Запавет Пісьменніка

  • 2015
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
“Ігнату здавалася, што пра смерць ён думае спакойна, часам з бравадай, святатацтвам, зрэдку нават з гумарам. Не, так ён думаў да смерці Ангеліны. Цяпер думае часта і сур’ёзна. Адчуў, што баіцца смерці. Доўга не прызнаваўся сабе ў гэтым...”
Іван ШАМЯКІН (з аповесці “Пошукі прытулку”).

У будынку Добрушскага краязнаўчага музея, дзе доўгі час вядуцца рамонтныя работы, згадаліся гэтыя радкі з аповесці, у якой Іван Пятровіч Шамякін вуснамі свайго героя, вядомага вучонага Ігната Андрэевіча, дзяліўся з чытачом і сваімі ўласнымі роздумамі. Дзіўная рэч — творчасць пісьменніка.
Шамякін пры жыцці шмат клапа-ціўся пра стварэнне музея ў Добрушы, бо як ніхто іншы ведаў свой шчодры на цікавых людзей і падзеі край. Яго заўсёды хваляваў стан духоўнасці грамадства, усе героі твораў народнага пісьменніка палемізуюць паміж сабой на вечныя тэмы. І вось цяпер многія яго ўласныя рэчы, кнігі сталі набыткам музея, які будзе ў Добрушы. Несумненна, будзе. Вядома ж, хочацца, каб як мага хутчэй завяршыліся ўсе работы ў старадаўнім будынку, якому цэлае стагоддзе і які ўзве-дзены яшчэ дзякуючы намаганням княгіні Ірыны Іванаўны Паскевіч. Па таму, як дасканала адпрацоўваюцца метр за метрам унутры пакояў (звонку музей, пачынаючы з ганку, адшліфаваны, адфарбаваны), ёсць надзея, што будзе ўсё тут на ўзроўні не горшым, чым у гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў. Аднак хацелася б, каб больш жвавымі тэмпамі скончылася рэстаўрацыя гэтага помніка архітэктуры ў цэнтры Добруша. Пра гэта казаў мне і загадчык раённага аддзела культуры Р. П. Козыраў, які разам з намеснікам старшыні райвыканкама А. В. Зіневічам прывезлі з мінскай кватэры І. П. Шамякіна шэраг падарункаў музею ад родных пісьменніка.
Уладзімір Аляксандравіч Сужаеў, дырэктар музея, не хавае свайго жадання хутчэй размясціць экспазіцыю Івана Пятровіча Шамякіна, творчасцю якога захоплены са школьных гадоў. Як гаспадар, хвалюецца за тое, каб былі вытрыманы ўсе ўмовы за-хоўвання экспанатаў, вентыляцыі, фарбавання пакояў. Дзеліцца планамі многіх іншых славутых землякоў дапамагчы ў афармленні калідораў, арганізацыі выстаў мастакоў. Хацелася б, каб знайшліся і фундатары, якія б унеслі свой узнос у агульную добрую справу на малой радзіме.
“Мне самаму сорамна, што Добруш — такі горад, такі раён не мае гісторыка-краязнаўчага музея. Музей абавязкова патрэбны. Маючы краязнаўчы музей, вы можаце там разгарнуць любыя экспазіцыі. Пакойчык можаце адвесці пісьменнікам Добрушскага раёна...
Мы ў савецкі час пабудову хаты ў Глінішчы для музея Мележа “выбівалі” гады тры-чатыры. Ледзь выбілі. Старой мележаўскай хаты не было — згарэла.
У Карме, па-мойму, не засталося нават таго месца, дзе стаяла хата. У бацькі яе, дарэчы, і не было там. Гэта была хата дзеда і малодшага бацькавага брата. Бацька з 1925 года пачаў леснікаваць. Я ў Карме толькі вучыўся ў пятым-шостым класах... У будучым, калі мяне не будзе, можна нешта зрабіць і ў Карме. А пакуль вы зрабіце ў Добрушы”.
Гэты маналог народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна запісаны мною на яго дачы ў Ждановічах 12 ліпеня 2002 года. Сустрэўшыся не так даўно ў сталіцы з дачкой класіка, прафесарам філалогіі, пісьменніцай Таццянай Іванаўнай Шамякінай, пачула яе запытанне: “Як там музей у Добрушы?” Паабяцала з’ездзіць і паглядзець. І вось у адным з яшчэ недарамантаваных пакояў доўга разглядаю сакваяж, пішучую машынку, акуляры творцы, яго ручкі, якімі ён пісаў “сваіх герояў” у раманах і аповесцях. І мару, каб усе, хто далучаны да справы стварэння музея, хутчэй выканалі запавет пісьменніка. Каб яго ўласныя рэчы знайшлі належны прытулак. Каб землякі маглі зайсці і пагартаць “Трывожнае шчасце” на рускай мове, “Атланты і карыятыды” — на украінскай, “Крыніцы” — на эстонскай, “Сэрца на далоні” — на літоўскай... Адчуць, якую Асобу дала свету добрушская зямля.
У Карме плануецца ўстанавіць бюст пісьменніку. А сёння ў тутэйшай сельскай бібліятэцы, дзе гаспадарыць руплівіца Антаніна Якушэнка, створаны дастойны літаратурна-краязнаўчы куток “Пясняр народнага жыцця” да 85-годдзя І. П. Шамякіна.
Выстаўлены шматлікія яго творы, у прыватнасці, раман “Губернатар”, аповесць “Браняпоезд “Таварыш Ленін”. Падзеі апошняй адбываюцца на станцыях Добруш, Закапыцце, Ларышчава. На рамане “Злая зорка” рукой пісьменніка выведзена: “Маім землякам-кармянцам... Гэты раман аб той бядзе, якая дастала і вас, накрыла Дубецкае, дзе на могілках ляжаць бацькі мае і сёстры. Дай Бог, каб нічога падобнага не пазналі дзеці і ўнукі”.
Дай Бог, каб мы паспелі сабраць самае неацэннае, зрабіць усё, каб годна прадставіць Пісьменніка.
Тамара КРУЧЭНКА
Фота з архіва "ГП"

Таццяна ПАНЬКОВА,
студэнтка-першакурсніца Беларускага гандлёва-эканамічнага універсітэта спажывецкай кааперацыі:

— Вельмі люблю раман “Сэрца на далоні”. Калі ёсць вольныя хвіліны, перачытваю яго. Адчуваеш гонар, што пісьменнік такога ўзроўню нарадзіўся на нашай добрушскай зямлі.

Кацярына БАРСУКОВА,
студэнтка 4 курса Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А. С. Пушкіна:

— Мяне вельмі ўразіў раман “Злая зорка”. Пісьменнік многія паслячарнобыльскія праблемы бачыў сам, як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ездзіў па пацярпелых раёнах Гомельшчыны. Кожнаму яго радку верыш. Увогуле, за творчасцю Шамякіна ўвесь час сачыла з неаслабнай цікавасцю. Ганаруся, што мы — яго землякі.

Пётр Цыбранкоў,
старшыня Кармянскага сельсавета Добрушскага раёна:

— У Карме створаны аграгарадок, вёска з’яўляецца цэнтральнай сядзібай СВК “Абарона”. Шмат зроблена па яе добраўпарадкаванню. На гэта затрачана 670 мільёнаў рублёў. Шкада, што Іван Пятровіч Шамякін не бачыць гэтых кардынальных перамен. У нас тут харошы дзіцячы садок санаторнага тыпу, прыстойная сярэдняя школа, шыкоўны Дом культуры на 500 месцаў, амбулаторыя, камбінат бытавога абслугоўвання. Нядаўна адкрылі сучаснае кафэ “Світанак”. Будуюцца жылыя домікі па праграме адраджэння і развіцця вёскі. З’явілася і аддзяленне АСБ “Беларусбанка”.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей