“Апаленая доляю агністай…”

  • 2570
  • 00:00
  • 28.08.2008
  • Гомельская правда
Поделиться
Упершыню занесла ў гэты камарынскі накірунак брагінскай зямлі. Ехалі
праз вёскі Мікулічы, Шкураты, і сэрца перапаўняў боль: жывыя, прыгожыя
хаты тут мяжуюцца з глухімі, пакінутымі. Асабліва паласнула па сэрцы
адна хата-дамоўка: драўляныя аконныя рамы поўнасцю замураваныя цэглай…
Куды падаліся з роднага селішча яе гаспадары? Ці ёсць яны на белым
свеце? Рой думак пра наступствы чарнобыльскай катастрофы, раскіданыя
“гнёзды”, ператрушчаныя лёсы людзей не дае спакойна вандраваць па гэтай
зямлі. А яна ў лепшыя часы была такой карміцелькай!


Ды і сёлета пастаралася, дала ўраджай збожжавых 32,9 цэнтнера з гектара.


Начальнік ўпраўлення сельскай гаспадаркі Брагінскага райвыканкама Валянцін Хмелянок дзяліўся радасцю ад вынікаў сёлетняга жніва:


 — Намалацілі 42300 тон зерня. Найбольшы “вал” у КСУП імя Героя
Савецкага Саюза Пятра Жукава. Упершыню ў нас на Брагіншчыне атрымана ў
сярэднім 117 цэнтнераў на бала-гектар. Лічу гэта самым аб’ектыўным
паказчыкам. Лідэры тут адпаведна КСУП “Камарынскі”, “Брагінскі”,
“Чамярыскі”. Дарэчы, у апошнім дасягнулі рэкорднага паказчыка па
намалоту зерня, пераўзышлі 2000-тонны рубеж браты Салдаценкі. Такога мы
не дасягалі і ў бытнасць СССР. “Чамярыскі” сёння — адна з лепшых
гаспадарак у раёне, на яе долю прыходзіцца 15% раённага хлебнага
караваю. Талковае там кіраўніцтва: у дырэктара Краўчанкі справы пайшлі
выдатна па ўсіх накірунках.


Палескія Салдаценкі трывушчыя!
Жнівень на зыходзе, але сонца яшчэ прыпякае па-ліпеньску шчодра. І ў поўдзень незвычайная спёка вісне над зямлёю. Здаецца, самлелі шматколерныя гарбузы, бы мячыкі, раскіданыя па сялянскіх агародчыках, сасмягла каліна, нахіліўшыся над плотам. А як жа працаваць у такі час у полі?
Да кукурузных палеткаў каля вёскі Чамярысы нас давёз старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, былы афганец Віктар Балобан. Рухаемся да кормаўборачнага комплексу “Палессе”.
— Добры дзень, Салдаценкі! Вам час крыху адпачыць, заадно і з карэспандэнтамі “Гомельскай праўды” пагутарыце, — зазначае прафсаюзны лідэр.
Дык вось якія яны, лідэры па намалоту зерня. Рослыя, чарнявыя, вельмі падобныя з твару. Міхась — малодшы, але абмінуў крыху брата на жніве. Скончылі яны ўборку збожжавых з Ігарам, заняліся нарыхтоўкай кукурузы на сілас. Калі мы назіралі, як сакавітая зялёная маса, нібы вадаспад, сыпалася ў прыцэп трактара, хацелася сіга-нуць у яе ад спёкі.
— Як вы трываеце?— не ўтрымалася запытаць.
— Ды мы звыклыя, з дзяцінства ў полі, — стрымана адказаў старэйшы Салдаценка, — гадоў з 12-ці бацьку дапамагалі.
А Мікалай Паўлавіч адпрацаваў механізатарам у сваім калгасе каля чатырох дзесяцігоддзяў. Ігар і Міша (кожны ў свой час) штолета практыкаваліся побач з бацькам. Навучыліся вадзіць трактары, машыны. Цяпер яны “шматстаночнікі”, любую культуру ўбяруць, глебу якасна апрацуюць, ды і засеюць палеткі як трэба. Згадаліся словы дырэктара КСУП “Чамярыскі” Генадзя Краўчанкі: “Калі а шостай гадзіне раніцы заязджаеш на мехдвор і бачыш, што браты Салдаценкі ўжо прадуваюць, змазваюць сваю тэхніку, праглядаюць і літаральна абмацоўваюць рукамі кожны вузел, каб машына не падвяла ў полі, — сэрца грэе, што ёсць такія адказныя людзі”.
Ігар ужо 19 гадоў у гаспадарцы, але менавіта сёлета, калі яна прырасла плошчамі (да “Чамярыскага” далучылі “Агра-лідэра”), здолеў разам з братам пака-
рыць 2000 вышыню. Два гады таму змянілася кіраўніцтва КСУП, ён пайшоў уверх, у людзей з’явілася надзея на будучыню. Не так даўно вырашана: у 2009 годзе Чамярысы стануць аграгарадком. І сёння тут між звычайных драўляных сялянскіх хат свецяцца дыхтоўныя цагляныя, пабудаваныя па дзяржаўнай праграме адраджэння вёскі.
Год назад Ігар з жонкай, дачкой і сынам засяліліся ў адзін з такіх прыгожых домікаў, што зараз патанае ў пярэстым восеньскім кветніку. Прасторныя пакоі, сваё аўтаномнае ацяпленне. На падворку ёсць хлеў, трымаюць старэйшыя Салдаценкі цяля, парася, карову. Як жа ў вёсцы без жыўнасці?
Гаворка наша пра сялянскае жыццё доўжылася на аўсяным полі, якое раней убіралі сваім дуэтам Салдаценкі. Яно зусім блізка падступае да вёскі. “Хоць і палеглы, але выдатны авёс тут быў, — гледзячы на асцё сонечнага іржышча, дзяліўся Міхась, —
па 60 цэнтнераў з гектара сабралі!”
Рулоны саломы на полі надавалі адчуванне яшчэ большай гарачыні, але васьмікласніца Віка, дзевяцікласнік Слава разам з малым Вітальком у імгненне вока забраліся наверх саламянай горкі. А тут і дырэктар пад’ехаў, настрою ўсім Салдаценкам падкінуў паведамленнем, што ўвечары бацькі грошы атрымаюць.
— То мо іх хопіць, каб дзяцей у школу сабраць? — з іроніяй сапраўднай паляшучкі, з гарэзлівым бляскам у вачах выдала Ігарава Надзея.
— Яшчэ і багата застанецца, — імгненна адпарыраваў Краўчанка, зазначыўшы, што па мільёны два браты атрымаюць. А старанная іх праца на сёлетнім жніве адзначалася ўжо падарункамі не толькі ад кіраўніцтва КСУП, але і ад абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. У пачатку верасня — раённыя “Дажынкі”, так што і там працоўная адзнака Салдаценкам будзе.
 — Пры такой рабоце, што зранку і да вечара мужыкі вашы ў полі, можа і аблічча іх сталі забываць? — цікаўлюся ў жанчын.
— А мы іх партрэты на мабільнікі зафіксавалі, — лічы, уголас адказваюць Надзея і Кацярына.
Дарэчы, Надзея дома ўлетку толькі ў абедзены час, бо працуе даяркай, і з чатырох гадзін раніцы з’язджае за тры кіламетры, дзе пасвіцца статак, на першую дойку. Дзеці ўпраўляюцца дома самі.
Кацярына, жонка малодшага Салдаценкі, таксама пасля дэкрэтнага водпуску пойдзе працаваць у “Чамярыскі”. А пакуль займаецца Лінкай-Ангелінкай. Віталёк наведвае садок.
— Думаем рамонт зрабіць у доме, ужо чатыры гады пражылі, трэба змяніць шпалеры, асвяжыць фарбы, — падзялілася планамі на чарговы заробак мужа Кацярына.
— Калі на наступнае жніво вашы мужчыны падрупяцца, то і па легкавіку змогуць зарабіць, — рэзюміруе дырэктар. — Дарэчы, у іх памочнікі на адвозцы добрыя, з аднолькавым прозвішчам Галко — Рыгор і Аляксандр.

Дынастыя Краўчанкаў
Сёлета ў КСУП “Чамярыскі” намалацілі 7055 тон зерня, даўно выканалі дзяржаўны заказ. Значная частка ўраджаю-2008 прымалася як хлеб, бо тутэйшыя глебы практычна не забруджаны. Магутная сушылка, зманціраваная ў гэтым сезоне, значна паўплывала на якасць зерня.
 — Тэхніка ў нас новая паступова з’яўляецца. Ад губернатара атрымалі падарунак — “Беларус 2822”, шчыра ўдзячны: выдатная машына для апрацоўкі глебы, ды і на нарыхтоўцы сенажу суладна дзейнічае з 9-метровай касілкай, — расказвае 32-гадовы дырэктар Краўчанка. — Цяпер ёсць намер рэалізаваць лішкі зерня і прыд-баць яшчэ самы эканамічны ў свеце трактар “Fendt-900”, комплекс “HORSCH” для сяўбы. Гэта абыдзецца нам дзесьці ў паўтара мільярда рублёў.
Генадзь — плоць ад плоці гэтай зямлі, памяркоўны, разважлівы.
— Уборку ажыццявілі за два тыдні сваёй сельмашаўскай тэхнікай. Працаваў у нас і “Дон”. Усё залежыць ад таго, як людзі на гэтай тэхніцы працуюць, — дзеліцца дырэктар. — На КЗР-12 мы не толькі сваё абмалацілі, але яшчэ дзвюм гаспадаркам раёна дапамаглі і чачаранам. Я задаволены сельмашаўскай тэхнікай. Але лічу: неабходна канкурэнцыя ўнутры рэспублікі, каб вытворцы адчувалі, што нехта іх можа “пасунуць”…
Сёння кадры самім трэба выхоўваць. Тэзіс пра тое, што меншай колькасцю людзей зрабіць больш, яшчэ не падыходзіць да сённяшняга стану развіцця нашай вёскі. Наадварот, трэба задзейнічаць усіх, хто жыве тут. У нас, напрыклад, чалавек 20, якія са спіртным сябруюць. Выгнаць іх — прасцей простага. Ёсць кім і замяніць. Але ж куды гэтыя людзі падзенуцца? Яны ўсё роўна будуць знаходзіцца між нас, бадзяцца па вуліцы, трапляцца на вочы дзецям, якія ідуць у школу… Співаюцца ад беспрацоўя. Патрэбна пастаянна быць пры справе. Таму мы сур’ёзна займаемся перавыхаваннем. Многія людзі адчулі смак працы, заробленага ўласнымі рукамі хлеба.
Работы хапае. Гаспадарка стала эканамічна стабільнай. А каб нармальна жыць, трэба тварыць навокал прыгажосць. Значныя сродкі накіроўваюцца на добраўпарадкаванне тэрыторыі, рамонт бытоўкі. У 2009-м плануюць поўнасцю перааснасціць жывёлагадоўчыя фермы, будуць дзве малочнатаварныя.
Дырэктар па адукацыі заатэхнік, скончыў у 1999-м сельгасакадэмію ў Горках. Годам пазней — і малодшы брат Канстанцін, які цяпер намеснікам працуе. “Ведаеце, у мяне па жыцці брат быў лепшым сябрам, таму я з ім, — падзяліўся ён, — дарэчы, тут і бацькі нашы працуюць: мама, Ніна Іванаўна, — загадчыца склада, а бацька, Іван Рыгоравіч,— аператар па дапрацоўцы малака”.
 — Гэта ў нашай вёсцы вельмі аўтарытэтная сям’я. Ведаю іх здавён, вучыла рабят нямецкай мове, — казала нам пра кіраўніцтва прадпрыемства былая настаўніца Дзіна Іосіфаўна Гарошка. — Здорава яны сёлета арганізавалі і ўборку збожжа нашым вяскоўцам, выдзелілі для гэтага тры камбайны. Абмалот вёўся ад хаты да хаты, хутка, якасна. Людзі задаволены.

Толькі тут ёсць “куры”!
Ад Чамярысаў напрамкі праз поле і лес усяго сем кіламетраў да жывапіснага ўзбярэжжа Дняпра-бацюхны. А ён за свой век колькі разоў мяняў свае цячэнне! Дык там, расказвалі нам мясцовыя жыхары, расце шаўковая трава і збягае яна да самых хваляў. Запаведныя месцы! І чарнобыльская навала іх не зачапіла, кажуць, што стрэлка дазіметра там з нуля не варушыцца ні ў адзін бок… На адкрыццё рыбалкі туды дабіраюцца на вельмі “крутых” машынах. “Калі б вы на джыпе якім да нас заехалі, то можна было б вам паказаць тыя месцы”, — скрушна ўздыхалі сяляне, што не ўбачым мы прыгажосць таго берага.
 — А мы чулі, што ў вас вяселлі нязвычна спраўляюць, на трэці дзень — “куры”! — прадэманстравалі мы веданне абрадаў.
— Е такое! Тры дні йдзе вяселле, а ў панядзелак зранку сваты ходзяць па дварах, ловяць курэй, круцяць ім галовы. Потым у агромністых катлах варыцца булён такі з мясам, для ўсіх гасцей. Гудзе вяселле, бы толькі пачалося! — напеўна прамаўлялі жанчыны.
У этнаграфічным музеі Чамярыскай сярэдняй школы, затойваючы дыханне, мы дакраналіся да экспанатаў даўніны гэтага непаўторнага куточка Палесся. Драўляныя ночвы, у якія дзёрлі бульбу для дранікаў, бачок для квасу, які ў касавіцу бралі з сабой на луг, драўляныя лыжкі самых розных “мадыфікацый”. А ў доме бабулі і дзядулі з дзіўным прозвішчам Пяхота і драўляная маслабойка адшукалася. Рэліктавая рэч: збылі сёлета старыя карову, здароўе падводзіць.
Добра, што ў пафарбаванай, утульнай сельскай школе месціцца скарбонка даўняга побыту. І сярод настаўнікаў ёсць такія як Надзея Фёдараўна Абросімава, што тым жа нажом для копкі торфу віртуоз-на валодае: малечай нарыхтоўвала паліва дзедаўскім метадам… Ці не таму і моладзь тут праяўляе цікавасць да свайго, карэннага, ад зямлі роднай не спяшаецца адарвацца. Тыя, што тут засталіся, маюць намер яе адраджаць. Браты Краўчанкі, Салдаценкі… Надзея нашага Палесся.
Тамара КРУЧЭНКА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей