Водпуск у верасні. Кірую ў Мінск, адсюль — 150 кіламетраў да Мядзель-шчыны. У аўтобусе Мінск — Нарач лічаныя пасажыры — некалькі пенсіянераў накіроўваюцца на курорт пазмагацца
за сваё здароўе. У Ждановічах аўтобус паварочвае ў бок аднайменнай здраўніцы. Едзем жывапіснымі мясцінамі.
А я згадваю, што зусім побач дача Івана Пятровіча Шамякіна. Нібы стужку дарогі, адкручваю ленту ўспамінаў...
Жнівень 1986-га. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін разам з Барысам Сачанкам і Міколам Мятліцкім пасля паездкі ў пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС Хойніцкі і Брагінскі раёны праводзілі сустрэчу з гамяльчанамі ў абласным драматычным тэатры. Пасля яе мой аднакурснік Мятліцкі запрасіў “разрадзіць” мужчынскую кампанію “сваёй жаночай прысутнасцю”.
— Калі яшчэ табе выпадзе такая нагода няспешна пагутарыць з класікамі, — аргументуе Мікола. Згаджаюся. Шыбую з гасцямі з ахапкам яркіх восеньскіх кветак (усё, што падарылі класікам, яны перадарылі мне) у гасцініцу абкама партыі.
Сабраліся ў нумары Шамякіна. Барыс Іванавіч Сачанка імкнецца жартаваць, каб падняць настрой і сабе, і ўсім. Ды ніяк не пазбавіцца невыказнага болю: у гэты дзень пісьменнікі паведамілі жыхарам палескай вёскі Бабчын пра адсяленне. І ўвесь час гутарка паварочвалася да тэмы трагедыі, якая спасцігла Гомельшчыну, усю Беларусь. Сказала Івану Пятровічу, што люблю яго “Трывожнае шчасце”, “Сэрца на далоні”, “Снежныя зімы”, “Атланты і карыятыды”... А ён уразіў сваім роспытам пра маю малую радзіму, бацькоў, пра тое, як гамяльчане перажывалі першыя дні пасля катастрофы.
Праз колькі гадоў, неўзабаве пасля смерці Марыі Філатаўны Шамякінай, наведвала Мятліцкага ў лечкамісіі. “Ведаеш, паверхам вышэй Іван Пятровіч. Дзеду будзе прыемна, калі ты зойдзеш са мной, перадасі яму прывітанне з радзімы”, — сказаў Мікола.
Іван Пятровіч тады вельмі перажываў страту жонкі. Як не падбадзёрвала я яго і не суцяшала ўзнёслымі ацэнкамі творчасці, уся наша гутарка нікла перад яго самай непамернай стратай любай жанчыны.
“Прывітанне Гомельшчыне, гамяльчанам ад мяне... Дзякую табе, Тамара, за памяць пра старога, — сказаў мне класік. — А тое, што расказвала тады, у жніўні 1986-га, выкарыстаў пры напісанні “Злой зоркі”...
...Ліпень 2002-га. Атрымліваю рэдакцыйнае заданне: з фотакорам Мікалаем Бяльковічам разам з вучонымі ГДУ імя Ф. Скарыны адведаць Івана Пятровіча на яго дачы ў Ждановічах. Кірую ў наш рэдакцыйны архіў, знаходжу вераснёўскія нумары далёкага 1958 года, у якіх друкаваліся старонкі з будучай пенталогіі “Трывожнае шчасце”. Раблю ксеракопіі, усведамляючы, што гэта, бадай, найлепшы падарунак для класіка. Асвяжаю ў памяці яго біяграфію, накідваю пытанні, занатоўваю любімыя цытаты з твораў пісьменніка.
У кніжнай краме насупраць купалаўскага тэатра мы набылі кнігі Шамякіна, забралі апошнія экземпляры “Пошукаў прытулку”: не залежваецца творчасць класіка на паліцах! Потым скіравалі на набярэжную Свіслачы, заехалі ў двор вялікага дома на вуліцы імя Янкі Купалы, у якім жывуць многія славутасці. Дзверы адчынілі дачка Шамякіна Алеся і яе жвавы, звонкі як ручаёк, сынок Іванка. Пасля знаёмства Алеся Іванаўна правяла па пакоях кватэры. З заміраннем сэрца заходзім у святая святых — рабочы кабінет пісьменніка. Акно яго выглядвае на “Ленінку”. Падумалася: вось яна, прамая дарога — ад аўтара да чытача.
— Іванка, а ты кім марыш стаць, як вырасцеш? — пытаемся ў хлопчыка. “Як дзед, пісацелем”, — імгненна парыруе ўнук Шамякіна.
Распытваем дарогу да дачы. Ведаем, што ў дарозе сустрэнемся з дабрушанамі. Яны вязуць пры-вітанне ад усіх землякоў, сноп жыта з бацькоўскай зямлі класіка, кус сала. Навукоўцы плануюць падарыць Шамякіну сваё новае выданне пра ўніверсітэт літаратурны. А мы ад “Гомельскай праўды” — газетніцу, вырабленую з саломкі, са свежымі нумарамі нашай абласной газеты.
Заходжу ў “апартаменты” Івана Пятровіча, здзіўляюся, наколькі проста і сціпла наладжаны яго быт. Брытва-“апаска”, акурат такая, якой колісь карыстаўся мой бацька... На стале — свежыя нумары рэспубліканскіх газет. “Не спіцца... Цяпер я ўсё больш чытаю дзённікі Льва Талстога. Разумею яго зыход з сям’і, цягаценне да адзіноты, паглыбленне ў сябе”, — дзеліцца Шамякін.
Сонечны, спякотны дзень, сонца ў зеніце. Выходзім з Іванам Пятровічам у двор. Знаёмімся з унучкамі Славянай і Марыяй, дачкой Таццянай — доктарам філалагічных навук, загадчыцай кафедры беларускай лінгвістыкі і міфалогіі БДУ, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Усе жадаюць сфатаграфавацца на памяць. Шамякін бярэ ў рукі адзін з нумароў нашай “Гомельскай праўды”, сядае на табурэце пад яблыняй, зацікаўлена разглядае газету.
Па-гаспадарску Іван Пятровіч прапанаваў нам прайсці ў альтанку, схавацца ад сонца і там працягнуць размову. Неаднаразова пісьменнік згадвае Марыю Філатаўну, дзеліцца, што пасля яе смерці клопаты пра сям’ю і дачу ўзяла на сябе сястра жонкі Вольга Філатаўна. Яна і цяпер тут, рыхтуе нам абед. Запісваю маналогі Івана Пятровіча. Яны з’явяцца ў шэрагу нумароў “Гомельскай праўды”, у тым ліку і юбілейным пад назвай “Любоў звязвае навечна”. Любоў да радзімы, любоў да маці, любоў да адзінай... “Лічу, што лёс мяне ўзнагародзіў — падарыў Цябе. Ён зводзіў нас на жыццёвых сцежках. Мы ж маглі згубіць адзін аднаго ў віры жыцця. Нам наканавана было пражыць жыццё разам”, — напісаў Шамякін у аповесці “Слаўся, Марыя!”
Прашу аўтограф для чытачоў “Гомельскай праўды”. Іван Пятровіч надпісвае і кнігі. “Здароўя вам, шчасця, творчых здабыткаў”, — пажадаў мне Шамякін.
Гутарка працягвалася ў верандзе, за абедам. Іван Пятровіч горычна дзяліўся сваімі перажываннямі за развал адзінай краіны, падкрэсліваў, што гэта трагедыя народаў СССР. Нагадваў, як ствараў раман “Петраград — Брэст”, колькі цікавага зачэрпнуў з архіваў пра Троцкага. Засмучаў пісьменніка тагачасны “раздрай” у СП, збядненне чалавечых душ на дабрыню і спагаду на фоне татальнага ўзбагачэння. “Пры самых высокіх тэхналогіях чалавецтва спаўзае ў першабытнасць, траціць заваёвы высокай маралі”, — піша Шамякін у аповесці “Пошукі прытулку”...
Згадваю яго чалавечных герояў з “Трывожнага шчасця”, “Сэрца на далоні”, “Снежных зім”, “Атлантаў і карыятыдаў”, “Вазьму твой боль”...
Да твораў Шамякіна хочацца вяртацца зноў і зноў, перачытваць іх, арыентавацца на іх праўду, бескампраміснасць. З задавальненнем чытала ў “Полымі” шамякінскія “Дзённікі” — нібы чула голас яго самога. (Унучка Марыя зараз працуе ў гэтым старэйшым літаратурным выданні). Цікава было ўбачыць і некалькі радкоў пра нашу сустрэчу
ў Ждановічах у 2002-м.
Мінула ўжо пяць гадоў пасля яе. Няма Івана Пятровіча, але засталіся яго вечныя кнігі. У Добрушскім краязнаўчым музеі, як і жадаў наш зямляк, створана экспазіцыя, змешчаны творы, рукапісы, асабістыя рэчы класіка айчыннай літаратуры. У вёсцы Карма з’явіўся помнік Шамякіну.
Цяпер, калі наша “Гомельская праўда” набліжаецца да свайго 90-годдзя, я з асаблівай удзячнасцю прыгадваю, што менавіта праца ў рэдакцыі падарыла мне такі цудоўны шанц — узяць інтэрв’ю ў Івана Пятровіча, знайсці для сябе многія падказкі на лёс у літаратуры, атрымаць творчае блаславенне.
...Мы развіталіся, але Шамякін падыйшоў да мікрааўтобуса, зазірнуў унутр яго, каб паглядзець, ці камфортна нам будзе ехаць назад. А я з дазволу Івана Пятровіча зрабіла гэты здымак. Апошні...
Тамара КРУЧЭНКА
Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
-
Змеи Беларуси – кого стоит бояться?
- 15:08
- 04.10.2018
- 238683
-
В Гомеле после капремонта открылось общежитие для студентов медуниверситета
- 15:36
- 29.12.2020
- 208954
-
В Гомельской области появился первый электробус. Посмотрите, как он выглядит
- 11:23
- 01.07.2021
- 205761
-
Сегодня в Гомеле начинают отключать отопление в квартирах
- 09:23
- 04.05.2021
- 172575
-
Блогер-тракторист из Хойников уехал в Латвию, а теперь рассказывает сказки о том, что у него хотели забрать ребенка
- 12:54
- 12.01.2021
- 156997
-
Как мы работаем и отдыхаем в мае
- 10:54
- 01.04.2019
- 145922
-
КСУП «Агрокомбинат «Холмеч» опираются на профессионализм людей – и это приносит результат
- 17:29
- 26.09.2020
- 138419
-
В Гомельском районе молодожены, возвращаясь со своей свадьбы, спасли пострадавших в ДТП
- 09:47
- 01.10.2019
- 134198
-
Кто протягивает руку первым, а кто, здороваясь, извиняется: правила хорошего тона
- 18:47
- 12.02.2017
- 118988
-
В Беларуси на этой неделе ожидается до +20°С
- 14:38
- 29.10.2018
- 115880


