Рана пасееш — больш намалоціш

  • 2026
  • 11:16
  • 24.01.2008
Поделиться
З першых дзён сяўбы яравых культур лідэрства сярод гаспадарак Рэчыцкага раёна ўпэўнена трымае калгас (СВК) імя Фрунзе. Тут пасеяна ўжо амаль 200 гектараў аўса.

— А ўсяго гэтую культуру нам трэба пасеяць на 350 гектарах, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі А. Я. Судаленка. — Землі пад яе выдзелены супясчаныя, якія хутка падсохлі. Самы момант для сяўбы. Яго мы і выкарыстоўваем. Вядома, не выключаны і замаразкі. Але авёс — культура марозаўстойлівая — вытрымае. За маю дваццацігадовую практыку былі ўжо выпадкі, калі даводзілася сеяць авёс у сярэдзіне сакавіка. Там, дзе зрабілі гэта без прамаруджвання, атрымалі большы ўраджай, чым на ўчастках, якія засеялі пазней.
У работу ўключылі адразу тры сеялкі: дзве айчыннай вытворчасці і адну — нямецкай. Працуюць на іх вопытныя механізатары Уладзімір Новік (на здымку), Пётр Казлоў і Віктар Лугінец. Усе яны перавыконваюць дзённыя заданні.
— Сваю нямецкую сеялку я выпрабоўваў у рабоце восенню на сяўбе азімых культур, — гаворыць У. М. Новік. — Агрэгат вельмі надзейны і высокапрадукцыйны, камбінаваны. Ды і для плённай працы нам створаны неабходныя ўмовы.
Паралельна ў гэтай гаспадарцы вядуцца і іншыя палявыя работы. Усяго ж на палях штодзённа задзейнічана амаль трыццаць трактароў з пасяўнымі і глебаапрацоўчымі агрэгатамі. У ліку лепшых механізатараў галоўны аграном А. Я. Судаленка называе Васіля Кротава, Аркадзя Цімановіча, Фёдара Апанасевіча, Віктара Сівіцкага, Аляксандра Кобеца, іншых механізатараў.
На ўсіх участках работа пачынаецца рана і вядзецца на працягу светлавога дня. Вялікае значэнне надаецца якасці.
— У канцы мінулага года да нашага калгаса далучылі суседні, — зазначае старшыня аб’яднанай гаспадаркі М. У. Дубень. — Упэўнены, што разам будзем працаваць больш эфектыўна. Пастараемся на кожным гектары вырасціць у сярэднім па 35 цэнтнераў хлеба, што значна больш, чым летась.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей