Выява ў камяні

  • 1847
  • 11:17
  • 24.01.2008
Поделиться
У кожным камяні тоіцца выява. Трэба толькі, каб скульптар гэта заўважыў і дапамог ёй пазбавіцца ад усяго лішняга. Аднак зноў і зноў здзіўляюся, разглядваючы тое, што стала вынікам чарговага рэспубліканскага пленэра. Месяц таму гэта былі ўвогуле звычайныя вялізныя камяні, сабраныя з лясных палян, узбочын дарог, берагоў Бярэзіны і палёў. Дзякуючы таленавітым творцам яны выявілі сваю патаемную сутнасць.
Эдуард Астаф’еў — даўні прыхільнік усяго, што датычыцца беларускай старажытнасці. Нагадаем, што яго помнік Францыску Скарыне ўпрыгожвае Прагу, што яго “Памятны камень”, устаноўлены ў нашым горадзе ля гісторыка-края-знаўчага музея, увасобіў не толькі Вітаўта Вялікага, Усяслава Чарадзея, Ефрасінню Полацкую, але і Шацілу, які ўжо стаў бронзавым помнікам, тым самым сцвярджаючы: Светлагорск — бясспрэчны пераемнік вострава Шацілінскага, Шацілавічаў, Шацілак.
І вось пленэрны працяг гэтай гістарычнай тэмы. Эдуард Барысавіч рэльефна выявіў на вялізным камяні аднаго з ваяроў, які ў часы таго ж Шацілы абараняў родную зямлю. Скульптурная кампазіцыя так і называецца — “Волат шацілінскі”. Ваяр нібыта выходзіць да нас з глыбіні стагоддзяў ва ўсіх сваіх даспехах. Ён трымае меч і шчыт, на якім нечакана заўважаем герб сучаснага Светлагорска... Сімвал пераемнасці больш чым красамоўны. А за спінай волата праступаюць абрысы Вострава Шацілінскага.
— Новая скульптурная кампазіцыя — натуральны працяг таго, што зроблена мной у Светлагорску і для Светлагорска — горада, які стаў мне вельмі блізкім, — гаворыць Эдуард Барысавіч. — Спадзяюся, што яна будзе ўстаноўлена непадалёку ад помніка Шацілу.
— Я шчыра парадаваўся поспеху свайго сябра, — уступае ў размову Валерый Казлоўскі. — Ён і мне шмат чаго карыснага параіў, дапамог з мноства эскізаў выбраць адзіна магчымы.
Ды і потым спрыяў яго ўвасабленню.
Гэты гомельскі скульптар стаў аўтарам надзвычай цікавага пленэрнага твора. Цалкам улічыў магчымасці самога каменя, які тоіць у сабе шматлікія каляровыя адценні. Адсюль і памкненне выявіць у ім паў-ліна. Выразна акцэнтаванае вока прыгожай птушкі, ажурнасць апярэння, у якім вельмі натуральна спалучаюцца зеленаватыя, ахрыстыя, цёмна-карычневыя і цёмна-зялёныя колеры... Паўлінавы хвост надае авальную форму ўсёй скульптурнай кампазіцыі. А яшчэ агульны сонечны настрой пераклікаецца з сонечным гербам горада.
Светлагорац Аляксандр Камардзін лічыць, што яго “Глыба” ўвасабляе нешта вельмі істотнае для Беларусі. Гэтак жа як бусел. Быццам бы з глыбіні вялізнага каменя магутным разваротам праступае галава белавежскага волата.
Загадкавы сюжэт выбраў для свайго твора магілёўскі скульптар Карней Аляксееў. Яго “Казачнае вандраванне” ўносіць дзяўчынку ў дзівосную краіну, дзе ўсе мары стануць рэчаіснасцю. Уладзімір Конанаў — таксама магіляўчанін. Яго “Паэт” — гэта небажыхар з завостраным для пісьма птушыным пяром у руцэ, які ўжо знаходзіцца, мабыць, на парнасскім узвышшы.
Неўзабаве ўсе гэтыя творы будуць упрыгожваць вуліцы, паркі
і мікрараёны Светлагорска.
Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей