Загiнулi пасевы ад спякоты

  • 1358
  • 11:17
  • 24.01.2008
Поделиться
Калі дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства “Ельскі” А. Г. Марозава заязджае на хлебную ніву, то яе сэрца сціскаецца ад болю.
— Пагарэў амаль увесь ячмень, — сумна канстатуе Алена Гардзееўна. — Пашкоджана значная частка азімых культур. А зараз і цеплалюбівую кукурузу пачынае прыхопліваць спякота. А мы ж у гэтыя палі ў час сяўбы і догляду пасеваў уклалі столькі сіл і сродкаў, што і сказаць цяжка. І гэта не ўсё. У ліку першых у вобласці мы ўбралі травы па першаму ўкосу, а зараз не расце і атава.
У гаспадарцы, вядома, не ся¬дзяць без справы, а прымаюць усе магчымыя меры, каб паслабіць страты ад засухі. Напрыклад, убралі частку азімых на сянаж і сілас. Плануюць пасеяць пажніўныя культуры. Але не хапае фінансавых сродкаў, паліва, мінеральных удабрэнняў.
І такое становішча зараз не толькі ў гэтай гаспадарцы, а і ў большасці сельгаспрадпрыемстваў Ельскага, Петрыкаўскага, Нараўлянскага, некаторых іншых раёнаў вобласці.
— На сённяшні дзень поўнасцю або часткова пашкоджаны дзесяткі тысяч гектараў сельскагаспадарчых культур, пераважна збожжавых, — расказвае намеснік старшыні абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама М. М. Вабішчэвіч. — Прымаюцца меры, каб выкарыстаць вырашчанае на корм жывёле. Вядома, запланаванага хлеба тут не будзе. Але можна кампенсаваць страты, калі на ўбраных участках пасеяць проса і грэчку. Гэтыя культуры яшчэ могуць даць зерне, а калі не, то пойдуць на кармавыя мэты. Але асноўную частку недабранага збожжа мяркуем атрымаць за кошт павышэння ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур у раёнах, дзе не нашкодзіла засуха, і за кошт зерня кукурузы.
Мікалай Міхайлавіч падкрэсліў, што кукуруза па вобласці пасеяна больш чым на ста дваццаці тысячах гектараў. Пятнаццаць працэнтаў яе планавалася выкарыстаць на зерне. У сувязі з экстрэмальнай сітуацыяй зерневая група будзе значна пашырана. Больш таго, трэба прыняць тэрміновыя меры па павышэнню ўрадлівасці глебы пад “каралеву палёў”. У першую чаргу размова ідзе аб падкормцы пасеваў азотнымі ўдабрэннямі. Іх патрабуецца 4 — 5 тысяч тон па вобласці з разліку па сорак-пяцьдзесят кілаграмаў на гектар у дзеючым рэчыве. Да таго ж мінеральныя тукі неабходныя і для падкормкі шматгадовых траў, каб атрымаць другі ўкос, а таксама для падкормкі пашы.
Для дадатковых работ у большасці сельгаспрадпрыемстваў няма паліва, бо вялікія сродкі былі ўкладзены ў своечасовае правядзенне пасяўной кампаніі. Таму аблсельгасхарч звярнуўся ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання рэспублікі з просьбай аказаць дапамогу. Зусім нядаўна прадстаўнікі Мінсельгасхарчу пабывалі ў паўднёвых раёнах вобласці. Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі адзначыў, што ў апошнія дні сітуацыя на хлебнай ніве Гомельшчыны пагоршылася. Раёнам, якія пацярпелі ад спякоты, патрэбна дапамога. Мінсельгасхарч перадаў хадайніцтва ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб выдзяленні зваротнай бюджэтнай пазыкі. Вядзецца пошук фінансавых сродкаў для аказання дапамогі хлебнай ніве і з іншых крыніц.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей