Запрашаюць Аўцюкі!

  • 5870
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
21 — 22 ліпеня ў Калінкавіцкім раёне адбудзецца пяты Усебеларускі фестываль народнага гумару. Ён пачнецца ў пятніцу, а палове трэцяй, на раздарожжы паміж Малымі і Вялікімі Аўцюкамі.

Ужо пяты! Значыць, вясёлае свята на калінкавіцкай зямлі пусціла глыбокія карані. Гэтымі фестывалямі ўзняты той народны, фальклорны пласт культуры, які вельмі па душы кожнаму чалавеку. Нашы беларускія Каласок і Калінка моцна звязаліся сваім гумарам з балгарскімі габраўцамі, з жартаўлівымі адэсітамі, з дасціпным “армянскім радыё”. Каласок і Калінка так пасмялелі, што гатовы правесці Дзень гумару на “Славянскім базары”, замяніць на сцэне маскоўскіх “аншлагаўцаў” і выдаць сваё “Крывое люстэрка”.
А пакуль што аўцюкоўцы запрашаюць на сваё смяшлівае гульбішча. Толькі, цур, калі надумаецеся ехаць, то прыхапіце з сабой добры настрой і бярэма свежых жартаў, анекдотаў. На ўсіх дарогах, што вядуць у Калінкавіцкі раён, міліцыянеры стануць вясёлымі мытнікамі і будуць правяраць ваш гумар. Паколькі зараз год Сабакі, і фестываль пройдзе пад дэвізам “Брашы, ды меру знай...”
А пачнецца ён адкрыццём Міжнароднага аэрапорта “Аўцюкі”. Там зробіць пасадку самалёт з незвычайнымі пасажырамі. Усе творчыя калектывы правядуць конкурс на лепшыя прыпеўку і анекдот. А пасля ўсім вясёлым табарам мы пойдзем швэндацца па хатах і маёнтках Малых і Вялікіх Аўцюкоў. Журы вызначыць лепшую сядзібу, смачнейшыя прысмакі мясцовых гаспадынь, самую адмысловую будку для сабакі і самага вернага з “братоў меншых”. Вялікімі канцэртамі ў паселішчах краю закончыцца першы дзень свята. Пад спевы, жарты і прытанцоўкі ў неба ўзляціць грандыёзны феерверк.
Другі дзень фестывалю пройдзе ў Калінкавічах, якія на гэты час аб’яўляюцца прыгарадам вясёлых вёсак. І сцэнарый свята так скляпаны, што два дні ўсе мы будзем задзей-нічаны ў сватаўстве і вяселлі Каласка і Калінкі. Ён — з вёскі, яна — гараджанка.
Футбол паміж аўцюкоўскімі жанчынамі і мужчынамі, летні паказ мадэлей “Міленіум у Аўцюках”, мясцовы КВЗ “Гэта вам не Рыа-дэ-Жанейра”. За прызавыя месцы і дыпломы будуць змагацца лепшыя гумарысты — прадстаўнікі нацыянальных дыяспар рэспублікі. Запланаваны гумарыстычны трохбой паміж аўцюкоўцамі і жартаўнікамі з вёсак Спорава, што на Брэстчыне, і Дубіна, што ў Мінскай вобласці.
А на святочным кірмашы можна будзе паспрабаваць шчасце ў сельскагаспадарчай латарэі, набыць дыск і касету “Вясёлыя аўцюкоўцы”, кнігі гумару. Захочаце, на кані “Ліпскі” пакатаецеся!
Вяселле завершыцца на цэнтральнай плошчы ў Калінкавічах. Прынародна будуць уручаны шматлікія ўзнагароды і прызы. Адбудуцца грандыёзны гала-канцэрт і святочны салют. А пасля пачнецца начная дыскатэка на асфальце “Скачуць сёння да зары польку нават камары!”
Смех — дар Божы. Хай жыве народны гумар, хай дужэюць Аўцюкі!
Уладзімір ЛІПСКІ,
пісьменнік,
старшыня журы
Усебеларускага фестывалю народнага гумару, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, ганаровы грамадзянін
Калінкавіцкага раёна
* * *
— Зараз у самым разгары падрыхтоўка да свята, — расказвае начальнік аддзела культуры Калінкавіцкага райвыканкама Валянціна Тугай. — Рашэннем аблвыканкама зацверджаны арганізацыйны камітэт па яго падрыхтоўцы і правядзенню пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Пятра Кірычэнкі. Нязменны рэжысёр свята Пётр Гуд — прафесар, загадчык кафедры рэжысуры Беларускага універсітэта культуры, зноў узяў на сябе гэтыя абавязкі. Многія прадпрыемствы і гаспадаркі раёна атрымалі канкрэтныя заданні, а кіраўнікі іх кожны ты-дзень трымаюць справаздачу аб тым, што зроблена. Самыя адказныя работы выконваюць лясгас, мэблевыя фабрыка і камбінат, рамонтна-механічны завод, малочны і мясакамбінат, камунальная служба.
Ледзь не ўсе калінкавічане лічаць за гонар дастойна сустрэць шматлікіх гасцей. А іх чакаецца каля паўмільёна. Адных толькі ўдзельнікаў фестывалю тры сотні — дэлегацыі з усіх абласцей і сталіцы рэспублікі. Шырыцца міжнароднае прадстаўніцтва на фестывалі. Запрошаны госці з Габрава, Масквы, станіцы Северская Краснадарскага краю, з Украіны — Адэсы і Славуціча.
Аб усё большай папулярнасці фестывалю гаворыць і тое, што на яго едзе нямала вядомых прафесійных артыстаў — спевакоў, музыкантаў, танцораў і, вядома ж, артыстаў гумарыстычнага жанру. У сталіцы беларускага гумару з павагай адносяцца і да гумару іншых народаў. Свае жарты ў Аўцюкі прывязуць прадстаўнікі нацыянальных дыяспар — рускія, украінцы, яўрэі, армяне, палякі, татары. На жаль, не зможа асабіста прыехаць (раней запланаваныя гастролі не дазваляюць), але дасылае шчырае прывітанне удзельнікам свята кароль жанру Уладзімір Вінакур. Чаму ён? Ды таму, што карані яго таксама тут, на калінкавіцкай зямлі.
Адразу на некалькіх пляцоўках будуць спаборнічаць жартаўнікі з усёй Беларусі — непасрэдныя ўдзельнікі фестывалю. Прадэманстраваць свае таленты яны змогуць у шматлікіх намінацыях: анекдот, частушка, гумарэска, розыгрыш, народная гульня, пастаноўка тэатра мініяцюры. Вайсковы гумар — таксама разнавіднасць народнага, таму Міністэрства абароны рэспублікі ў рамках фестывалю праводзіць акцыю “З жартам марш на Аўцюкі!” Падчас свята пісьменнік Уладзімір Ліпскі ладзіць прэзентацыю сваёй новай кніжкі пад сімвалічнай назвай “Чыстая брахня” — галоўныя героі якой, зразумела, ужо вядомыя нам Каласок і Калінка. Няма сумненняў, што кніга папоўніць скарбонку аўцюкоўскага гумару. Супрацоўнікі Акадэміі навук занатуюць самыя дасціпныя жарты і анекдоты, бо яны сапраўды вартыя таго, каб з іх скласці цэлую анталогію.
У праграме таксама разнастайныя конкурсы для ўсіх жадаючых, розыгрышы каштоўных прызоў і неабходных у дамашняй гаспадарцы рэчаў.
Любоў ЛОБАН

— Дзе была?
— От, умора, глядзела, як адзін аўцюк купляў калготкі.
— Жонцы ці каханцы?
— Сабе!
— Ён што, у бабу перарадзіўся?
— Ды нейкі аднаполы. Шыя ўрасла ў плечы, дурань дурнем...
— Ці купіў жа?
— Купіў і кажа: “На ўсю восень хопіць!” Тут бабы падступіліся да яго: “Адкрый, Каласок, сакрэт. Мы не набяромся калготак, а ты адны носіш усю восень”.
— І што, адкрыўся?
— Ой, умора. Кажа: “Дзеўкі, трэба насіць калготкі з розумам. Як парвуцца пяткі, я сцягваю іх ніжэй і завязваю ніткай ля пальцаў. Парвуцца, сцягваю яшчэ ніжэй. Так усю восень хаджу ў цэлых калготках...”
— Чокнуты нейкі.
— Ага, давай і мы чокнемся за аўцюкоўскую мудрасць!
( З новай кнігі Уладзіміра Ліпскага “Чыстая брахня”)


Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей