I падгарэўшыя ўчасткі даюць хлеб

  • 1473
  • 11:17
  • 24.01.2008
Поделиться
Старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Губічы” Буда-Кашалёўскага раёна М. А. Рыбік па натуры чалавек памяркоўны. Да вырашэння любога важнага пытання падыходзіць разважліва, як кажуць, перш, чым адрэзаць, сем разоў адмерае. А на гэты раз бясспрэчна зга-дзіўся з прапановай спецыялістаў ужо ў пачатку ліпеня прыступіць да жніва. За ўсю гісторыю гаспадаркі так рана, ды яшчэ ў ліку першых у вобласці, камбайнеры ў поле не выязджалі.
— Неспрыяльныя кліматычныя ўмовы прымусілі нас унесці істотныя карэктывы ў першапачатковыя планы ўборачных работ, — тлумачыць М. А. Рыбік. — Спякота пашкодзіла больш за 200 гектараў азімых культур. Але мы не скасілі на корм жывёле гэтыя пасевы, а захавалі іх. Зерне паспяваць тут стала вельмі рана. Каб яно не асыпалася, пачалі малацьбу. Паспяхова спраўляюцца з гэтай работай на камбайнах “КЗС-10К” нашы лепшыя механізатары Аляксандр Вярбоўскі і Аляксандр Капанцоў.
З кожнага гектара на падгарэўшых участках яны намалочваюць да 25 цэнтнераў хлеба. А на асноўных плошчах, якія займаюць больш за тысячу гектараў, збажына вырасла на славу. На асобных участках будзе больш за сорак цэнтнераў з гектара. У сярэднім з улікам падгарэўшых пасеваў плануецца намалаціць прыкладна па трыццаць пяць цэнтнераў хлеба з гектара. А гэта на пяць цэнтнераў больш, чым летась.
Зараз рыхтуюцца да выхаду ў поле і іншыя камбайнеры. Нават майстар-наладчык Фёдар Самойленка на час жніва сеў за руль камбайна. Дарэчы, гэтымі днямі гаспадарка па лізінгу атрымала з “Гомсельмаша” яшчэ адзін новы камбайн “КЗС-10К”. Працаваць на ім будзе вопытны механізатар Валерый Нікалаенка.
Няма ў гэтай гаспадарцы і праблем з адвозкай хлеба ад камбайнаў да збожжатока. Летась тут набылі магутны “МАЗ” з прычэпам. За адзін раз вадзіцель Мікалай Паўлючэнка забірае збожжа з чатырох камбайнавых бункераў. А гэта амаль дваццаць тон. На адвозцы збожжа задзейнічана і яшчэ адна падобная машына. Пры неабходнасці будзе ўключана ў работу і некалькі колавых трактароў з цялежкамі, у якіх загадзя былі добра загерметызаваны месцы магчымай уцечкі зерня.
Прадумана і арганізавана пачынаецца жніво ў “Камінтэрне”, “Юбілейным”, іншых сельгас-прадпрыемствах раёна, хлебаробы якіх сёлета плануюць валавы намалот хлеба давесці да 90 тысяч тон і захаваць па гэтым паказчыку адно з лідзіруючых месцаў у вобласці.

Наперакор стыхіі
Калі пасля разгулу стыхіі — моцнага ветру з дажджом — галоўны аграном філіяла па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі адкрытага акцыянернага таварыства “Рагачоўскі МКК” В. Д. Кошалеў пад’ехаў да ўскрайку вялікага азімага поля, то ледзьве не страціў прытомнасць.
Там, дзе яшчэ ўчора золатам адлівалі налітыя буйным зернем каласы, уся збажына ляжала на зямлі. Валянцін Дзмітрыевіч прайшоў па полю, падняў некалькі сцяблоў. Смутак ахапіў душу. Шмат сіл і сродкаў уклалі ў гэтае поле. Вырошчвалі збажыну толькі па інтэнсіўных тэхналогіях. Добра падкармілі пасевы мінеральнымі тукамі і тым самым выратавалі ад засухі. З гектара выйшла б больш, чым па сорак цэнтнераў. І вось на табе...
— Збажына палегла не толькі на гэтым участку, а і на палавіне ўсёй плошчы, якую нам неабходна ўбраць, — сказаў В. Д. Кошалеў. — Праблем шмат. Але мы не драматызуем сітуацыю. Прымаем усе магчымыя меры, каб абмалаціць вырашчаны хлеб.
А намеснік генеральнага дырэктара таварыства У. А. Ермаловіч удакладніў, што жніво вырашана паскорыць на некалькі дзён. Калі зараз азімыя не абмалаціць, то яны могуць зарасці травой, і тады не пазбегнуць вялікіх страт. Ды яшчэ і само жніво зацягнецца. На новых камбайнах “КЗС-10К” пераехалі на абмалот пшаніцы лепшыя камбайнеры гаспадаркі Андрэй Ткачоў і Валянцін Янкоў, якія ўдарнай работай вызначыліся на жніве рапсу. Дарэчы, гэтай культуры тут сёлета ўдзяляецца вялікая ўвага. Яе пасевы расшырылі да 125 гектараў. Да сарака цэнтнераў плануюць намалаціць на круг і хлеба. А гэта амаль на дзесяць цэнтнераў больш, чым атрымана летась.
У сувязі з палегласцю значнай часткі пасеваў збожжавых і зернебабовых культур на ўсіх камбайнах у тэрміновым парадку ўстаноўлены сцеблапад’ёмнікі. Жніво зараз вядзецца выбарачна і на паніжаных скарасцях, што таксама забяспечвае яго якасць. На асобных палях плануецца прымяніць раздзельную ўборку. Каб давесці збожжа новага ўраджаю да ладу, добра арганізавана работа сушыльнай гаспадаркі. Прымаюцца і іншыя меры, каб у складаных умовах своечасова і без страт убраць вырашчаны хлеб.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей