Напісанае застаецца

  • 8533
  • 11:17
  • 24.01.2008
Поделиться
“Гомельская праўда” ва ўсе часы плённа гадавала таленты. І сёння хочацца прыгадаць імёны пісьменнікаў, якія працавалі ў рэдакцыі, сваімі артыкуламі, нарысамі, замалёўкамі, паэтычным і празаічным словам прывівалі чытачам густ да літаратурнай мовы, чый талент сталеў, выкрышталізоўваўся на старонках нашай газеты.
Прыйшоў я з казкамі
У залатое ранне
Ад Сожа ціхага,
Ад берагоў Дняпра.
Краіна родная,
Прымі ж маё вітанне,
Прымі мой зорны спеў,
Далёкая сястра!
Так пісаў Паўлюк (Павел Адамавіч) Трус у далёкім 1927-м, калі пасля вучобы ў Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме прыйшоў у “Гомельскую праўду”. На працягу года ён працаваў у нашай газеце. 23-гадовы юнак ствараў шэдэўры, спяшаўся жыць, а лёс адвёў яму ўсяго чвэрць стагоддзя. Паэт паспее павучыцца на літаратурным аддзяленні педагагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, паўдзельнічае ў рабоце літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.
“Адметнае хараство музыцы слоў у Паўлюка Труса надавала паэтава захапленне вобразным складам беларускай народнай песні, вобразнасцю і інтанацыямі вялікага Кабзара Т. Р. Шаўчэнкі. Музыкальнасць, рамантычная квяцістасць, песенна-народны каларыт — усім гэтым найперш заварожвае, кранае Паўлюк Трус”, — так характарызуе творчасць паэта прафесар Алег Лойка.
Селі гусанькі —
Гусі-лебедзі,
Палі шэрыя
на ваду.
Ой, скажыце, гусанькі,
Ой, скажыце, лебедзі,
Ці я сваё шчасцейка
ды знайду?
Не паграшу супраць ісціны, калі скажу, што самыя цудоўныя паэтычныя радкі Паўлюк Трус напісаў, працуючы ў “Гомельскай праўдзе”. Менавіта 1927 годам датуецца яго своеасаблівы рэвалюцыйны гімн — паэма “Дзесяты падмурак”. Энцыклапедычны твор, які мы вывучалі ў школе:
Падаюць сняжынкі —
дыяменты-росы,
Падаюць бялюткі
за маім акном...
Расчасалі вішні
шоўкавыя косы
І ўранілі долу
снегавы вянок...
Сучаснікі паэта згадвалі, што ў жыцці ён любіў параўноўваць усё тое, што падабалася яму, акрыляла, з “музыкай без слоў”. У многіх яго вершах гучыць музыка беларускай мовы. А колькі пранізлівай шчырасці, любові да Бацькаўшчыны ў гэтых радочках:
Край легенд,
крыжоў, магіл-курганаў,
край тугі — бальзам жывых крыніц...
Край смугі,
бялявых кос туманаў,
край палёў,
краса шумлівых ніў...
Край балот, нізін, азёраў наскіх,
край лясоў, маўклівых сосен-струн...
Край паэм, адвечных песень-казак —
дарагая сэрцу
Беларусь...
Нядаўна споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага празаіка Рамана Карпавіча Сабаленкі, які пачынаў сваю літаратурную творчасць з паэзіі, працуючы ў “Гомельскай праўдзе” з 1930-га па 1941-ы. Сабаленка — з сялянскай сям’і, з вёскі Сабалі Брагінскага раёна, якой пасля чарнобыльскай навалы ўжо няма на карце Гомельшчыны.
Выпускнік Гомельскага педінстытута імя В. Чкалава, Раман Карпавіч да нашай абласной газеты некаторы час працаваў у “Звяздзе”. Але пасля службы ў арміi ён уладкоўваецца ў “ГП” і працуе тут да Вялікай Айчыннай. Менавіта ў гады работы ў нашай газеце створана паэма “Брагінь”, у гэты час 32-гадовы Сабаленка прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У сваёй аўтабіяграфіі, напісанай у жніўні 1962-га, Раман Карпавіч згадваў: “Неўзабаве ў Гомель прыехаў на працу ў рэдакцыю “Палескай праўды” Паўлюк Трус. Для мяне гэта было падзеяю незвычайнай. Мы хутка пасябравалі. Паўлюк увогуле быў чалавек кампанейскі. Зблізіўся ён не толькі са мною...
Работа ў газеце для пісьменніка вельмі карысная. Я заўсёды знаходзіўся як бы на першых рубяжах сацыялістычнага будаўніцтва. Як карэспандэнт, бываў на будоўлях пяцігодак. Пісаў нарысы, рэпартажы, артыкулы пра ўдарнікаў пяцігодак. Многа ездзіў па калгасах, бачыў, як у барацьбе са старым, аджываючым, станавілася на трывалыя ногі новае, сацыялістычнае. У тыя гады пісаў і друкаваў у газетах многа вершаў, паэм, мастацкіх нарысаў. То былі гераічныя гады самаахвярнай працы нашага народа, які надгаладзь, не пакладаючы рук, будаваў новае жыццё”.
Аўтар 15 кніг, узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і медалямі, Сабаленка ўвесь свой пасляваенны лёс звяжа з журналістыкай. З асалодай перачытваю аўтабіяграфічную трылогію пісьменніка “Іду ў жыццё”. Уражвае мова — сакавітая, глыбінная, палеская. У вобразе Макара Шыянка — журналіст і пісьменнік Раман Сабаленка. Вось як ён згадвае пра адну рэдакцыйную камандзіроўку:
“Мароз паскрыпваў добры. У туфельках на гумавым хаду, у паліто, падбітым ветрам, і ў летняй шапцы бег я на вакзал. Холад браў за ногі, шчыкаў за вушы. Я наставіў каўнер, але ён не даставаў вушэй, хіба толькі трошкі зацішней стала шыі. Ахутаны сівымі клубамі марознай пары, я ўваліўся ў вакзал, як на гарачую чарэнь печы. Там было напалена, надыхана. Пакуль я з марозу адціраў вушы, нос, нікога не мог разгледзець.
— Макар, я ўжо ўзяў білеты, — падкаціўся да мяне круглячок Шаевіч (Айзік Шаевіч — тагачасны фатограф “Палескай праўды” — аўтар). Яго цяжка было пазнаць: у валёнках, у добрым зімовым паліто, у шапцы-вушанцы. Галава была закутана ў нейкі башлык.
— Ты гэта што, хіба на Паўночны полюс сабраўся? — агледзеўшы Шаевіча, запытаў я.
— А хоць бы сабе і на полюс. А от ты куды ў гэтакім, у тропікі? Ты ж адубееш.
— Не адубею. Затое лёгка будзе ісці. А па цябе хоць грузавік падганяй.
— Чаму ісці? Хіба я дурны пешшу ісці. Пазвонім старшыні калгаса, дык фурманку падгоніць. У мяне ж ногі не рэдакцыйныя, каб я іх падбіваў”.
У сваёй аўтабіяграфіі Раман Сабаленка добрым словам згадвае сакратара рэдакцыі Піліпа Ларывонавіча Яўменава, які клапаціўся, каб маладых аўтараў не толькі друкавалі, стварыў пры газеце літаб’яднанне. Вельмі сардэчна гаварыў пра гэтага чалавека і Іван Пятровіч Шамякін.
Нядаўна мне пашчасціла пазнаёміцца з пляменніцай Яўменава — гамяльчанкай Святланай Леанідаўнай Кучынскай, атрымаць фотаздымак Піліпа Ларывонавіча, які ў пасляваенны час вырас да рэдактара газеты.
У час вучобы на філфаку БДУ я пісала вершы. І яшчэ б доўга не адважвалася несці іх у рэдакцыю газеты “Літаратура і мастацтва”, каб не выпадковая сустрэча з Аляксандрам Пятровічам Капусціным. На той час ён працаваў намеснікам галоўнага рэдактара “ЛіМа”. “А вы прыходзьце з вершамі ў нашу рэдакцыю, думаю, яны будуць надрукаваны”, — неяк зусім па-свойску сказаў Аляксандр Пятровіч, паслухаўшы некалькі маіх радкоў. І гэта даступнасць, чалавечая абаяльнасць пісьменніка прыдалі ўпэўненасці, што да маіх кволых радкоў літкансультанты аднясуцца не з меншай цікаўнасцю і прыязнасцю. Гэта пазней я даведаюся, што 18-гадовым юнаком на другім годзе вайны ў роднай сваёй Старой Рудні на Жлобіншчыне Аляксандр Пятровіч арганізаваў камсамольска-маладзёжную падпольную групу, а ў 1943-м, змагаючыся з ворагам у партызанах, напісаў першую карэспандэнцыю. Яна была змешчана ў нашай газеце, якая выдавалася ў падполлі.
Шэсць гадоў жыцця ветэрана Вялікай Айчыннай А. І. Капусціна — з 1965 па 1971 — былі звязаны з “Гомельскай праўдай”. У яго творчым багажы звыш 15 кніг апавяданняў і аповесцей, пераклады з рускай і польскай моў. Сёлета, калі была ў Жлобіне на цырымоніі ўручэння абласной літаратурнай прэміі імя Капусціна, у каторы раз згадала гэтага цудоўнага чалавека. Землякі прачула ўспаміналі яго, ганаровага грамадзяніна свайго райцэнтра.
Сем гадоў творчага жыцця паэта Ула­дзіміра Дзюбы былі звязаны з Гомелем. Дзяцінства творцы прайшло ў Патапаўцы Буда-Кашалёўскага раёна, якая падаравала яшчэ двух таленавітых пісьменнікаў — Анатоля Зэкава і Таццяну Гарэлікаву. Ула­дзімір Іванавіч Дзюба пасля службы ў арміі працаваў рэдактарам Гомельскай студыі тэлебачання, а з 1972 па 1975 — літсупрацоўнікам “Гомельскай праўды”.
Я не помню ўжо,
Калі там быў
І калі ваду
З крыніцы піў.
Толькі помню:
Сож і —
Ні душы.
І збягаю я
З крутой шашы...
Уладзімір Дзюба — аўтар не толькі вершаў, а і радыёп’ес. Ён працаваў старшым рэдактарам літаратурна-драматычнага вяш­чання на Беларускім радыё. Зараз пісьменнік знаходзіцца ў акружэнні сваіх блізкіх — перажыў ампутацыю нагі. Хочацца перадаць гэтаму мужнаму творцу па-зямляцку шчырае вітанне ад нашай газеты-юбіляркі, ад усіх супрацоўнікаў рэдакцыі. Трымайцеся, Уладзімір Іванавіч!
“Апошнім часам займаюся выключна літаратурнай работай — знаходзіцца пры якойсьці пасадзе не дазваляе здароўе, хапіла б сіл ды часу на галоўнае, на тое самае маё запаветнае:
Каб скрозь жыццё ісці к надзеі —
Дайсці самому да яе”.
Гэтак пісаў пра сябе ў 1992 годзе ў альманаху “Магістраль” Іван Кірэйчык, таленавіты паэт, які працаваў у нашай газеце. Ён падрыхтаваў рукапісы прозы ”Бяссмертнікі” і “Звычайнае дзіва”, меў намер перадаць іх у выдавецтва. Смерць перарвала творчыя планы. Але напісанае застаецца:
Закіпаюць травы на лугах,
Разнаквецяць, бродзяць, кашміровыя,
А на сэрцы цяжкая туга —
Зноў не будуць травы састагованы.
Травы, што правэнджаны наскрозь
Чорнаю чарнобыльскай нядбайнасцю,
Пойдуць пад снягі і пад мароз
Без святой, без касавіцкай радасці...
Нядаўна калектыў рэдакцыі шчыра віншаваў з 85-годдзем Міхася Пятровіча Даніленку. Дзякаваць Богу, яго творчыя стасункі з нашай 90-гадовай юбіляркай працягваюцца, яго мудрае, трапнае слова і па тэлефоне здольна падбадзёрыць, зрабіць на колькі хвілін разрадку: “Пазнала? Гэта добра, калі пазнаюць...”
Тамара КРУЧЭНКА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей