Ніва прабуджаецца ад спячкі

  • 1432
  • 11:17
  • 24.01.2008
Поделиться
Калі ў папярэднія гады ў Кармянскім раёне атрымлівалі з гектара крыху больш дзесяці цэнтнераў збожжа, то сёлета намалацілі на тых жа самых землях амаль па 27 цэнтнераў. Валавы збор хлеба значна павялічыўся і наблізіўся да 38 тысяч тон. Дабіцца высокіх вынікаў не перашкодзілі нават дрэнныя ўмовы надвор'я, якія сёлета не абышлі і кармянцаў.
— Ніва дала багаты ўраджай невыпадкова, — падкрэслівае начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В. Д. Андрыянаў. — У раёне па-гаспадарску аднесліся да яе апрацоўкі і вырошчвання збожжавых культур. Упершыню за некалькі апошніх гадоў згодна з картаграмай далі поўную дозу мінеральных удабрэнняў. Ды яшчэ паўсюдна падкармілі пасевы азотнымі тукамі і апрацавалі прэпаратамі супраць пустазелля і хвароб.
Высокапрадукцыйна працавалі хлебаробы і на жніве. У нас даўно ўжо не было камбайнераў-тысячнікаў, а сёлета дзевяць экіпажаў з васьмі сельгаспрадпрыемстваў намалацілі больш за 1000 тон збожжа. Некалькі нашых вадзіцеляў перавезлі ад камбайнаў больш чым па тысячы тон хлеба. Дарэчы, мы ў ліку першых у вобласці выканалі заданні па рэалізацыі збожжа дзяржаве.
Віктар Дзмітрыевіч зазначыў, што ніва аддзячыла хлебаробам за іх клопат на ўчастках усіх відаў сельскагаспадарчых культур. Але асабліва парадавала азімая пшаніца, якая на кожным гектары дала па 36 цэнтнераў, а ў КСУПе “Саўгас “Кармянскі”, СВК “Лепяшынскі”, “Новазенькаўскі” і таго больш. Таму пад ураджай 2008 года пасевы гэтай культуры будуць павялічаны да 2200 гектараў, а ўсяго азімыя з улікам на сянаж і зялёную падкормку зоймуць звыш дзесяці тысяч гектараў. Зараз падрыхтоўка да сяўбы вядзецца поўным ходам. Сельгаспрадпрыемствы забяспечаны насенным матэрыялам, у тым ліку і страхавым фондам. Набылі і частку перспектыўнага элітнага насення. У раёне будзе выкарыстана некалькі сучасных комплексных пасяўных і глебаапрацоўчых агрэгатаў, пры дапамозе якіх адначасова вядзецца некалькі аперацый. Іх набылі сёлета. Ёсць і новыя трактары айчыннай вытворчасці. Большасць вяскоўцаў на ўласным вопыце пераканаліся, што малаўраджайных земляў не бывае. Калі па-гаспадарску апрацоўваеш ніву, то і аддача высокая. І зарабіць можна добра.
— А калі людзі настроены на плённую працу, то і поспех абавязкова будзе, — падкрэсліў старшыня райвыканкама В. І. Яцэвіч. — Дасягненні гэтага года не мяжа. Ужо ў наступным годзе на круг у раёне павінны атрымаць не менш чым 35 цэнтнераў хлеба, а затым выйсці і на больш высокія паказчыкі.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей