Эксперыменты на пшанічным полі

  • 1331
  • 00:00
  • 19.04.2008
  • Степан БОЛОТКИН
Поделиться
У некаторых гаспадарках Буда-Кашалёўскага раёна яшчэ толькі закончылася сяўба ранніх збожжавых і зернебабовых культур, а ў рэспубліканскім сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Эксбаза” “Пянчын” на саракагектарным участку ўжо зазелянела яравая пшаніца.
 — Гэта поле ў нас эксперыментальнае, — тлумачыць дырэктар сельгаспрадпрыемства У. У. Яўсеенка. — Упершыню тут пасеялі пшаніцу ранняй вясной яшчэ перад сяўбой ячменю і аўса. Астатнюю плошчу ў 210 гектараў засеялі на некалькі дзён пазней. Тут яшчэ ўсходаў няма. У залежнасці ад таго, якое поле сёлета будзе найбольш ураджайным, у наступным годзе і будзем вызначаць тэрміны сяўбы. А ўвогуле пшаніца ў нас пастаянна дае высокія ўраджаі. Летась, напрыклад, на круг атрымалі па 36 цэнтнераў хлеба, а пшаніца сорту “Рассвет” дала па 43 цэнтнеры збожжа з гектара. Таму сёлета плошчу пад яе павялічылі на 50 гектараў.
Уладзімір Уладзіміравіч звяртае ўвагу і на той факт, што сяўбу ранніх збожжавых пачалі ў ліку першых у раёне. Амаль усю плошчу засеяў перадавы механізатар гаспадаркі Аляксей Раманенка. Зараз ён прыступіў да сяўбы аднагадовых траў на зялёную падкормку.
Актыўна тут рыхтуюцца і да сяўбы кукурузы, пасадкі бульбы, іншых больш позніх яравых культур: вядзецца культывацыя глебы, уносяцца мінеральныя і арганічныя ўгнаеннi. Пад прапашныя культуры з разліку на гектар уносіцца па 40 — 60 тон арганікі. Стараннасцю ў рабоце вызначаюцца Мікалай Яначкін, Васіль Шапіра, іншыя механізатары. Для плённай работы ім створаны ўсе ўмовы. Двойчы ў дзень прама ў поле завозіцца харчаванне. Смачныя і каларыйныя абеды рыхтуюцца ва ўласнай сталовай.
Трэба падкрэсліць, што гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насеннага матэрыялу і рэалізацыі яго іншым гаспадаркам не толькі свайго раёна, а і вобласці. Сельгаспрадпрыемствы ахвотна набываюць яго. Вось што сказаў старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Крыўск” А. П. Падалячын:
 — Летась пшаніца, насенне якой мы бралі ў “Пянчыне”, дала больш чым па 70 цэнтнераў збожжа з гектара. Таму закупілі тут насенне і пад сёлетні ўраджай.
Улічваючы  тое, што попыт на насенне расце, у эксбазе плануецца значна павялічыць яго валавую вытворчасць, у тым ліку і за кошт павышэння ўраджайнасці да 40 цэнтнераў з гектара.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей