Экспрэсіянізм, імпрэсіянізм і рамкі a-la эпоха Адраджэння

  • 3133
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
Новая выстава адкрылася ў карціннай галерэі Г. Х. Вашчанкі. Увазе шматлікіх наведвальнікаў свае працы прадставілі Генадзь Тарскіх і Руслан Сяргееў. Абодва аўтары, нягледзячы на 25-гадовую розніцу ва ўзросце, у якасці ўлюбёнай абралі тэму прыроды. Ды і каго не ўразіць чароўнае хараство роднай Беларусі?
Шлях Г. Тарскіх да жывапісу, на першы погляд, можа падацца незвычайным альбо нават нелагічным — ён быў суднавым механікам на рэках Беларусі ды і зараз працуе ў порце. Аднак сам майстар так не лічыць і ніякіх неадпаведнасцяў не заўважае:
— Праца на рачным транспарце якраз вельмі творчая! Шмат ездзіш, шмат бачыш. Прачынаешся зранку, глядзіш, як сонейка ўстае, і ўспрымаеш усё зусім па-іншаму. Да таго ж, калі вандруеш па рацэ, то хуткасць невялікая і можна лепш разгледзець краявіды, чым калі імчышся ў аўтамабіле ці на цягніку.
І пейзажы Генадзя Тарскіх такія ж спакойныя, разважлівыя, дэталёвыя. “Восень, восень”, “Прагулка па парку”, “У туман”, “У паход-1”, “У паход-2”, “Эцюд” — глядзіш на гэтыя карціны і час быццам перапыняе сваё існаванне, душа напаўняецца нейкім салодкім адчуваннем унутранай раўнавагі.
— Такому майстэрству я навучыўся ў В. Ф. Казачэнкі — выдатнага беларускага мастака і педагога, — распавядае Г. Тарскіх. — Віктар Фёдаравіч паказаў мне амаль усё: як мыць пэн-дзаль, як выбіраць колер, як сканцэнтравацца на самых важных месцах.
Яшчэ адзін удзельнік выставы — малады мастак Руслан Сяргееў, а яму яшчэ толькі 25, працуе ў манеры, набліжанай да імпрэсіянізму. Ён кажа сам пра сябе, што калі б нехта з боку пабачыў, як ён малюе і якія пры гэтым робіць рухі, то, пэўна б, вельмі здзівіўся. А любімыя творцы Руслана — Леанарда да Вінчы і Клод Манэ:
— Гэтыя мастакі натхняюць мяне, даюць штуршок да творчасці. Глядзіш на іх працы, пераасэнсоўваеш і трансфармуеш у нешта сваё. Дарэчы, у дзяцінстве мяне натхнялі мульцікі. Я бачыў персанажаў па тэлевізары і хацеў іх намаляваць.
Вось такія раннія захапленні вы-ліліся ў сапраўдную творчасць. І сёлета ў Р. Сяргеева гэта ўжо чацвёртая выстава ў Гомелі. На яго карцінах невялікія кавалачкі роднай Беларусі, “скрадзеныя”, па прызнанню аўтара, на Браслаўскіх азёрах, у Гомелі і ў іншых маляўнічых месцах. А мяне зацікавілі яшчэ і незвычайныя рамы, створаныя з перавязаных галінак.
— Такі спосаб вырабу рамак адносіцца да часоў эпохі Адраджэння, — тлумачыць Руслан. — Я бачыў яго ў фільме і вырашыў прымяніць тут. Тагачасная тэхналогія з-за адсутнасці падрамнікаў была наступная: у палатне рабілі дзірачкі, праз іх працягвалі ніткі і з іх дапамогай прывязвалі палатно да драўляных палачак. Я зрабіў гэтак жа.
Словам, зараз у галерэі Г. Х. Вашчанкі зноў ёсць на што паглядзець: і на элементы экспрэсіянізму Г. Тарскіх, і на імпрэсіянізм Р. Сяргеева, і на рамкі a-la эпоха Адраджэння.
Наталля Старчанка

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей