Элiта працуе на ўраджай

  • 1434
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
Няма праблем з рэалізацыяй элітнага насеннага матэрыялу ў рэспубліканскім сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Эксбаза “Пянчын” Буда-Кашалёўскага раёна. Яго ахвотна купляюць гаспадаркі вобласці і фермеры. Рэалізавана ўжо 600 тон насення азімых культур. А ўсяго пад ураджай 2007 года з улікам яравых запланавана рэалізаваць каля дзвюх тысяч тон насеннага матэрыялу збожжавых і зернебабовых культур.
— З заданнем мы абавязкова справімся, — гаворыць дырэктар спецгаспадаркі У. У. Яўсеенка. — Ужо цяпер закладваем добрую аснову будучаму ўраджаю. У ліку першых у раёне правялі жніво, а зараз поўным ходам вядзем сяўбу азімых культур і зяблевае ворыва.
Першым вывеў у поле сеяльны агрэгат лепшы механізатар эксбазы Васіль Максіменка. На яго рахунку каля двухсот гектараў азімых культур. Зараз уключаны ў работу яшчэ два сеяльныя агрэгаты. Плошчу ў 740 гектараў плануюць засеяць да 25 верасня. Да канца месяца будзе ўзарана глеба і на зябліва. На гэтай рабоце шчыруюць Мікалай Яначкін і Аляксандр Раманенка.
Аснову будучаму ўраджаю закладваюць і хлебаробы сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Крыўск”. Дарэчы, гэтай гаспадарцы сёлета асабліва не пашанцавала. Ураджай тут вырасцілі вельмі высокі. Але перад самай уборкай над палямі праляцеў віхор з моцным дажджом і градам. Частку пасеваў паблытала і паклала на зямлю.
— Хлебаробы вельмі перажывалі, але не апусцілі рукі, — прыпамінае старшыня А. П. Падалячын. — Пасевы апрацавалі спецпрэпаратамі, тэрмінова прынялі іншыя меры. Большасць ураджаю выратавалі. На камбайнах устанавілі сцеблепад’ёмнікі і вялі жніво на пашкоджаным полi толькі на паніжаных скарасцях. На круг атрымалі каля 60 цэнтнераў збожжа. Гэта самая высокая ўраджайнасць у раёне.
Зараз у Крыўску таксама поўным ходам ідзе сяўба азімых культур. Выкарыстоўваецца толькі элітнае і суперэлітнае насенне, частка якога набыта ў Пянчыне. Прыступілі тут да ўборкі бульбы, якая дае з гектара амаль па 200 цэнтнераў. І па гэтаму паказчыку гаспадарка ў ліку лідэраў у раённай зводцы.
Актывізуюцца асеннія палявыя работы ў сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах “Губічы”, “Гусявіца”, камунальных сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемствах “Саўгас “Камінтэрн”, “Саўгас “Дзербічы”. Характэрна, што ва ўсіх іх выкарыстоўваецца элітны насенны матэрыял з эксбазы “Пянчын”.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей