Крыўдзіцца ці не?

  • 2151
  • 11:16
  • 24.01.2008
Поделиться
Маленькая бабулька ў квяцістай хусцінцы, напаўлежачы на ложку, падалася анёлкам... Блажэнная ўсмешка на ўвесь твар, быццам штамп нябеснай канцэлярыі: усіх даравала, усім задаволена і гатовая да таго, каб сысці. Госціца на зямлі, святая...

У Кіраўскую бальніцу сястрынскага догляду ў Жлобінскім раёне мы завіталі, каб на месцы разабрацца з праблемай, акрэсленай у пісьмовай скарзе ў “Звязду”, тэлефонным звароце ў “Гомельскую праўду”. Пастаяльцы Кіраўскай бальніцы засмучаны тым, што ў сакавіку даражэйшым стала знаходжанне ў іх установе: замест ранейшых 80% з пенсій сталі ўтрымліваць 90. Вядома ж, пажылыя людзі, якія заўсёды вельмі ашчадна адносяцца да сваёй пенсійнай капейкі, па¬крыўдзіліся.
За знаходжанне са старых бяруць адлічэнні з пенсій. У дамах-інтэрнатах — 75% з удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, з астатніх — 90%. У бальніцах сястрынскага догляду да сёлетняга сакавіка ў розных раёнах Гомельшчыны ўтрымлівалі розныя сумы. Размер гэтай кампенсацыі вызначаецца рашэннем мясцовых органаў кіравання. Зыходзячы з магчымасцей, як мы высветлілі, да нядаўняга часу ў Калінкавіцкім раёне ўсе старыя, незалежна ад статуса, плацілі бальніцы 70%, а ў Светлагорскім — 100% тыя, у каго ёсць родныя ў нашай рэспубліцы, і 80% — зусім адзінокія.
У студзені гэтага года Камітэт дзяржкантролю вобласці прааналізаваў сітуацыю і прапанаваў устанавіць адзіны парадак аплаты затрат у бальніцах сястрынскага догляду. Упраўленне аховы здароўя аблвыканкама, улічваючы, што ў тых затратах пры¬трымліваліся лічбы 90% з усіх пажылых, і 70 % — з удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай, рэкамендавала паўсюдна прывесці да “аднаго назоўніка”. Райвыканкамы падрыхтавалі адпаведныя рашэнні і “спусцілі іх уніз”, у цэнтральныя раённыя бальніцы, дзе без ніякіх пярэчанняў яны былі прыняты. Таму што, відаць, палічылі: гэта — каманда, загад.
У непасрэднай гутарцы з пацыентамі Кіраўскай бальніцы нам удалося высветліць, што пенсія ўсім пастаяльцам бальніцы выплочваецца паштовым работнікам у адзін дзень, 5 чысла. Калі яно выпадае на выхадныя, то атрымліваюць і раней. Адначасова старыя разлічваюцца за сваё знахо¬джанне з касірам ЦРБ, які афармляе касавыя прыходныя ордэры.
З усіх 60 насельнікаў медыка-сацыяльных ложкаў за сакавік у Кіраўскай бальніцы ўтрымалі 13 мільёнаў 347 тысяч 750 рублёў (узнос кожнага, нагадваем, розны, у залежнасці ад памераў пенсій, якія вагаюцца ад 80 да 412 тысяч). Калі раздзяліць усю сакавіцкую суму на колькасць пажылых людзей, то сярэдні ўзнос — 222,4 тысячы. Грошы ідуць строга на гаспадарчыя патрэбы, набыццё пад¬трымліваючых медыкаментаў, халатаў, тапачак, пасцельнай бялізны, памперсаў. Аднак самыя высоказатратныя расходы — аплата камунальных паслуг, сувязь, зарплата персаналу — аплочваюцца дзяржавай. Утрыманне аднаго пацыента ў зімовы час абыходзіцца мясцовай бальніцы не менш як у 500 тысяч, у сакавіку склала 400 тысяч рублёў. Нескладана падлічыць, якую фінансавую ношу ўзяў на сябе бюджэт, каб падцягнуць да гэтага ўзроўню розныя ўзносы старых.
— Кормяць нас усіх аднолькава, а грошы розныя забіраюць, — дзеліцца сваёй крыўдай Любоў Іванаўна Гулевіч, якая напісала ліст у газету разам з некалькімі жанчынамі.
— Дзяржава клапоціцца пра сацыяльную справядлівасць для ўсіх сваіх грамадзян, — парыруе галоўны ўрач ЦРБ В. А. Мардвінаў. — Няўжо вы, Любоў Іванаўна, утульней будзеце адчуваць сябе, калі вас шыкоўна апрануць, а суседка па палаце ў мешкавіне ляжаць будзе?
Віктар Аркадзьевіч тлумачыць пацыентцы, што і тым, і другім розніцу ў цане паслугі за медыка-сацыяльныя ложкі пакрывае дзяржава. Менавіта яна выдаткуе і на капітальны рамонт бальніцы каля 800 мільёнаў рублёў.
Жанчына быццам і пагаджаецца з довадамі доктара, але ж ніяк не можа без слёз згадваць, што з сакавіцкай пенсіі ў 320 тысяч атрымала ўсяго 32 тысячы ў сваё асабістае распара¬джэнне. “Гэта вельмі мала, калі ўлічыць, што мне трэба дакупляць частку дарагіх лекаў, што пазбаўляюць ад болю”, — горычна дзеліцца яна з намі.
47-гадовая Любоў Іванаўна ў свой час перанесла аперацыю на пазваночніку, яе малодшаму сыночку было тады ўсяго 10 месяцаў. Дзякаваць Богу, усіх траіх сваіх хлопцаў падняла. Сама ж 17 гадоў прыкавана да інваліднай каляскі. Два сыны працуюць на Жлобіншчыне, адзін — у Маскве.
Безумоўна, за Іванаўнай неабходны адпаведны догляд, а дзеці, якія працуюць, не ў стане рабіць гэта. Выхад у такой сітуацыі — ці наняць сядзелку (але ж нават з саліднай аплатай знайсці яе не так проста), ці асесці ў бальніцы сястрынскага догляду. Сюды ж трапляюць розныя людзі, у большасці сваёй адзінокія. Таму прыходзіцца прызвычайвацца да жыцця ва ўмовах “камуны”. Тут усіх “раўняе” немач.
Тамара Аляксандраўна Лямцава ў дзяцінстве перажыла жахі Азарыцкага лагера, пераўтворанага фашыстамі ў своеасаблівы гадавальнік інфекцый. Здароўе надарванае, інвалід першай групы, у недалёкім мінулым сама працавала ў сістэме сацзабеспячэння. У Жлобіне ў яе сын і дачка.
— Калі мы плацілі 80% за сваё ўтрыманне тут, то яшчэ заставалася ад пенсіі 82 тысячы, каб штосьці дадаткова купіць сабе. Цяпер толькі 41 тысяча. Чаму нас пакінулі ні з чым? Я ж у дзяцінстве напакутавалася. Хай бы дзяржава гэта ўлічыла... — недаўменна гаворыць 70-гадовая пенсіянерка. І тут жа згадвае, што жывучы дома, карысталася ільготамі ў аплаце камунальных паслуг. Тлумачым, што ільготу за знаходжанне на медыка-сацыяльным ложку маюць сёння толькі ўдзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай. З іх бяруць 70% пенсіі. Непаўналетнія вязні фашызму, як вядома, не прыраўнаваны да гэтай катэгорыі. Сапраўды, такіх людзей ужо не так многа (у Кірава — адна Лямцава), магчыма, дзяржава ў перспектыве і знойдзе магчымасць іх пад¬трымаць?
І ўсё ж, як знайсці сацыяльна справядлівы варыянт вызначэння кошту паслугі ў бальніцах сястрынскага догляду для пажылых людзей з рознай пенсіяй? Згадзіцеся, адзін чалавек век працаваў старанна, самааддана, заслужыў прыстойную пенсію. Другі, прабачце, — па прынцыпу “не бі ляжачага”. Трэці за свае працадні ў калгасе атрымаў зусім сціплыя пенсійныя грошы... І ўсе разлічваюцца рознымі сумамі, а трапляюць у абсалютна аднолькавыя ўмовы. Так што пытанне застаецца адкрытым. Напэўна, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны павінны знайсці варыянт, які задаволіў бы ўсіх.
А што ж дзеці? Не пакідала нас і гэтае пытанне. Чаму становіцца нормай нямоглым бацькам, маючы родных дзяцей, якія жывуць у адным населеным пункце, трапляць у бальніцы сястрынскага догляду, прызначаныя для зусім адзінокіх? І няўжо ўладкаваўшы маці ці бацьку ў дзяржаўную ўстанову, сынам і дочкам не па кішэні хоць зрэдку купіць лекі, садавіну? З гутаркі з жанчынамі-маці вынікала, што “дзяржава абавязана”, а дзяцей — “не чапаць!”
Мы запрасілі ўсіх, хто ў стане рухацца, на сустрэчу. Сабраліся два дзесяткі бабуль, сярод якіх зусім
адзінокія Ефрасіння Кузьмінічна Міронава з вёскі Хальч, Вольга Агееўна Быкава з Чорнай Вірні і іншыя жанчыны, якія хораша адгукаліся пра бальнічны персанал, выказвалі ўдзячнасць у адрас кіраўніка дзяржавы, “што не забывае пра старых, мы тут добра дагледжаныя”.
1 сакавіка з насельнікамі бальніцы ў прысутнасці прадстаўніка сельсавета пераафармляліся дагаворы. Усе іх падпісалі, зафіксавалі згоду “аддаваць 90% пенсіі на пазабюджэтны рахунак установы аховы здароўя “Жлобінская ЦРБ” для частковай кампенсацыі затрат на ўтрыманне”. Ніхто са старых не пажадаў скасаваць дагавор. Яно і зразумела: увесь комплекс паслуг, які нямоглыя людзі атрымліваюць у бальніцы, дома забяспечыць сабе яны не ў стане. Тут жа, што ні кажы, чатырохразовае харчаванне. Толькі за сакавік кожны пацыент атрымаў яго на 109 тысяч рублёў. У дзень нашага прыезду на сняданак была малочная зацірка, каша з маслам і чай. У абед — гарохавы суп, грэчневая каша з тэфтэлямі, кансерваваны агурок і кампот. На падвячорак выдалі па апельсіну. А на вячэру — смажаная рыба з бульбяным пюрэ, сок.
— Не трэба забываць, што наша бальніца — герыятрычнага накірунку, харчаванне тут спецыфічнае, лячэбнае, пераважаюць малочныя і раслінныя прадукты, — падкрэсліў загадчык бальніцы С. М. Андрушчанка. На думку Сяргея Мікалаевіча, старым не хапае “страў духоўных”. Не перашкодзяць больш частыя сустрэчы са святаром, выступленні самадзейных артыстаў (дарэчы, аддзел культуры Жлобінскага райвыканкама ўжо склаў праграму мерапрыемстваў для гэтай бальніцы). Нядрэнна было б мець у штаце і рэабілітолага, які б арганізаваў прасцейшыя фізічныя практыкаванні ў вольны час, каб часцей “вырываць” пенсіянераў з ложкаў, што будзе ім толькі на карысць.
А мы, падсумоўваючы пачутае, усё ж запыталіся ў галоўнага ўрача ЦРБ, ці “пацягнулі” б фінансава ў раёне вяртанне насельнікаў Кіраўскай бальніцы на ранейшае адлічэнне 80% з пенсій? І вось што даведаліся. Некалькі гадоў назад у Кіраўскай бальніцы з пацыентаў утрым¬лівалі 90% пенсіі, потым, улічваючы пэўныя абставіны і магчымасці, перайшлі на 80. Зараз жа, па каман¬дзе зверху, вымушаны зноў вярнуцца на ранейшыя пазіцыі.
— Мяркую, што нам па сілах было б пакінуць тыя 20% пенсіі старым і нямоглым людзям, — сказаў у заключэнне Віктар Аркадзьевіч і паабяцаў павялічыць расходы на харчаванне пацыентаў з 3200 рублёў да 4200.

...Мы вярталіся са Жлобіна ў Гомель на цягніку “Мінск — Сімферопаль”. У вагонах было шмат пасажыраў са штучнымі кветкамі і вянкамі. Людзі розных узростаў кіравалі на Радаўніцу ў родныя мясціны, каб пабываць на могілках, памянуць сваіх продкаў. Цудоўная старажытная традыцыя. Мы ж міжволі згадвалі старэнькую бабульку-анёлка са Старой Рудні, якая ўжо нічога не магла паведаміць пра сябе. І так хацелася сказаць на ўвесь цягнік: “Людзі-чалавекі! Давайце будзем часцей наведваць сяброў, родных і блізкіх, пакуль яны побач з намі, клапаціцца аб іх на гэтай зямлі. Пакуль жывыя...”
Тамара КРУЧЭНКА, Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей