Галоўная прыстань — бацькоўская хата

  • 1482
  • 00:00
  • 07.03.2008
Поделиться
Той ранейшы драўляны дом, пакрыты шыферам, па вуліцы Садовай у Стралічаве Валянціна Арсенцьеўна Бяспалая часта бачыць у сне, хаця амаль дваццаць гадоў жыве ў кватэры ў гэтай жа вёсцы па вуліцы Маладзёжнай. Бачыць прасторныя пакоі, печку-грубку, калодзеж у двары, сад, дзе раслі яблыні, вішні, абрыкосы. У тым, ранейшым, выраслі дзеці…

С а сваім мужам Аляксандрам Іванавічам была знаёма з дзяцінства. Ён старэйшы за яе на восем гадоў. Вяселле згулялі ў лютым 1957-га, а ў снежні таго ж года маладая сям’я радавалася свайму першынцу — сыну Мікалаю.
— Спачатку жылі ў доме свекрыві, — успамінае Валянціна Арсенцьеўна. — А потым пачалі будаўніцтва ўласнага. Муж мой па прафесіі будаўнік і многае на нашым былым селішчы зроблена яго рукамі. Другі сын Валяр’ян нарадзіўся ўжо ў нашым доме.
У саўгасе “Стралічава” Хойніцкага раёна В. А. Бяспалая пачынала сваё працоўнае жыццё рабочай, потым дырэктар гаспадаркі запрасіў яе на працу ў кантору. Паспяхова закончыла Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум, стала працаваць бухгалтарам. 37 гадоў, да выхаду на заслужаны адпачынак, з’яўлялася галоўным бухгалтарам эксбазы “Стралічава”.
У вёсцы па-добраму зайздросцілі сям’і, пры сустрэчы гаварылі: “Якія ў вас дружныя дзеці!” Але ж маці лепш ведала сваіх сыноў — такіх розных, не падобных адзін на аднаго, але “памечаных” адной радавой рысай характару — добразычлівасцю да людзей, павагай да старэйшых.
Бяспалыя выхавалі і далі пуцёўку ў жыццё і двум дачкам сястры Валянціны Арсенцьеўны Тамары, якая з-за хваробы пайшла з жыцця ва ўзросце 29 гадоў, следам памёр і яе муж. Цяпер Таццяна жыве ў горадзе Ветка, а Люба — у Падмаскоўі.
Усе дзеці і ўнукі цягнуцца да бацькоў, бабулі і дзядулі — дай толькі знак. Добра пабыць з роднымі людзьмі, падзяліцца сваімі справамі, пачуць словы супакаення і падтрымкі. Вось і летась арганізавалі для іх залатое вяселле, а зараз рыхтуюцца адзначыць 70-гадовы юбілей з дня нараджэння маці, які прыпадае на 10 сакавіка.
К. БОСАК

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей