Тураў у палоне музыкі

  • 1838
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться

Свой 20 канцэртны сезон распачаў Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны прафесара Міхаіла Фінберга. І адразу — фестывалем камернай і духоўнай музыкі “Тураў-2006”. З ініцыятывай працягнуць добрую традыцыю, закладзеную мінулагоднім музычным фэстам, прысвечаным 1000-годдзю Тураўскай епархіі і 1025-годдзю Турава, выступіў непасрэдна сам маэстра, а падтрымалі добры пачатак Гомельскі аблвыканкам, Жыткавіцкі райвыканкам, Тураўскі гарвыканкам і абласная філармонія. І вось 3 верасня ў другі раз музычнае свята, наладжанае адным з лепшых гранд-аркестраў Еўропы, прайшло на Жыткаўшчыне.
— Выхаванне свайго слухача, які любіць і ведае беларускую зямлю, яе культуру, мастацтва, — адзначыў на прэс-канферэнцыі ў Тураўскім гарвыканкаме Міхаіл Фінберг, — галоўная мэта фестываляў, якія праходзяць у малых гарадах Беларусі.
Крэда свайго калектыву маэстра Фінберг вызначыў яшчэ два дзесяцігоддзі таму, і ніколі аркестр не здраджваў яму: прапаганда і папулярызацыя беларускай нацыянальнай музыкі і песні, музычнай спадчыны нашых продкаў. Аркестр стварае праграмы, прысвечаныя музыцы вядомых, але забытых у апошні час беларускіх кампазітараў.
Па словах Міхаіла Фінберга, сёлетні канцэртны сезон будзе багаты на сустрэчы з простымі людзьмі ва ўсіх куточках Беларусі. Ужо 15 — 16 верасня адбудзецца пяты беларускі фестываль камернай музыкі імя народнага артыста Беларусі Мікалая Чуркіна “Мсціслаў-2006”, у кастрычніку — новы фестываль у Стоўбцах “Міншчына спявае з аркестрам”. Студзень — час джазавага фестывалю і конкурсу маладых выканаўцаў ў Маладзечне, а сваё 20-годдзе ў лютым наступнага года аркестр адзначыць незвычайнай праграмай-падарункам усім сваім прыхільнікам — “Тыдзень аркестра ў Белдзярж-філармоніі”, куды ўвойдзе ўсё лепшае, што створана за два дзесяткі гадоў працы.
Начальнік упраўлення культуры аблвыканкама А. К. Прусаў і намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама У. М. Гулюта выказалі словы ўдзячнасці кіраўніку аркестра, падзякавалі за ўвагу да нашага рэгіёна, павіншавалі з пачаткам юбілейнага канцэртнага сезона.
Фестывальны дзень у Тураве ж распачаўся з майстар-класаў, лекцый па гісторыі беларускай музыкі і ўрокаў прафарыентацыі для выхаванцаў дзіцячых школ мастацтваў Жыткавічаў і Турава, якія правялі прафесары Мікалай Волкаў, заслужаныя артысты Беларусі Барыс Нічкоў і Генадзь Забара, доктар мастацтвазнаўства, дацэнты Вольга Дадзіёмава, Ніна Аўраменка і іншыя.
Адметнасць сёлетняга фестывалю — мастацкая выстава работ навучэнцаў Гомельскага мастацкага вучылішча “Маляўнічыя краявіды маёй Бацькаўшчыны” і адкрыты ўрок малюнка, які правёў для юных тураўлян член саюза мастакоў Беларусі Веніямін Маршак. Адбылося таксама вылучэнне на мастацкую выстаўку лепшых работ навучэнцаў класа жывапісу.
Удзельнікаў фестывалю віталі намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта П. А. Кірычэнка, старшыня Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта П. М. Савіцкі, епіскап Турава-Мазырскай епархіі Стэфан.
“Скарбы беларускай музычнай спадчыны” — так называлася галоўная музычная праграма фестывалю, якая паказана камернымі калектывамі аркестра ў гарадскім Доме культуры Турава.
Канцэрты прайшлі літаральна на адным дыханні, пры перапоўненай зале. Прымаючы ж віншаванні з удалай праграмай, маэстра Фінберг адзначыў, што авацыі пасля кожнага выступлення сведчаць, што паяднанне ў сучаснай мастацкай прасторы здабыткаў розных эпох, ажыўшыя гукі сімвалізуюць непарыўнасць гістарычнага часу і кранулі сэрцы палешукоў. Фестываль запатрабаваны. І дадаў: “Старажытны Тураў, калыска беларускай духоўнасці, і сёння бярэ на сябе місію аднаго з цэнтраў высокіх культурных традыцый. Таму і чарговаму фестывалю камернай і духоўнай музыкі “Тураў-2007” быць!”.
У. Мікалаеў

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей