Свята фальклору ў Акцябрскім

  • 2134
  • 11:12
  • 24.01.2008
Поделиться
Берагіня — хай жа вечна гучыць гэта слова,
Каб душа замірала ад песень тваіх.
Берагіня — як жа гэта цудоўна
Бачыць росквіт мастацтва ў дзецях тваіх.
У трэці раз на гасціннай акцябрскай зямлі сабраліся ўдзельнікі і госці фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Мінула ўсяго толькі пяць гадоў, як ён быў заснаваны, але сёння пра яго ўжо добра ведаюць далёка за межамі раёна. “Бера-гіня” стала важным крокам на шляху захавання, засваення і перадачы мастацкага вопыту продкаў сённяшнім нашчадкам. А таму і невыпадкова, што сёлета фестывалю быў нададзены статус рэспублікан-
скага. Каля 700 удзельнікаў мастацкай самадзейнасці з усіх абласцей Беларусі
з’ехаліся ў Акцябрскі, каб паказаць сваё майстэрства.
— Мы вельмі рады вітаць усіх, хто прыехаў да нас на цудоўнае свята фальклору, — адзначыў у сваім прывітальным слове старшыня Акцябрскага райвыканкама І. Я. Паршута. — Упэўнены, што кожны з вас пераканаецца ў нашай гасціннасці, у тым, што гэта надзвычай адметны, самабытны і багаты на гістарычна-культурную спадчыну край.
Патрэбна адзначыць, што тут заўсёды шмат рабілася і робіцца, каб захаваць народныя традыцыі, звычаі, рамёствы, забяспечыць пераемнасць самабытнай культуры. У свой час былі распрацаваны спецыяльныя праграмы “Спадчына”, “Жывая памяць”, “Культура і дзеці”, “Рамёствы Акцябршчыны”. У іх, як адзначыла загадчыца аддзела культуры Акцябрскага райвыканкама С. А. Беразоўская, прадугледжаны паслядоўны, абгрунтаваны комплекс мер па падтрымцы традыцыйнага мастацтва, па далучэнню дзяцей і моладзі да аўтэнтычных форм фальклорнай спадчыны роднага краю. Правядзенне свят на глебе мясцовага фальклору, безумоўна, дапамагае глыбей спасцігаць і ўсведамляць яго першасную крынічную прыгажосць, забяспечваць пераемнасць самабытнай культуры.
На тры дні гарадскі пасёлак Акцябрскі стаў вялікай сцэнічнай пляцоўкай фестывалю. Праграма была надзвычай насычанай і цікавай. Конкурсы выканаўцаў народных побытавых танцаў, гуртавое выкананне народных песень і ансамблевае народнай інструментальнай музыкі, адкрытыя конкурсы на лепшы выраб у традыцыйнай вышыўцы, саломапляценні, вырабе паясоў, выставы саламяных “павукоў” і лазовых вырабаў народных майстроў, прыватныя калекцыі і шмат чаго іншага. Словам, фестываль ахапіў асноўныя і найбольш грунтоўныя жанры народнай культуры: песні, танцы, музыку, гульнявы фальклор, дэкаратыўна-побытавае мастацтва.
Адметнай рысай сёлетняй “Берагіні” з'яўляецца тая акалічнасць, што асноўнымі ўдзельнікамі гэтага свята фальклорнага мастацтва сталі менавіта дзіцячыя калектывы. І трэба было бачыць, колькі весялосці і прыгажосці было ў іх выкананні, якія цудоўныя нумары падрыхтавалі, як хораша спявалі і танцавалі! І гэта як нельга лепш пацвяр-джае: пераемнікаў народных традыцый, рамёстваў, звычаяў у нас шмат.
— У гэтага фестывалю вялікая будучыня, — адзначыў загадчык кафедры харэаграфіі, кандыдат педагагічных навук, прафесар Ровенскага дзяржаўнага гуманітарнага універсітэта
У. М. Гадоўскі, які прысутнічаў у якасці члена журы. — Фальклор — гэта душа народа. Ён невычарпальны, і не верце таму, хто кажа, што гэта ўжо зжыло сябе, што гэта не модна. Фальклорнае майстэрства — вечнае, галоўнае — развіваць яго, што і назіраю на гэтым свяце. І я не выключаю, што з цягам часу ўдзельнікамі гэтага фестывалю стануць не толькі калектывы з Беларусі, але і з суседніх краін.
Гран-пры рэспубліканскага фестывалю фальклору “Берагіня” сярод дзіцячых калектываў дастаўся ўзорнаму фальклорнаму ансамблю Цэнтра выхаваўчай работы г. п. Акцябрскі “Рудабельскія зорачкі”. У якасці прыза калектыў атрымаў відэакамеру, а кожны ўдзельнік ансамбля — па фотаапарату. Сярод жа аўтэнтычных фальклорных гуртоў лепшым прызнаны фальклорна-этнаграфічны калектыў Нова-Мілевіцкага сельскага клуба Жыткавіцкага раёна “Крыніца”. Першае месца таксама дасталася Акцябрскаму Дому рамёстваў за лепшую выставу.
Што і казаць, фестываль стаў сапраўдным святам як для ўдзельнікаў, так і для ўсіх жыхароў раёна.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей