Почырк сталага майстра

  • 2309
  • 11:17
  • 24.01.2008
Поделиться
9 кастрычніка 1953 года Міхась Пятровіч Даніленка быў прыняты літработнікам у “Гомельскую праўду”. Адпрацаваў у рэдакцыі 30 гадоў. Дзень у дзень у пазначаны ўзростам тэрмін пайшоў на пенсію, каб прадоўжыць сваё жыццё ў літаратуры.
Ды ўсе гэтыя гады (амаль чвэрць стагоддзя) Міхась Пятровіч не парывае сувязі з роднай газетай. Апавяданні, абразкі, замалёўкі з натуры дасылаў у рэдакцыю з роднай Лоеўшчыны, з дачы ў вёсцы Пустая Града (яе дасціпны Даніленка перайменаваў у Багатую). Цяпер былы наш калега піша ў “Гомельскую праўду” ужо з гомельскай шматпавярхоўкі — жыве пісьменнік непадалёк ад Любенскага возера.
“Гімнам беларусу” назваў у свой час яго аповесць “Апанаска лугавы” крытык Алесь Марціновіч. І сёння творы Міхася Даніленкі запатрабаваны старэйшым літаратурным часопісам “Полымя” — там хутка з’явяцца яго два апавяданні “Сустрэча ў ліфце” і “Святаяннік”.
Адметны почырк Міхася Пятровіча на лісце паперы не зблытаеш ні з чыім іншым. Як і стыль яго прозы — стрыманай, без “красивостей”. Імпануе, што ўсё, пра што піша пісьменнік, ён дэталёва ведае, перажыў, назіраў. Аўтар 15 кніг, дзве з якіх — “Заветный океан” і “Мать Марья” выйшлі ў свет у “Советском писателе”.
У 1957-м Міхась Даніленка адзіны з журналістаў абласных газет Беларусі быў акрэдытаваны пісаць рэпартаж з Міжнароднага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве. Кавалер ордэна Айчыннай вайны другой ступені, адзначаны дзвюма граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Даніленка застаецца чалавекам надзвычай сціплым, ніколі не выпінае сваіх заслуг.
Шчыра, сардэчна згадвае Міхась Пятровіч сваю работу ў “Гомельскай праўдзе”. “Я аб’е¬здзіў усе раёны Гомельшчыны, працуючы ў рэдакцыі. Пашчасціла і нафту адкрываць (ёсць здымак каля першай буравой), і радовішча граніту на лельчыцкай зямлі... Любаваўся Князь-возерам на Жыткаўшчыне, быў на радзіме дзеда Талаша, пісаў і пра Рудабелку... Ды ці ўсё згадаеш!” — дзеліцца Даніленка.
Тамара КРУЧЭНКА
Заўтра Міхасю Пятровічу спаўняецца 85. Калектыў рэдакцыі “Гомельскай праўды” шчыра вітае юбіляра! Жадаем вам, шаноўны Міхась Пятровіч, як мага больш здароўя, камфортных умоў для стварэння новых твораў, здзяйснення ўсіх задум!

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей