Гучала над Чачорай музыка Агінскага

  • 1701
  • 11:16
  • 24.01.2008
Поделиться
Што і казаць, пашанцавала мне ў той дзень, як ніколі.
Па-першае, карэнная чачаранка, упершыню пабывала я ў адрэстаўрыраванай гарадской ратушы — памятніку XVIII стагоддзя. Па-другое, пазнаёмілася са знакамітым у пісьменніцкім асяроддзі чалавекам — Мікалаем Чаргінцом. і, па-трэцяе, з захапленнем слухала чароўныя гукі нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міхаіла Фінберга.
А адбывалася гэта ўсё ў Чачэрску ў рамках праекта “Чачэрскія сустрэчы”, ладзілі які Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, аблвыканкам, Чачэрскі райвыканкам, Гомельская абласная філармонія і Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста прафесара Міхаіла Фінберга. Менавіта ў гарадской ратушы адбыўся дыялог парламентарыяў Беларусі з актывам Чачэрскага раёна, у якім прынялі ўдзел члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, абласнога, раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў.
А затым было свята чароўнай музыкі ў выкананні камерных калектываў аркестра Фінберга і любімых ўсімі напеваў дуэта “Аляксандра і Канстанцін”. Аркестрам было падрыхтавана дзве праграмы: “Музычнае мастацтва роднай Беларусі: на скрыжаваннях стыляў і эпох” і “Міхал Клеафас Агінскі — сусветная велічыня”.
— Свята беларускай музыкі ў Чачэрску — яшчэ адно пацвярджэнне нязменнасці крэда заслужанага калектыву аркестра. Канцэрты ў Гомелі, Тураве, а зараз у Чачэрску вызначаюць высокую грамадзянскую пазіцыю кіраўніка аркестра ў справе адраджэння нацыянальнай музыкі, — зазначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Якабсон.
— У айчыннай мастацкай спадчыне ёсць асобы, што з’яўляюцца сімваламі ўзнаўлення мастацкага мінулага. Да іх адносіцца Міхал Клеафас Агінскі, які заўсёды лічыў Беларусь радзімай сваіх продкаў, змагаўся за яе і менавіта з ёй звязаў самыя плённыя гады свайго творчага жыцця. У старажытным беларускім горадзе Чачэрску, дзе захоўваецца памяць аб мінулым і доўжацца лепшыя традыцыі бацькоў, дзе на мяжы xviii i xix стагоддзяў існавалi прыдворны тэатр і шыкоўны аркестр графа З. Г. Чарнышова, узнаўленне музычнай спадчыны тых часоў падаецца вельмі надзённым, — зазначыла доктар мастацтвазнаўства, навуковы каментатар музычнай праграмы свята Вольга Дадзіёмава.
Па прызнанню прафесара Фінберга, да гэтай выдатнай імпрэзы аркестр рыхтаваўся амаль год. І не прыехаць сюды было нельга. Бо на Чачэршчыне жывуць выдатныя людзі — добрыя, таленавітыя. А якія тут гістарычныя мясціны! такіх свят на Беларусі на працягу 13 гадоў аркестрам было ўжо наладжана больш за 60. Дагэтуль чароўную музыку слухалі ў Нясвіжы, Мсціслаўлі, Тураве, Заслаўлі, Міры, Навагрудку, Стоўбцах — у маленькіх гарадках, дзе паважаюць і разумеюць мастацтва. Дарэчы, адзін з накірункаў дзейнасці аркестра — менавіта выступленні ў малых гарадах, вёсках і аграгарадках.
“Аркестр, які заўжды свята” — так можна сказаць пра калектыў, на сустрэчы з якім давялося перажыць моманты ўзрушэння і радасці, гордасці і шчырай удзячнасці.
Валянціна ШЛЫКАВА


Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей