Уславіць працу хлебаробаў настаў чаканы час

  • 1744
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
Гомельшчына — пераможца рэспубліканскага спаборніцтва на жніве
Спакон вякоў вядзецца ў славянскіх народаў, што менавіта свята дажынак вянчае хлебаробскую працу. Вось і напрыканцы мінулага тыдня наша краіна ў дзевяты раз услаўляла лепшых камбайнераў, вадзіцеляў, механізатараў — усіх тых людзей, што расцілі і ўбіралі на палях хлеб. Сёлета герояў жніва — пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур — прымаў старажытны горад Слуцк. Удзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2005” прынялі і звыш 70 хлебаробаў Гомельшчыны.
Ехалі нашы хлебаробы ў Слуцк з пачуццём асаблівай гордасці — упершыню за многія гады на палях Гомельскай вобласці вырашчаны і сабраны багаты ўраджай — намалочана больш за мільён тон зерня. Прычым выключна ўсе раёны дабіліся прыросту валавога збору, перакрыта і планавае заданне па пастаўках хлеба дзяржаве. Значна сёлета папоўнілася і каманда экіпажаў-“тысячнікаў”.
Самаадданая, добрасумленная праца ўсіх хлебаробаў нашага палескага краю і з’явілася асновай агульнага значнага поспеху: Гомельская вобласць — пераможца рэспубліканскага спаборніцтва на сёлетнім жніве.
І ў першы дзень свята ў Слуцку на віншавальную сцэну фестывалю-кірмашу падняліся амаль шэсць дзесяткаў лепшых камбайнераў и вадзiцеляў нашай вобласці, якія занялі другія і трэція месцы ў рэспубліканскім спаборніцтве. Ганаровыя дыпломы і каштоўныя падарункі — кампьютэры, тэлевізары, халадзільнікі, відэакамеры — ім уручылі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь І. М. Бамбіза і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Л. В. Русак.
Галоўнай падзеяй свята ўшанавання лепшых хлебаробаў краіны з’явілася тое, што ўдзел у ім прыняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы шчыра падзякаваў працаўнікам вёскі, усім тым, хто ў нялёгкіх умовах надвор’я сёлетняга года вырасціў і сабраў звыш 7 мільёнаў тон зерня. Пры гэтым сярэдняя ўраджайнасць па краіне склала 31 цэнтнер з гектара.
Асаблівыя словы ўдзячнасці А. Р. Лукашэнка выказаў працаўнікам сяла Гомельскай вобласці, павіншаваўшы іх з выдатнай працоўнай перамогай — намалотам аднаго мільёна тон хлеба, упершыню за апошнія 15 гадоў.
— Гэта менавіта той рэгіён, па якім страшны ўдар нанёс Чарнобыль, — падкрэсліў Аляксандр Рыгоравіч. — Але самы моцны ўдар быў нанесены “свядомымі”, якія 10 — 15 гадоў назад узбударажылі народ Гомельшчыны, і з гэтай вобласці пачалося адсяленне. Людзі кідалі лепшыя ўрадлівыя землі. Яны наогул баяліся працаваць і жыць на гэтай зямлі. Трэба было такую псіхалогію пераадолець, і гамяльчане гэта зрабілі.
Не супакойвацца на дасягнутым, а ўжо ў бліжэйшы час давесці збор зерня ў сельгаспрадпрыемствах Гомельшчыны да 1,5 мільёна тон — такую чарговую задачу паставіў
А. Р. Лукашэнка перад працаўнікамі вёскі нашай вобласці.
А затым наступіў урачысты момант свята. На віншавальную сцэну запрасілі старшых камбайнераў, якія занялі першыя месцы ў рэспубліканскім спаборніцтве за дасягненне самых высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур.
У ліку першых Прэзідэнт краіны ўручыў Ганаровы дыплом і грашовую прэмію ў памеры 9 мільёнаў рублёў Мікалаю Герыловічу з калгаса (вытворчага сельскагаспадарчага кааператыва) “Савецкая Беларусь” Рэчыцкага раёна, які выходзіць пераможцам ужо некалькі апошніх гадоў.
Такую ж узнагароду ад кіраўніка дзяржавы атрымаў і старшы камбайнер КСУП “Судкова” Хойніцкага раёна Рыгор Сцішанок, які заняў першае месца ў спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў.
Узнагароджвалі на свяце дажынак і пераможцаў спаборніцтва сярод галоўных аграномаў сельгасарганізацый. Ганаровы дыплом і грашовую прэмію ў гэтай намінацыі ад Прэзідэнта краіны атрымаў галоўны аграном калгаса “50 гадоў Кастрычніка” Рэчыцкага раёна Васіль Цяцера.
А. Р. Лукашэнка ўручыў таксама ўзнагароды старшыні калгаса (СВК) “50 гадоў БССР” Калінкавіцкага раёна Анатолю Гаркушы, старшыні Лоеўскага райвыканкама Сяргею Мятліцкаму і начальніку райсельгасхарчу гэтага раёна Васілю Ядлоўскаму, старшыні Рэчыцкага райвыканкама Аляксандру Баранаву і начальніку райсельгасхарчу названага раёна Сяргею Краўчанку — пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва адпаведна сярод сельгасарганізацый і сярод раёнаў.
Як ужо было вышэй сказана, нашай вобласці сёлета прысуджана першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. І калі на віншавальную сцэну “Дажынак-2005” падняліся старшыня Гомельскага аблвыканкама А. С. Якабсон, старшыня аблсельгасхарчу Л. М. Апанасюк, а з імі яшчэ 10 лепшых хлебаробаў, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і раёнаў Гомельшчыны, здавалася, ад гучных апладысментаў і шчырых слоў уся галоўная плошча Слуцка, дзе сабраліся дзесяткі тысяч людзей, патанула ў людскім гуле. Так ад душы ўдзельнікі свята выказвалі захапленне працай нашых хлебаробаў, якія змаглі дасягнуць выдатнага поспеху.
Але ж не толькі збожжа вырошчвалі сельскія працаўнікі — шмат механізатараў, пачынаючы з вясны, старанна працавалі на не менш важным участку сельгасвытворчасці, дзе нарыхтоўвалі кармы для жывёлы. Таму цалкам заканамерна, што іх праца таксама была дастойна ацэнена. Пераможцу рэспубліканскага спаборніцтва, камбайнеру КСУП “Саўгас “Камуніст” Ельскага раёна Віктару Кашэвічу (на здымку ўверсе) кіраўнік дзяржавы ўручыў Ганаровы дыплом і ключы ад новага легкавога аўтамабіля. Узнагароды за найлепшыя дасягненні ў нарыхтоўцы кармоў ад Прэзідэнта атрымалі таксама дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Петрыкаўскі аграсервіс” Канстанцін Плікус (у намінацыі механізаваных корманарыхтоўчых атрадаў) і дырэктар сельскагаспадарчага філіяла ААТ “Калінкавіцкі рамонтна-механічны завод” Віктар Змушко (у намінацыі сярод сельскагаспадарчых арганізацый).
А пасля цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў жніва перад імі і шматлікімі гасцямі свята выступілі лепшыя творчыя калектывы рэспублікі, а таксама зоркі беларускай і расійскай эстрады — Якаў Навуменка, ансамбль “Сябры”, Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Людміла Сенчына і папулярны артыст кіно Уладзімір Гасцюхін. Самадзейную творчасць Гомельшчыны на свяце дажынак прадстаўлялі артысты народнага ансамбля “Натхненне” Парыцкага Дома культуры Светлагорскага раёна. Зорнае вячэрняе неба над Слуцкам зрабілася яшчэ больш захапляльна-відовішчным, калі яго расквецілі агні святочнага феерверку. На ўсіх прылягаючых да галоўнай пляцоўкі фестывалю вуліцах было мноства гандлёвых шатроў, ладзіліся выстаўкі народных майстроў, мастакоў і скульптараў, гучалі песні і музыка.
Для дэлегацыі Гомельскай вобласці —
удзельнікаў свята “Дажынкі-2005” — былі
арганізаваны экскурсіі ў музей вытворчага аб’яднання “Беларуськалій”, на адзін з будуемых руднікоў па здабычы калійных удабрэнняў, па гораду Салігорску, дзе размясцілі на час свята прыбыўшых на дажынкі гамяльчан.
У складзе дэлегацыі ад нашай вобласці на “Дажынках-2005” былі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці В. У. Шчэцька, кіраўнікі дзяржаўных устаноў, шэрагу раёнаў, прадпрыемстваў і арганізацый, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Узначальваў дэлегацыю першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Г. В. Дашкевіч.
Мікалай БЯЛЬКОВІЧ,
спецыяльны карэспандэнт
“Гомельскай праўды”
Гомель — Слуцк — Гомель

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей