Як паведамлялася ў нашай газеце, у Лельчыцах адбыўся першы рэгіянальны фестываль песеннага майстэрства “Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных” на прыз мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча прафесара, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхаіла Дрынеўскага. У свяце прынялі ўдзел харавыя, вакальныя і фальклорныя калектывы Лельчыцкага, Ельскага, Нараўлянскага і Петрыкаўскага раёнаў. “Сярод выдатных майстроў нацыянальнага музычнага мастацтва Міхась Дрынеўскі займае адно з самых ганаровых месцаў”, — такую высокую адзнаку даў Прэзідэнт нашай краіны А. Р. Лукашэнка творчасці М. П. Дрынеў-скага. А пачалася ягоная дарога да прафесійных вяршынь адсюль, з лельчыцкага краю. Вёску Тонеж, дзе нарадзіўся маэстра, знакаміты беларускі паэт Адам Русак называў салаўіным берагам. Тут усё звініць песнямі. Іх спяваюць не толькі людзі, але і зялёныя лясы, салаўі ў альховых зарасніках, спяваюць у залатым вячэрнім сонцы пчолы, ды і сама зямля. Трэба толькі прыслухацца...
Да рэгіянальных асаблівасцей фальклору Міхась Паўлавіч адносіцца з асаблівым, трапяткім пачуццём. Ён некалі прайшоў Беларусь уздоўж і поперак. Многія ведаюць, што ён мог вызначыць, не толькі з якога раёна яго суразмоўца, але і з якой вёскі. Вось гэтак тонка, на слых, адрознівае ён і спевы. Вялікая творчая праца Міхася Паўлавіча з народнай песняй робіць цуд — па моцы ўздзеяння на шырокую аўдыторыю роўных яго хору ў рэспубліцы няма.
Што мы ўсе без песень? І зразумела, што наш народ так любіць і шануе тых, хто надзелены пеўчым талентам. Хто чаго варты — у песні як нідзе відаць.
— Сённяшняе свята на нашай зямлі — гэта заканамернасць, якую мы даўно збіраліся ажыццявіць, — гаварыў старшыня Лельчыцкага райвыканкама У. А. Мірановіч. — Мы не толькі хацелі тым самым ушанаваць свайго знакамітага земляка, але і прадэманстраваць яму свае таленты, паказаць пераемнасць у народнай песеннай творчасці.
Трэба адзначыць, што ў раённым Доме культуры, дзе праходзіў фестываль, панавала ўзнёслая атмасфера. У пэўнай ступені ствараў яе ансамбль народных інструментаў, які выконваў беларускія народныя мелодыі. У фае разгарнулася выстава работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І, бадай, кожную з іх можна было назваць сапраўдным творам, песняй, якая папрасілася з душы. Асабліва цешылі вока тканыя посцілкі, на якіх красаваліся, ззялі ўсімі вясёлкавымі фарбамі кветкі.
Хлебам-соллю сустрэлі лельчыцкія дзяўчаты, апранутыя ў прыгожыя нацыянальныя касцюмы, свайго земляка Міхася Паўлавіча Дрынеўскага, які ўзначаліў журы фестывалю.
А затым гаспадарыла песня. Нездарма народную песню называюць матчынай. Яна многім помніцца ад самой калыскі. Слухаю, напрыклад, “Закаці, ясна сонейка”, “Ой ты, дубе галяністы”, “Там, за гаем зеляненькім”, “Каліна-маліна”, ды многія іншыя і адчуваю, нібыта трывожна калышуцца, плывуць перад вачыма аблокі, пераносячы мяне туды, дзе вырасла, дзе з дзяцінства слухала песні такіх жа галасістых вясковых жанок. Адразу нават цяжка вызначыць, чые песні лепшыя. Сакавітымі, зладжанымі галасамі цешыць душу заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, народны ансамбль “Журавінка” Слабадскога сельскага Дома культуры, здзіўляе пяшчотным шматгалоссем народны вакальны ансамбль “Вербніца” Лельчыцкага РДК... А які каларытны Тонежскі народны хор! Хіба ж не салаўіны бераг! І асабліва хораша стала на душы, калі дэманстравалі сваё мастацтва мала-дзёжныя калектывы — вакальны ансамбль Дуброўскага сельскага Дома культуры і дзіцячы фальклорны калектыў “Карагод” з Ліплян. Жыве, развіваецца народная творчасць!
Свята доўжылася амаль пяць гадзін. Але ніхто не стаміўся, у зале, як кажуць, не было дзе яблыку ўпасці.
У заключэнне фестывалю выступіў Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча пад кіраўніцтвам М. П. Дрынеўскага. Заслухаліся ягоныя землякі высокім мастацтвам, наталілі смагу па глыбінных фарбах народнага фальклору...
Перад журы стаяла даволі складаная задача — выбраць лепшых з лепшых.
— Мяне ўразіла тое, што я ўбачыў, — з хваляваннем адзначаў Міхась Паўлавіч. — Добрая частка канцэртных нумароў — сапраўдныя жамчужыны нацыянальнай культуры.
Член журы, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, дырэктар Мазырскага музычнага вучылішча У. М. Рыжы падкрэсліў, што пры вызначэнні прызавых месцаў галоўная ўвага звярталася на захаванне традыцый і асаблівасцей, якія бытуюць у мясцовым рэгіёне, на народную манеру выканання і тонкую інтэрпрэтацыю народнай песні.
— У большай ступені гэта ўласціва выканаўцам з Лельчыцкага раёна, — сказаў Уладзімір Міхайлавіч.
Таму і заканамерна, што ва ўсіх намінацыях сярод пераможцаў у асноўным лельчукі. Да таго ж, як гаспадары свята, яны і калектываў на фестываль прадставілі больш за іншыя раёны.
У выніку прыз народнага артыста Беларусі прафесара Дрынеўскага дастаўся яго аднавяскоўцам — Тонежскаму народнаму хору (мастацкі кіраўнік Т. І. Прыбалавец). Акрамя спецыяльнага прыза ён атрымаў дыплом лаўрэата і каштоўны падарунак.
У намінацыі “хары, вакальныя ансамблі, ансамблі народнай песні”: першае месца дасталося народнаму вакальнаму ансамблю “Вербніца” Лельчыцкага РДК, другое — мужчынскаму вакальнаму ансамблю “Лель” Лельчыцкага РДК, трэцяе — Глушкавіцкаму народнаму хору. У намінацыі “фальклорныя ансамблі” на першае месца выйшаў народны гурт “Палескія напевы” Новапалескага сельскага клуба, два другія заваявалі народны ансамбль “Валошкі” з Ельскага раёна і народны ансамбль “Калінка” Буда-Лельчыцкага сельскага клуба, два трэціх дасталіся лельчукам — заслужанаму калектыву Рэспублікі Беларусь народнаму ансамблю “Журавінка” Слабадского СДК і народнаму ансамблю “Вяснянка” Ліплянскага сельскага Дома культуры. У намінацыі “асобныя выканаўцы” першае месца вырашана не прысуджаць. Другое заняла Валянціна Баравая з Новапалесся, трэцяе — Ірына Шпакоўская з Лельчыц. Прыз сімпатый Міхася Дрынеўскага прысуджаны спявачцы з Лельчыц Святлане Астаповіч.
... Шкада, што свята хутка закончылася, — казалі не толькі гледачы, але і яго ўдзельнікі. Ды у Лельчыцах маюць намер зрабіць яго традыцыйным. Сёлетні фестываль, першая ластаўка, засведчыў, што талентаў на Палессі шмат. Але і расціць, шліфаваць іх — праца не аднаго дня.
Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
-
«Калейдоскоп сюрпризов». Артисты областной филармонии подготовили программу для детей
- 12:49
- 02.06.2021
- 205861
-
Концерт Кристины Орбакайте в Гомеле
- 16:35
- 03.07.2018
- 38730
-
Миг бесконечности Натальи Батраковой
- 09:18
- 24.05.2012
- 31854
-
Какие виды ремесел популярны на Гомельщине и кто находит вдохновение в творчестве
- 12:37
- 21.11.2019
- 29462
-
«Миссис Гомель- 2016»: фото всех участниц
- 11:25
- 04.12.2016
- 27471
-
Легенда об аисте
- 22:00
- 23.07.2010
- 27253
-
Александр Солодуха рассказал о «невероятной» травле в соцсетях, запрете на песню «Виноград» и почему сейчас невозможны аншлаги
- 10:41
- 01.04.2021
- 26038
-
Александра Степанова из Речицы покоряла шоу "Голос" и получила приглашение спеть в "Олимпийском"
- 10:41
- 24.10.2018
- 25259
-
«Мисс Гомель-2019» стала Полина Голомазова
- 23:14
- 07.12.2019
- 24717
-
Дзе бусел вядзецца, там шчаслівае месца
- 07:35
- 23.04.2011
- 24123


