Каму мядку салодкага?

  • 1603
  • 00:00
  • 14.08.2008
Поделиться
Гучнай песняй, смачным мёдам, пахучым яблыкам пракаціўся
па добрушскай зямлі “Спасаўскі кірмаш”.

— Пчолкі мае, ляціце хутчэй да мяне! — крычала гаспадыня падворка “Запрашаем да Сцяпанаўны”.
— Каму мядку салодкага? — гучна пытаўся вусаты пасечнік.
— Блінцы! — чулася з другога боку.
З кожнага імправізаванага падворка так і сыпаліся запрашэнні паспытаць, паспрабаваць, пачаставацца. На адзін дзень гарадская плошча і сквер, які да яе прылягае, ператварыліся ў старажытны горад — са сваімі вуліцамі, гістарычнымі асаблівасцямі, традыцыямі. Прадукцыя народных промыслаў надзвычай яскрава характарызавала нацыянальны каларыт жыхароў Добрушскага краю.
Свята “Спасаўскага кірмашу” сабрала шматлікіх гасцей. Сярод іх — старшыня аблвыканкама А. С. Якабсон, дэлегацыі Гараднянскага раёна Украіны і Клімаўскага раёна Расійскай Федэрацыі, суседніх Веткаўскага і Гомельскага раёнаў. Госці наведалі кожны падворак, дзе іх гасцінна частавалі гаспадары і гаспадыні. Свята асвяціў архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх.
Ганаровае права ўзняць флаг свята і адкрыць афіцыйную частку атрымала былая настаўніца, а сёння — старшыня раённага клуба кветкаводаў В. А. Бондарава і таленавітая дзяўчынка, зорка раённай эстрады Даша Кавалюк. Дарэчы, у афармленне свята раённыя кветкаводы зрабілі важкі ўклад. Іх падворак па вуліцы Цвяточнай не пакінуў раўнадушным нікога.
Як толькі флаг быў узняты, “Спасаўскі кірмаш” пачаў сваё жыццё. У тым, што свята стане візітнай карткай Добрушскага раёна і адным з абласных традыцыйных мерапрыемстваў, у сваім прывітальным слове гасцей упэўніў старшыня аблвыканкама.
Сярод запрошаных на свята быў і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея рэспублікі У. І. Пракапцоў. На кірмаш мастак прыехаў не з пустымі рукамі: гораду ён падарыў амаль цэлую галерэю — 40 творчых работ вядучых мастакоў Беларусі і паабяцаў, што будзе рабіць усё магчымае, каб Добруш стаў адной з вядучых культурных пляцовак краіны.
У гэты ж дзень адбыўся раённы фестываль народнага гумару, які сёлета можна назваць адкрытым і міжнародным, бо нараўне з дабрушанамі са святочнай сцэны свае жартоўныя песні, гумарэскі, танцы і частушкі гледачам дарылі госці з Гомельскага раёна і блізкага замежжа.
Збіраючыся дадому, госці гаварылі на развітанне не “бывайце”, а “да хуткай сустрэчы”.
С. ЧАЙДАК

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей