Непагадзь хлебаробы пераадолелі, а галавацяпства партнёраў не змаглі

  • 1593
  • 11:17
  • 24.01.2008
Поделиться
Сёлета многія сельгаспрад-прыемствы не дабралі запланаваны ўраджай з-за замаразкаў, засухі і даж-джоў. А вось камунальнаму сельскагаспадарчаму унітарнаму прадпрыемству “Саўгас “Камінтэрн” Буда-Кашалёўскага раёна нябесная канцылярыя не нашкодзіла.
Дзякуючы добрай запраўцы глебы мінеральнымі і арганічнымі ўдабрэннямі, а таксама прымяненню інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання, збожжавыя і зернебабовыя культуры выстаялі і далі добры ўраджай, нават большы, чым летась. І ўбралі яго своечасова. А вось з сушкай збожжа спазняюцца. І гэта ў той час, калі тут маюць найбольш прадукцыйную ў вобласці сушылку вядомай нямецкай фірмы “Рыела”...
Яшчэ паўтара года назад саўгас набыў сушыльны комплекс у “Белаграсервісе”, які, апрача замежнага абсталявання, быў укамплектаваны паліўным агрэгатам “АТ-2” вытворчасці адкрытага акцыянернага таварыства “Брэстсельмаш”. Манціравалі яго ў гаспадарцы па падраду спецыялісты навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. Сушыльны комплекс працаваў добра. Яго было дастаткова, каб своечасова сушыць і дапрацоўваць збожжа новага ўраджаю. Але яшчэ ў самы разгар жніва выйшаў са строю паліўны агрэгат. Работа на збожжатаку прыпынілася. Кіраўніцтва саўгаса тэрмінова звярнулася да вытворцы, пастаўшчыка і падрадчыка з просьбай адрамантаваць гэты агрэгат. Усюды абяцалі хуткую дапамогу, але канкрэтных мер не прымалі.
А тым часам на комплекс штодзённа і вялікімі партыямі паступаў хлеб з поля. Сушыльны ж комплекс працягваў прастойваць. Што рабіць? Дырэктар саўгаса С. Р. Шаўчук паведаміў аб крытычнай сітуацыі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Лёд, як кажуць, крануўся. З “Брэстсельмаша” завезлі новы паліўны агрэгат, праўда, з вялікай затрымкай. Праблема, здавалася б, вырашана, але...
— Гэта не такі агрэгат, што быў першапачаткова ўстаноўлены па праектнай дакументацыі сушыльнага комплексу, — скардзіцца інжынер па працаёмкіх працэсах саўгаса Л. Л. Савасцьянаў. — Яго прадукцыйнасць амаль у два разы меншая, чым у папярэдняга, і ён не забяспечыць работу ўсяго комплексу на праектную магутнасць.
— Нам нічога не застаецца рабіць, як уключаць у работу старую сушылку, — разважае дырэктар саўгаса С. Р. Шаўчук. — Таму хлеб своечасова прасушыць цяжка. Але ўжо сёння нас больш непакоіць кукуруза на зерне, ураджай якой таксама павінен быць багатым. З гэтым паліўным агрэгатам і на старых сушылках кукурузу не прасушым.
Дзе ж выйсце? Варыянты ёсць розныя. Напрыклад, спецыялісты “Брэст-сельмаша” да пачатку ўборкі кукурузы на зерне могуць завезці на сушыльны комплекс “Камінтэрна” такі агрэгат, які прадугледжаны праектам, а гэты выкарыстаць у той гаспадарцы рэспублікі, дзе ён патрэбны і падыходзіць. З такой думкай згодны і ў саўгасе. Больш таго, камінтэрнаўцы раяць партнёрам з Брэста павучыцца ў нямецкіх. Летась у час жніва быў аналагічны выпадак. Толькі тады паламалася сама сушылка. Па сігналу саўгаса прадстаўнікі вытворцы — фірмы “Рыела” — з’явіліся ў гаспадарцы з адпаведным абсталяваннем і на працягу двух дзён выправілі няспраўнасць. Хлеб, а потым і зерне кукурузы, былі высушаны своечасова і якасна. А як будзе сёлета?
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей