Хлебу слава і рукам, што яго расцілі

  • 1959
  • 11:16
  • 24.01.2008
Поделиться
Са старажытных часоў жыве ў сэрцы чалавека павага да хлеба, які і сёння застаецца галоўным прадуктам на стале. І гэтак жа, як і шмат вякоў таму, хлеб здабываецца цяжкай, самаадданай працай. Што пацвердзіла сёлетняе жніво, якое праходзіла ў найскладанейшых умовах надвор’я. Амаль бесперапынныя дажджы пад-час уборкі ўраджаю не толькі ўскладнілі працу хлебаробаў, але і ў значнай ступені знізілі яе вынікі.
Урэшце рэшт жніво закончылася, і па даўняй славянскай традыцыі настаў час уславіць тых, хто найлепш папрацаваў на хлебнай ніве. Сёлета ўдзельнікаў рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2006” прымаў Бабруйск, адзін са старэйшых гарадоў Беларусі. Напрыканцы мінулага тыдня ў горад на Бярэзіне прыехалі лепшыя камбайнеры, вадзіцелі, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, раёнаў і абласцей, якія дасягнулі найвышэйшых паказчыкаў на жніве, каб пачуць у свой адрас шчырыя словы падзякі і атрымаць узнагароды. Удзел у галоўным свяце працаўнікоў вёскі прынялі і каля ста прадстаўнікоў Гомельшчыны, якая сёлета ў агульны хлебны каравай краіны ўнесла свае 740 тысяч тон зерня.
У першы дзень ушанавання перадавікоў жніва на віншавальную сцэну амфітэатра, пабудаванага на самай вялікай гарадской плошчы Бабруйска, былі запрошаны камбайнеры і ва¬дзіцелі, якія занялі другія і трэція месцы ў рэспубліканскім спаборніцтве. Ім былі ўручаны Ганаровыя дыпломы, тэлевізары, халадзільнікі і іншыя каштоўныя прызы. У іх гонар адбыўся канцэрт-вітанне “Славім хлеб залаты і людзей залатых”.
Кульмінацыяй фестывалю-кірмашу стала субота, 7 кастрычніка, калі ў Бабруйск прыбыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. Аляксандр Рыгоравіч цёпла павіншаваў пераможцаў жніва і ўсіх сельскіх працаўнікоў.
— Сёлетнія “Дажынкі” — юбілейныя, дзесятыя па ліку ў нашай краіне. Цяпер ужо відавочна, што 10 гадоў таму мы абралі адзіна правільны накірунак — адрадзіць нашу сельскую гаспадарку, самім вырошчваць хлеб, а не купляць зерне ў замежжы. Бо чужым хлебам сыты не будзеш, — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў свята дажынак.
Прэзідэнт Беларусі назваў сёлетні год у цэлым неблагім — сабрана звыш шасці мільёнаў тон зерня, а ўраджайнасць хлебнай нівы краіны дасягнула паказчыка 29 цэнтнераў з гектара. Гэта менш, чым было атрымана зерня ў мінулым годзе, але вышэй за сярэднегадавы паказчык прайшоўшага дзесяцігоддзя. Былі на тое і аб’ектыўныя абставіны — вымярзанне значнай часткі пасеваў зімой, засуха ўлетку, зацяжныя дажджы ў час жніва. І толькі самаадданая праца хлебаробаў дазволіла скараціць страты на палях, зрабіць усё магчымае дзеля выратавання вырашчанага ўраджаю — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
А. Р. Лукашэнка паставіў перад працаўнікамі вёскі чарговыя задачы — рэнтабельнасць у сельгасвытворчасці давесці да 20 працэнтаў, асвоіць новыя тэхналогіі, у тым ліку плюшчэнне зерня. Гэта дазволіць скараціць жніво не менш як на тыдзень. Абавязкова павінна быць выканана і дзяржаўная праграма адраджэння вёскі. Аляксандр Рыгоравіч агучыў імёны лепшых працаўнікоў, якія паказалі выдатныя вынікі на сёлетнім жніве. Прыемна, што ў іх ліку быў названы і прадстаўнік Гомельшчыны — механізатар КСУП “Саўгас “Камуніст” Ельскага раёна Рыгор Казачэнка, які нарыхтаваў 31 тысячу тон кармоў для жывёлы.
Прэзідэнт уручыў галоўныя прызы пераможцам жніва. У ліку першых на віншавальную сцэну падняўся старшы камбайнер ВСК “Савецкая Беларусь” Рэчыцкага раёна Мікалай Герыловіч. Ён атрымаў камп’ютэр і грашовую прэмію ў памеры 9 мільёнаў рублёў. Дарэчы, гэта быў ужо восьмы ўдзел у свяце рэспубліканскіх дажынак нашага лепшага камбайнера. Да слова, у наступным годзе менавiта ў Рэчыцы адбудуцца “Дажынкi-2007”.
Паспяховым было сёлетняе жніво і для маладога камбайнера Івана Вырві¬ча з СВК “Чырвоны сцяг” Рэчыцкага раёна — ён прызнаны пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва сярод маладзёжных экіпажаў. Яму былi ўручаны Ганаровы дыплом і легкавы аўтамабіль.
Другі раз запар прызнаны пераможцам сярод галоўных аграномаў краіны Васіль Цяцера з ВСК “50 гадоў Кастрычніка” Рэчыцкага раёна. Ён, а таксама галоўны аграном СВК “Крыўск” Буда-Кашалёўскага раёна Васіль Ананьеў, падняліся на віншавальную сцэну, дзе Прэзідэнт краіны ўручыў ім Ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры 5 мільёнаў рублёў.
У намінацыі пераможцаў рэспублі¬канскага спаборніцтва сярод сельгас¬арганізацый у нарыхтоўцы зерня Ганаровым дыпломам і грашовай прэмі¬яй быў адзначаны кіраўнік СВК “Чырвоны сцяг” Рэчыцкага раёна Віталь Панчанка. А сярод раёнаў пераможцамі названы Ельскі і Рэчыцкі. Іх старшыні — Сяргей Канопліч і Аляксандр Баранаў, а таксама намеснік началь¬ніка райсельгасхарчу Ельскага райвыканкама Васіль Грычэнка і начальнік райсельгасхарчу Рэчыцкага райвыканкама Сяргей Краўчанка таксама атрымалi ўзнагароды з рук Прэзідэнтам краіны (на здымку злева ўнiзе).
Легкавы аўтамабіль дастаўся і яшчэ аднаму працаўніку сельскай гаспадаркі нашай вобласці — Рыгору Казачэнку (на здымку справа), механізатару КСУП “Саўгас “Камуніст” Ельскага раёна, які дабіўся найвышэйшага выніку ў нарыхтоўцы кармоў. А сярод меха¬нізаваных корманарыхтоўчых атрадаў вызначыліся таксама нашы землякі — атрады з ААТ “Светлагорскі аграсервіс” і ААТ “Петрыкаўскі аграсервіс”. Іх кіраўнікам Васілю Калейчыку і Канстанціну Плікусу былі ўручаны кіраўніком нашай дзяржавы Ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі.
Сярод сельгасарганізацый краіны ў намінацыі корманарыхтоўкі пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва выйшла КСУП “Баравое” Лельчыцкага раёна. Яго дырэктар Мікалай Мароз таксама атрымаў узнагароду ад Прэзідэнта краіны.
Пераможцам і ўсiм удзельнікам свята дажынак быў прысвечаны канцэрт майстроў мастацтваў. У ім бралі ўдзел вядомыя калектывы і выканаўцы як нашай краіны, так і Расіі, Украіны, Літвы, Малдовы. Цёпла сустрэлi госці свята і бабруйчане заслужаную артыстку Расіі Людмілу Нікалаеву, народную артыстку Расіі Валянціну Талкунову, папулярнага спевака Аляксандра Сярова, нашу зямлячку Анжаліку Агурбаш. Не пашкадавалі гледачы апладысментаў і ў адрас юнай артысткі Ксюшы Сітнік, ансамбляў “Песняры”, “Добрыя малойцы”, многіх іншых выканаўцаў.
У свяце прынялі ўдзел старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Якабсон і іншыя афіцыйныя асобы.
Мікалай БЯЛЬКОВІЧ,
спецыяльны карэспандэнт
“Гомельскай праўды”.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей