“На Івана ночка мала…”

  • 1883
  • 00:00
  • 08.07.2008
Поделиться
Купалле… Старажытнае, цудадзейнае свята продкаў нашых, якое ўпамінаецца яшчэ ў першых крыніцах славянскай пісьмовай культуры.

У Любенскім мікрараёне распачалося яно з адкрыцця своеасаблівага сімвала свята — кампазіцыі “Сонейка”. На цырымоніі прысутнічалі старшыня аблвыканкама Аляксандр Якабсон, старшыня Гомельскага гарвыканкама Аляксандр Бяляеў, кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна Таццяна Філімончык.
— Я зычу вам, каб разам з той агромністай лялькай на возеры згарэлі ў полымі ўсе вашы бедачкі, а каля купальскага вогнішча вы згадвалі толькі добрае, — падкрэсліла Таццяна Сцяпанаўна. Яна разам з аўтарам кампазіцыі Тамарай Дзмітрыевай перарэзалі стужку. У нябёсы ўзляцелі дзесяткі шароў.
І запаланіла свята ўсю набярэжную возера Любенскае. З усіх куточкаў горада сабраліся сюды гамяльчане, каб пазбавіцца ад злосных духаў, ачысціцца ля агню, падпітацца магічнай сілай дрэў і раслін. Ганаровыя госці свята атрымалі духмяныя прыгожыя вяночкі з лугавых і палявых кветак. І паплыла, панеслася па ваколіцах песня:
Ой, рана на Івана…
Калектывы мастацкай самадзейнасці гомельскіх электрычных і цеплавых сетак, вагонарамонтнага завода і многія іншыя выканаўцы радавалі сваімі чароўнымі спевамі пра тое, як гудзе гулянка, і пра бульбачку са шкварачкай ды пад чарачку… А галоўныя персанажы свята — Купалінка і Ян — нагадвалі ўсім пра тое, як святкавалі нашы продкі гэта свята.
Але ж, пэўна, самая памятная дзея — апусканне вяночкаў купальскіх на ваду. Жадаючых праве-
рыць свой лёс было багата: кажуць, калі вянок круціцца на адным месцы, суджана ў дзеўках векаваць.
А вось калі паплыве — знойдзецца суджаны!
Т. КУПРЭВІЧ


* * *
Жыхары Чыгуначнага раёна г. Гомеля прыйшлі адсвяткаваць Купалле ў прыазёрную зону паблізу вуліц Фадзеева і Чапаева.
Раённае свята “Чароўная купальская ноч” стала для многіх жадаючых адшукаць сваю папараць-кветку сапраўдным пачаткам лета. Яно і зразумела: свежае паветра, мілагучныя спевы творчых калектываў прадпрыемстваў раёна, карагоды ля вогнішча... Для тых, хто наведаў свята, працавалі гандлёвыя рады і экспазіцыі выяўленчага мастацтва і дэкаратыўных вырабаў, дзіцячая гульнёвая пляцоўка. У праграме мерапрыемства было шмат цікавага, а скончылася яно феерверкам пад назвай “Папараць-кветка”. Так што сваю кветку шчасця тыя, хто меў магчымасць атрымаць асалоду ад гэтага відовішча, усё ж такі знайшлі.
І. БЕРАЗІНСКАЯ

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей