Трапеча ветразь...

  • 2453
  • 11:16
  • 24.01.2008
Поделиться
Гэтая невялікая кніжачка (выдавецтва “Калор” (Мазыр), рэдактар У. Гаўрыловіч) увабрала столькі яркіх пачуццяў, непадробнай шчырасці і хвалюючай споведзі, што іх, бадай, хапіла б не на адзін зборнік. Пранізліва, пяшчотна, усхвалявана піша Тамара Кручэнка аб дарагіх яе сэрцу людзях, аб трывогах, якія напаўняюць душу, аб тым, што ёсць і заўсёды застанецца першаасновай жыцця. Чалавек шчыры, нераўнадушны, паэтка не магла назваць сваю кнігу інакш, як “Край бацькоўскі”. Закаханая ў родны край, свой “кут радзінны”, у “дзівасіл Беларусі — бацькоўскую мову”, яна прызнаецца ў гэтым амаль ці не ў кожным сваім вершы:
Адчула раптам: змоўкну, задыхнуся,
Калі сваёй радзімы не пабачу...
...Там дыхаецца вольна, на ўсе грудзі,
Вышэй і неба восеньскага хмары...
Гэтыя радкі — не толькі аб нарачанскай зямлі, дзе нарадзілася паэтка. Яны адначасова і аб усёй нашай Беларусі, дзе “гарлачыкі свецяць, бы сонцы”, дзе “дыяментамі росы на жолабах траў, завушніцы бярозак, каралі з ігліцы...” У гэтым малюнку, несумненна, кожны ўбачыць свой запаведны куточак, які носіць у сэрцы з самага маленства.
Надзвычай светлыя вершы прысвечаны самым блізкім людзям: бацьку-франтавіку і маці, Алене Рыгораўне, якіх ужо няма на свеце.
Няўжо прыйшла расстанняў паласа,
І горкі сум душу маю атуліць?
Не адыходзь, наперадзе вясна...
Так пуста ў свеце без цябе, матуля...
Прысвячэнням адведзены цэлы раздзел кніжкі. Тут вершы памяці Максіма Танка і Анатоля Грачанікава. Цёплыя словы пра Міколу Мятліцкага і яго родны Бабчын. Радкі, прысвечаныя старажытнаму Лоеву, і калыханка для маленькага ўнучка...
Вельмі ўдаецца аўтару інтымная лірыка.
Дрыготкае полымя свечкі,
Зіхоткія нашы цені...
Здалося мне: я, ты і вечнасць
І больш ніякіх адценняў.
Або:
Не хавай свае вочы,
Не хавай, я прашу,
Ў адзінотныя ночы
Зазірні у душу...
У адным з вершаў ёсць такія радкі:
Іду к табе па вастрыі ляза,
І боль твой нервам адчуваю кожным.
Сапраўдны паэт заўсёды ходзіць у нейкім сэнсе па вастрыі ляза. І боль другога чалавека адчувае кожным нервам. Тамара Кручэнка пацвярджае гэта ў сваіх вершах.
Добрая кніжка атрымалася ў аўтара. Добрая ў двух сэнсах: па-першае, вершы сапраўды якасныя, па-другое, яны нясуць добрую энергетыку, нават тыя, у якіх шмат смутку. Нягледзячы ні на што, яны жыццясцвярджальныя. Ды і хіба можа быць інакш, “калі ў сэрцы — любоў, і ні кропелькі крыўды!”? Як піша Тамара Кручэнка, “яшчэ жыты нашы не зжаты, ліпень шчодры на суніцы”. Трапеча ветразь на прасторы жыцця. Несумненна, наперадзе ў яе шмат новых вершаў і — спадзяемся — яшчэ не адзін паэтычны зборнік.
Ніна ЗЛЫДЗЕНКА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей