полака цікава было б пачытаць у перакладзе на беларускую ці рускую мову, хаця б “У мёртвым бункеры”, у якой ён піша пра свайго бацьку, афіцэра СС. “Я ставіў задачу расказаць пра лёс сваёй сям’і. Гэта кніга — своеасаблівае абвінавачванне нацыянал-сацыялізму”, — падкрэсліў аўтар. А апавядаючы пра сваё наведванне Хатыні, Марцін зазначыў, што найбольш яго кранулі не самі помнікі, а лёсы канкрэтных людзей.
Яго кнігі аднолькава папулярныя ў Аўстрыі, Германіі, Швейцарыі, бо сёння гэта адзіны нямецкамоўны рынак. Нягледзячы на свае 63 гады, Марцін Полак поўны творчых задум і планаў. Зараз ён працуе над новай кнігай пра эміграцыю 1919 года.
“Патрэбна мець жыццёвы вопыт, каб пісаць добрыя кнігі... Факт — вялікая справа”, — так адказаў пісьменнік на пытанне творцаў пра сакрэты майстэрства. А яшчэ падзяліўся даўнім захапленнем — вырошчваннем гародніны. Нават у Гомелі знайшоў час, каб прыдбаць насенне для свайго агарода.
На памяць пра сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі Марцін Полак атрымаў пейзаж, напісаны Генадзем Говарам.
Тамара КРУЧЭНКА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей