Рэжысёр незвычайнага тэатра

  • 1872
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
Як рэжысёры-творцы мы сустрэліся з Валерыем Івановым гадоў дваццаць таму назад, калі разам ладзілі рэспубліканскае тэатралізаванае свята “Горад майстроў”, якое праходзіла ў Гомелі. У нас склалася цёплае творчае паразуменне, падкупляў ён мяне сваёй сціпласцю і беларускасцю. Затым, трапіўшы да яго на рэпетыцыю, не пераставаў здзіўляцца, як ён знаходзіў тонкае разуменне з людзьмі, якія пазбаўлены слыху і мовы, і прытым яшчэ рыхтаваць з імі спектаклі. Валерый Іваноў — рэжысёр народна-
га тэатра мімікі і жэсту Гомельскага пала-
ца культуры унітарнага прадпрыемства
“Віпра”.
Так, ён здолеў авалодаць складанасцю разумення і творча працаваць з акцёрамі ў спецыфічным тэатры, які народжаны душой. Спачатку было цяжка, прыгадваў Валерый Нічыпаравіч. Але ён упарта засвойваў міміку, жэсты, псіхалогію людзей. Калі б ён не авалодаў усім гэтым, творчы працэс быў бы проста немагчымы. Праз перакладчыка рэжысёру значна цяжэй працаваць: пакуль праз яго данясеш задачу выканаўцам, яны “астываюць”. Таму так неабходна ведаць свое-асаблівую мову глуханямых для непасрэднага кантакту і разумення.
Валерый Іваноў нарадзіўся ў Магілёўскім раёне ў вёсцы Міхалева, але выхоўваўся ў дзіцячым доме на Бабруйшчыне. Настаўніца, якая выкладала хімію, была надзіва творчым чалавекам і пасеяла зярняткі тэатральнай творчасці ў душы свайго вучня. Менавіта яна вызначыла яго творчы лёс. Валерый паступіў у Магілёўскае культурна-асветнае вучылішча на тэатральнае аддзяленне. Педагогам быў вядомы рэжысёр Валянцін Іванавіч Ермаловіч, які выхаваў шмат тэатральных творцаў на Беларусі. Пасля заканчэння вучылішча першыя рэжысёрскія крокі Валерый рабіў у паселішчы Лыптуны, што на Віцебшчыне, паставіў купалаўскі твор, сцэнічны жарт “Прымакі”. Цяга да вучобы прывяла Валерыя ў беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на рэжысуру народных тэатраў. Па заканчэнню інстытута быў накіраваны у горад Беразіно рэжысёрам народнага тэатра. Паставіў неўміручую купалаўскую “Паўлінку”, спектакль па вадэвілях Чэхава. Цяжка было развітвацца маладому рэжысёру з Бярэзінскім народным тэатрам, але сямейныя абставіны перавесілі, і ён трапіў у Гомель.
І вось ужо на працягу дваццаці сямі гадоў рэжысёр Валерый Іваноў душой і сэрцам паяднаны са своеасаблівым тэатрам. Адзначу, што тэатр існаваў і дзейнічаў задоўга да прыходу Валерыя Нічыпаравіча. Іваноў жа аддае яму самы значны адрэзак свайго творчага жыцця. Сваю творчую дзейнасць у гэтым аматарскім тэатры рэжысёр распачаў спектаклем па апавяданню Купрына “Алеся”. Затым ажыццявіў яшчэ шэраг пастановак, сярод іх “Рускія людзі” Сіманава, “Іспанцы” Лермантава, “Дыхайце эканомна” Макаёнка, “Гора і Слава” Петрашкевіча, “Пунсовая кветачка” Аксакава, “Царэўна-лягушка” Мяшкова і іншыя. Была ў тэатра даволі-такі змястоўная біяграфія гастрольных падарожжаў: Рыга, Вільнюс, Талін, Алма-Ата, Душанбе, Кішынёў, Палтава, Адэса, Харкаў, Данецк, Днепрапятроўск, Кіеў і, безумоўна, шэраг гарадоў Беларусі.
Пры ўсёй станоўчай дзейнасці калектыву многія гледачы палохаюцца такога спецы-фічнага мастацтва. Яны вельмі часта проста не ідуць на прагляд драматычнага твора, хоць гэта адпавядае замежнаму тэатру з перакладчыкам. Калі ў дзеянні на сцэне прысутнічае дух чалавечы, імкненні, парыванні герояў, тады і мастацтва тэатра будзе зразумелым для нас на ўсіх мовах. Калі ж усё пералічанае адсутнічае, спектакль бу-
дзе нежыццёвым.
Па маіх назіраннях, адданасць тэатру Валерыя Іванова — відавочная. Перад рэпетыцыяй ён цікавіцца праблемамі і патрэбамі артыстаў, жыве іх болем і радасцямі. Таму людзі і цягнуцца да яго. Сваё творчае натхненне рэжысёр аддае дзеля іх развіцця і мастацкага самавыяўлення. У гэтых людзей — неадольная патрэба ігры, вялікая цяга да тэатральнасці і відовішчаў. Прыкметна тое, што яны на ўсе спектаклі ідуць цэлымі сем’ямі, вядуць знаёмых, і ў час дзеяння ніхто не пакіне залу. Яны радуюцца поспехам адзін аднаго, жывуць духоўна паўнавартасным жыццём. Тэатр мае свайго гледача. Калектыў неаднойчы з’яўляўся пераможцам абласных і рэспубліканскіх фестываляў, узнагароджваўся граматамі, дыпломамі.
Творчая палітра рэжысёра Валерыя Іванова будзе няпоўнай, калі засяродзім яго дзейнасць толькі на дадзеным спецыфічным тэатры. Шмат часу рэжысёр аддае і масавым тэатралізаваным прадстаўленням, і святам, асабліва тым, што з году ў год прахо-дзяць на тэрыторыі Чыгуначнага раёна г. Гомеля і сталі традыцыйнымі. Гэта Купальскае свята, Масленіца, фестываль харавога мастацтва “Пеўчае поле” і іншыя.
Дык няхай жа і надалей прадаўжаецца тэатральна-святочная творчасць Валерыя Іванова, знаходзячы свайго гледача і ўплываючы на яго сэрца і думкі.
Мікола МАКАРЦОЎ

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей