З ЧаплIна — у Рэкорд

  • 2277
  • 11:17
  • 24.01.2008
Поделиться
Нам, журналістам, не даводзіцца скардзіцца на недахоп цікавых субяседнікаў.

І ў рэдакцыйныя кабінеты завітваюць чытачы, абрушваецца шквал званкоў. Ды наступае часіна, калі адчуеш: стоп, трэба ехаць у вёску. Каб падпітацца жывой вадой народнай мудрасці, родным, душэўным. Чарговая мая вандроўка была на Лоеўшчыну, у вёскі з адметнымі назвамі Чаплін і Рэкорд. Вядома ж, не магла мінуць і Страдубку.
Тут цэнтр жыцця
Гэта сапраўды так, бо ў Страдубцы ёсць сельскі Савет, які ўзначальвае руплівая, добразычлівая Святлана Дзегцярэнка. Кажуць, назва гэтай вёскі, якая сёння гучыць на чэшскі манер, утварылася са слова “старадубка”: у даўнейшыя часы тут было багата векавых дубоў. Літара “а” згубілася ў дзесяцігоддзях і атрымалася сённяшняя назва. А старых дубоў цяпер тут не сустрэнеш.
Праўда, ёсць людзі-волаты. У прыватнасці, 100-гадовая Алена Рыгораўна Каваленка, увасабленне магутнасці духу нашых матуль. Спрадвеку яе сям’я жыла ў вёсцы Ніва, займалася вырошчваннем і апрацоўкай ільну. Гаспадар быў знакаміты бондар і майстар па апрацоўцы скуры. Вялікая сям’я, шасцёра дзяцей. Каваленкі наймаліся пасвіць жывёлу ў іншых вяскоўцаў, каб пракарміць сваю сям’ю...
— Дазвольце за вас, бы за вечнасць, патрымацца, — сказала я цётцы Алене, якая і ў свае 100 нядрэнна выглядае. (Што значыць побач з дзвюма дачушкамі жыве, якія вельмі клапатліва адносяцца да сваёй матулі.) Рыгораўна шчыра ўсміхнулася. А дочкі-пенсіянеркі Людміла і Ганна паказалі матуліны льняныя цуды — вышываныя ручнікі, просціны, накідушкі з танюткага, добра апрацаванага даўгунцу. Глядзіш на гэтыя работы, вачэй не адвесці. “У нас яшчэ і церніца ёсць — сямейная рэліквія”, — сказалі жанчыны.

Салаўёў хутар
Такую паэтычную назву насіла селішча, што размясцілася каля Ляхавай гары. Увесну тут радуюць спевамі салаўі, а ўвосень — самая грыбная мясціна: белыя, падбярозавікі.
У пачатку мінулага стагоддзя Ляхава гара была далёка вядома сваімі карыснымі выкапнямі. Тут здабывалі белы пясок для рэчыцкай керамікі, барысаўскага крышталю. Шчодрай была гэтая ўзвышаная мясцовасць і на фарбу охру.
Цяпер тут прамысловае жыццё заціхла. Хаты многіх вяскоўцаў апусцелі, іх выкупляюць пад дачы і паціху адбудоўваюцца. Запаведная гэта мясцінка — рай для творчага чалавека. Тут можна натхніцца хараством цішыні вакольнага лесу, у пазалоце восеньскай лістоты неспадзеўкі спыніцца і згадаць тутэйшую охру: ці не ёй падфарбаваліся дрэвы?
Ад дачкі аднаго са старажылаў Салаўёва хутара Міхаіла Васільевіча Саманчука — Марыі, што жыве цяпер у Санкт-Пецярбургу, пачула: “Няма мясціны прыгажэйшай і больш прыдатнай для адпачынку, чым наша Ляхава гара”.
Жыве Чаплін!
Калі ўпершыню пачула, што на Лоеўшчыне ёсць вёска з такой экзатычнай назвай, падумала: “Няўжо так занатавалі тут прозвішча славутага коміка?” Захацелася знайсці неардынарнага чалавека, адметнага нейкім талентам. Пашанцавала. Васіль Фёдаравіч Ма-джара, чалавек трагічнага лёсу, пазбаўлены зроку, аказаўся сама-дзейным паэтам-сказіцелем. Шмат нарыфмавана ім на тэмы вясковага жыцця, “падгледжана” столькі яркіх сюжэтаў і асоб. Свае “вершыкі” Фёдаравіч трымае ў памяці. Радуецца, калі ў яго адзінокай хаце надарыцца госць, якому можна нешта агучыць са свайго рэпертуару:
Жонку ўвесь час любіць трэба,
Каб песні яна пела.
Ды не трэба
ва ўсім прызнавацца,
Бо пачне зазнавацца...
У люстэрку будзе прыбірацца,
А на табе катацца.
Будзе следаваць за модай,
А на табе — вазіці воду,
Стане гэтак прымушаць,
Што парсюкам пачнеш мяшаць...
Мужыкі тожа добрыя бываюць,
Ля магазіна днямі прападаюць.
К вечару так набярэцца,
Што дадому ледзь прыпрэцца...
Вёска Чаплін другая па велічыні пасля Страдубкі ў тутэйшым сельсавеце, цягнецца чатыры кіламетры. Мой суразмоўца сказаў пра яшчэ дзве версіі паходжання назвы. Быццам колісь гэтыя мясціны былі аблюбаваны чаплямі. Праўда, няма іх зараз — ні белых, ні шэрых. Самай распаўсюджанай і жывучай застаецца такая трактоўка паходжання назвы. Нават і сёння, доўга чакаючы госця з другога канца вёскі, знерваваўшыся, гаспадар прамаўляе: “Ну, калі нарэшце ён дачапае?”

Рэкорд на халасцякоў
Відаць, сёння гэта галоўны рэкорд вёскі Рэкорд. Невялічкая, нібы агароджаная з двух бакоў палеткамі кукурузы, яна паціху аджывае сваё. Халасцякоў тут хапае, але ж гаспадароў руплівых мала. Вось толькі сядзіба Мікалая Якаўлевіча Конанава патанала ў флёксах, хаця і ён, мясцовы старажыл, ужо ўдавец.
— У 1924 годзе на аснове вёсак Рэкорд, Гарадок, Васход, Прагрэс арганізаваўся калгас пад назвай “Рэкорд”. Мой родны дзядзька Адам Мікітавіч Конанаў быў тут старшынёй. Перад вайной яго перавялі старшынёй Уборкаўскага сельсавета, — расказаў М. Я. Конанаў.
Аповед Міхаіла Васільевіча Саманчука, в. Ісакавічы, Салаўёў хутар:
— Ваяваць мала ваяваў, але пакалечаны добра. Вайну пачаў у 1943-м у Рэчыцкім раёне. Пяхота. Раненні. Апошні раз пад Бабруй-скам паранены. І цяпер у лёгкім асколак нашу. У кастрычніку 1947-га дэмабілізаваўся, уладкаваўся ў Ленінградскую геолагаразведвальную экспедыцыю, даследавалі карысныя выкапні нашага краю. Глядзелі, колькі ў нашай зямлі месціцца кварцавага пяску. Яго тут падгледзелі, калі я яшчэ малы быў. Кар’ер з’я-віўся ў 30-я гады мінулага веку. Для Рэчыцкага керамічнага сталі нарыхтоўваць пясок, па 7-8 баржаў за суткі адпраўлялі.
Кажуць, што ў 1909 годзе французы агледзелі ў нашай Ляхавай гары фарбу — залацістую охру. Узяліся тут за падрадчыкаў. Так і называлі гэту фарбу “французская”, яна была першага гатунку. Другі гатунак пастаўлялі ў Маскву, Адэсу, Піцер, Кіеў. Мой дзядзька працаваў у гэтых шахтах. Я і сам спрабаваў яе капаць. Такая фарба — што масла, вазьмі ў рот, растае...
Аповед Мікалая Якаўлевіча Конанава, удзельніка карэйскіх падзей, в. Рэкорд:
— Да вайны скончыў два класы. Добра памятаю, была нядзеля. Пайшоў на рыбалку на Дняпро. Калі вяртаўся, убачыў, што народу шмат на вуліцы. Увайшоў у хату — маці плача, бацька, дзядзька Іван і адзін настаўнік сядзяць за сталом. “Вайна пачалася!” — кажуць. Мне дзесяць год, хлапчук яшчэ. Бацька пайшоў на вайну, а я застаўся за гаспадара. (У сям’і нас трое — я, малодшая сястра, брат).
Перад фарсіраваннем Дняпра мяне папрасілі апавясціць, каб усе партызанскія сем’і сабраліся на ўзлеску. Калі ўжо адыходзілі, я сказаў маці, што крыху затрымаюся: меў намер адпомсціць таму немцу, што замахваўся на маё жыццё. Маці заплакала і кажа: “Сынок, мы не паспеем дабегчы да лесу, як яны нас сабакамі дагоняць...”
Памятаю зводку Інфармбюро: у Рэкордзе нашы, а на Уборку яшчэ немцы... 19 лістапада нас вызвалілі.
...Прыйшла павестка ў армію. Забралі ў Хабараўск. У 1950-м у Карэі пачалася вайна. Нас усіх выстраілі ў клубе. Генерал падыходзіць: “Радавы Конанаў, жадаеце ў Карэю на фронт?” “Так точна!” — адказваю. Я адбыў там два гады, радыстам пры штабе дывізіі.
Былы настаўнік сказаў мне пасля вяртання: “Давай разам калгас падымаць”. На той час ён ужо тут быў старшынёй. Абралі мяне брыгадзірам, потым накіравалі ў Ма-р’іну Горку вучыцца завочна на агранома. 37 гадоў адпрацаваў брыгадзірам паляводчай брыгады, быў упраўляючым у Рудні Каменевай, за Дняпром. У Рэкордзе працаваў. Нават тры гады на пенсіі яшчэ шчыраваў.
Аповед Васіля Фёдаравіча Маджары, в. Чаплін:
— У 1950-м пайшоў у лес па грыбы з хлопцамі. Адзін кажа: “Глянь, Вася, што за провад такі”. Хто ж ведаў, што там замініравана было яшчэ з вайны. Я за той провад пацягнуў... Руку правую адарвала і аслеп. Інвалід другой групы. Увесь час адпрацаваў скотнікам. Мяне бацька малым кінуў, дык яно такое вязенне ўвесь век. Сям’я — як не вязло, так не вязло.
У 1958-м на Міколу вясновага паехаў да сваёй дзяўчыны-мары Тоні. Кажу: “Тоня, ты мяне бачыш? Я да цябе прыеду, калі хочаш?” “Прыязджай”, — адказала. А я, калі падхмялеў, збег. Праз колькі часу адумаўся, але Тоня тады мне адмовіла. А потым наказвае: “Прыходзь!” На Пятра як пайшоў, дык 38 гадоў пражылі і восем месяцаў. Яна памерла ўжо.
А з дзецьмі так... Адно нарадзі-лася — у год і сем месяцаў памерла. Другое — у пяцігадовым узросце на той свет сышло. Трэцяя дачка жыла ў Маскве, таксама памерла. Засталася толькі Тамара ў Рэчыцы. Так што цяпер унукаў чакаю — адзін з Масквы прыязджае, а двое — з Рэчыцы.
Аповед Канстанціна Фёдаравіча Грыцкова, в. Чаплін:
— Карані майго роду адсюль, з Чапліна. І сыны мае цяпер тут, на роднай зямлі. Мікалай вадзіцелем “КАМаза”, Міхаіл — трактарыстам...
...Мама нас усіх як гусянят да сябе прыгарнула, памятаю. А немцы скамандавалі “хальт!” І пагналі да бургамістра чаплінскага. Ён, гад, быў з мясцовых. Усе жанчыны плакалі: будуць паліць. Пад раніцу выгналі з той хаткі. Бачым, гоняць цэлую калону людзей, вакол сабакі ашалелыя брэшуць. І нас да іх далучылі, з Чапліна да Калінкавічаў пешшу... Там у агульны лагер. А праз некаторы час па вагонах раскідалі, і два тыдні мы ехалі без ежы і вады. Так дзіцёнкам трапіў у канцлагер. Дакладна не ведаю, ці то на тэрыторыі Германіі, ці ў Польшчы. Мне было 9 год. Курсіраваў з аднаго лагера ў другі. На тэрыторыі Аўстрыі дачакаўся вызвалення нашымі войскамі...
Тамара КРУЧЭНКА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей