У добрага раёна — слаўныя людзі і традыцыі

  • 2448
  • 11:16
  • 24.01.2008
Поделиться
Словы “Добруш” і “добры” маюць адзін і той жа корань. І жывуць у Добрушы людзі добрыя, гасцінныя, працавітыя, а ў раёна, якому нядаўна споўнілася 80 гадоў, багатая гісторыя і слаўныя традыцыі.

Дастаткова сказаць, што Добруш упамінаецца яшчэ ў летапісе Вялікага княства Літоўскага. Гэтая зямля ўзрасціла такіх вядомых людзей, як былы старшыня Савета Міністраў Беларусі Ціхан Кісялёў, пісьменнік Іван Шамякін, міністр спорту і турызму Беларусі Уладзімір Рыжанкоў, палітычны дзеяч Расіі Аркадзь Вольскі, паэт Паўлюк Прануза. У ліку дабрушан — адзінаццаць Герояў Сацыялістычнай Працы і восем Герояў Савецкага Саюза, вялікая кагорта ардэнаносцаў і людзей, узнагароджаных медалямі.
Аб гэтым на ўрачыстасцях з выпадку юбілея раёна напомніла старшыня райвыканкама В. Ф. Мохарава. Яна адзначыла, што слаўныя традыцыі дабрушан памнажаюцца. Развіваюцца прамысловасць, будаўніцтва, сельская гаспадарка, пашыраецца і якасна паляпшаецца сацыяльная інфраструктура.
Адным са старэйшых і градаўтваральных прадпрыемстваў з’яўляецца адкрытае акцыянернае таварыства “Добрушская папяровая фабрыка “Герой працы”. Не толькі ў нас, а і за мяжой добра вядома прадукцыя гэтага прадпрыемства. У наступным годзе плануецца вырабіць звыш 41 тысячы тон паперы і каля 140 мільёнаў школьных і агульных сшыткаў. ЗАО “Добрушскі фарфоравы завод” — прадпрыемства маладое, але таксама добра вядома ў свеце. Яго посуд карыстаецца вялікім попытам не толькі на ўнутраным рынку, але і ў Расіі, Узбекістане, Германіі, Фінляндыі, краінах Балтыі і многіх іншых. Усяго за год тут вырабляецца зараз каля дваццаці мільёнаў умоўных адзінак посуду. На тэрыторыі раёна працуе рэдкае ў рэспубліцы прадпрыемства — ААТ “Гомельскі горна-узбагачальны камбінат”, які спецыялізуецца на вытворчасці кварцавага пяску з прыродных рэсурсаў. Актыўна адраджаецца вёска, паспяхова выконваюцца планы па ўвядзенню сацыяльных стандартаў. За мінулыя два гады статусы аграгарадкоў атрымалі пяць буйных населеных пунктаў, а да 2010 года плануецца ўвесці іх васемнаццаць. Работнікі аграрнага сектара толькі за два гады змаглі даць значную прыбаўку па валавой вытворчасці сельгаспрадукцыі і падняцца ў перадавую групу раёнаў вобласці. Прыкметна павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у тым ліку кароў. Узрасла іх прадукцыйнасць.
— Сёлета ўпершыню за многія гады дабрушане пераўзыходзяць чатырохтысячны рубеж па надоях малака ад каровы, — зазначыў старшыня аблвыканкама А. С. Якабсон. — Ды і ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, вобразна кажучы, раён узыходзячага сонца вобласці на ўзлёце. Перажыта за гісторыю нямала, шмат выпрабаванняў выпала на долю дабрушан. Яны вытрымалі, перамаглі і зараз множаць багацці роднай зямлі, ствараюць дастойнае жыццё, бо ў добрым раёне і людзі добрыя, працавітыя, таленавітыя.
Цёплыя словы ў адрас дабрушан гаварылі старшыня Гомельскага гарвыканкама А. А. Бяляеў, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Л. В. Барабанаў, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама М. А. Бондар.
Павіншаваць юбіляраў прыехалі прадстаўнікі, якія ўдзельнічаюць у спаборніцтве, Навабеліцкага раёна Гомеля і Веткаўскага раёна, а таксама Злынкаўскага і Навазыбкаўскага раёнаў Расіі, Гараднянскага і Шчорскага раёнаў Украіны. Былі і пасланцы сонечнай Малдовы, якія наладжваюць партнёрскія сувязі з дабрушанамі. Ва ўрачыстасцях прынялі таксама ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў В. С. Сяліцкі і старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці В. Ф. Стадольнік.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей