“Тэлепартацыя-2005”: зоркі ў гламуры

  • 2094
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
У красавіку ў эфіры “Первого музыкального” канала была запушчана перадача “Тэлепартацыя”, падчас якой гледачы маглі галасаваць за кліпы, што ім спадабаліся. У ратацыі канала знаходзілася каля 140 відэаролікаў беларускіх выканаўцаў.
І вось 20 лістапада па колькасці галасоў гледачоў была названа дзесятка лепшых музыкаў, якія і мусілі атрымаць галоўныя прызы.
На прэс-канферэнцыі, што адбылася за дзень да цырымоніі, генеральны дырэктар “Первого музыкального” Валерый Краўчук з задавальненнем адзначыў, што асноўныя мэты перадачы дасягнуты, бо за апошнія шэсць месяцаў пабачыла свет больш кліпаў, чым за папярэднія два с паловай гады! Краіна спявае!
Урачыстая цырымонія ўручэння першай музычнай інтэрактыўнай прэміі “Тэлепартацыя-2005” адбылася ў сталічным Палацы Рэспублікі. І сёння можна ўжо адназначна сказаць, што гэта дата абавязкова ўвойдзе ў гісторыю беларускага шоу-бізнесу, бо мерапрыемства было арганізавана з шыкоўным размахам. Прынамсі, у Беларусі такога ў музычным свеце яшчэ не здаралася. І я там была, за “зоркамі” назірала.
Фаварыты нашай эстрады, сярод якіх былі Паліна Смолава, Влада, Алена Грышанава, Алеся, Анжаліка Агурбаш, дуэт Іскуі Абалян і Аляксандр Патліс, гурты “Merry Poppins”, “Тяни-Толкай”, “Нестандартный вариант”, “J-Морс”, а таксама госці шоу ўкраінская спявачка Анжаліка Рудніцкая, прыбалтыйскі гурт “Фанкі”, расійская “Плазма” і знакамітыя браты Запашныя, пад’язджалі да Палаца Рэспублікі на эфектных белых лімузінах, каб потым у промнях сафітаў, тэле- і фотакамер прайсці сярод натоўпу фанатаў па чырвонай дарожцы. Не абыйшлося і без сюрпрызаў. Гурт “Нестандартный вариант” адмовіўся ад паслуг лімузіна і пад’ехаў да фанатаў на... чырвоным трактары “Беларусь” — сапраўды, нестандартны варыянт!
Апасля таго як зоркі раздалі ўсім жадаючым аўтографы, у галоўнай зале распачалося бліскучае шоу. Сцэна была аформлена канцэптуальна, з захаваннем ідэі інтэрактыўнасці, у гэткім кібер-стылі і суперсучасных тэхналогіях — шмат яркага свету, металу і яго імітацый, перавага аранжавага (колеру “1М” канала), на вялікай плазме круцілі кліпы музыкаў, а зверху была прычэплена агромністая малекула — эмблема “Тэлепартацыі”.
Найбольш адпавядалі сваім намінацыям Паліна Смолава — “Экспрэсія года” — яна літаральна запальвала ўсіх сваёй каласальнай энергетыкай, шмат фатаграфавалася, з задавальненнем пазіравала, усміхалася і наша зямлячка Алеся — “Візуалізацыя года” — яна выглядала вельмі прыгожа і яскрава!
Сенсацыйна паводзіла сябе “Сенсацыя года” Анжаліка Агурбаш, якая амаль увесь час знаходзілася пад узмоцненай аховай людзей у цывільным і дэманстравала ўсе прыкметы зорнасці — багатую сукенку, каштоўныя камяні, ахапкі кветак і асабістую недасягальнасць (у яе не ўдалося нават узяць аўтограф). “Адкрыццё года” — гурт “Merry Poppins” — прыйшоў на цырымонію з двума белымі сабачкамі, чым выклікаў паралелі з расійскай Глюкозай і яе даберманам. Добра, што нашы сёстры выглядалі не менш эфектна.
Несупынна жартаваў гурт “Тяни-Толкай”, што атрымаў намінацыю “Канцэпцыя года”, якую ён у сваім стылі тут жа перайменаваў у “Кантрацэпцыю года”. Хлопцаў відавочна каўбасіла: яны перад выхадам на сцэну зрабілі нешта накшталт фіззарадкі (хутчэй за ўсё, гэта было нярвовае), а пасля на відэаздымках сказалі, што не ўлазяць у кадр, бо паелі бутэрбродаў.
Апроч усяго гэтага, у намінацыі “Дуэт года” перамаглі Іскуі Абалян і Аляксандр Патліс, якія прызналіся, што рыхтуюць новую сумесную песню. У намінацыі “Дынаміка года” — Влада, “Авацыя года” — Алена Грышанава, “Паскарэнне года” — гурт “Нестандартный вариант”, “Прарыў года” — гурт “J-Морс”. Па выніках SMS-галасавання ў зале прыз “Сімпатыя года” дастаўся Алене Грышанавай. Галоўную ж намінацыю Гран-пры “Лідэр года” атрымаў гурт “Тяни-Толкай”! Асабліва прыемна, што хлопцы не захварэлі на гэтай глебе зорнай хваробай, а паставіліся да сваёй перамогі іранічна, паабяцаўшы яшчэ больш імкнуцца да вышыняў беларускага шоу-бізнесу. І канешне ж, яны падзякавалі ўсім тым, хто дапамог тэлепартаваць свой любімы кліп да поспеху!
Вялі ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання ві-джэі “Первого музыкального” Люся Лушчык, якая звычайна вядзе навіны на канале, і Віталь Маліноўскі, які таксама вядзе “Пяцёрку лепшых”, а ўручалі тэлепартацыйныя статуэткі і памятныя дыпломы спонсары і госці мерапрыемства, з якіх зала найбольш вітала братоў Запашных. Як зазначылі арганізатары мерапрыемства, прэмія, хутчэй за ўсё, стане штогадовай, а тэлеверсію шоу можна будзе пабачыць пад Новы год.
Аб усім, што засталося за кадрам, інтэрв’ю і аўтографы “зорак” — у снежаньскім выпуску “Молодежного пульса”.
Спецыяльна для “ГП”
Наталля Старчанка

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей