У дубовым лесе волю каваў...

  • 3036
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
Колькі сябе памятаю, гэты калектыўны фотаздымак у драўлянай рамачцы заўсёды вісеў на сцяне ў нашай хаце. Яго разам з іншымі я забрала пасля смерці бацькоў. І толькі потым на разгорнутым сцягу на заднім плане здымка змагла прачытаць словы: “Лес — союзник человечества в строительстве мировой коммуны”.
Значыць, здымак зроблены калі не ў 20-я, дык у 30-я гады мінулага стагоддзя. І, значыць, ужо тады работнікам лясной гаспадаркі працаваў мой тата Якаў Аўрамавіч Белякоў (на здымку ў другім радзе крайні справа). Не ведаю, можа да вайны не было працоўных кніжак? Бо ў бацькоўскай запісана: “прыняты на пасаду аб’ездчыка 2-га аб’езда Свяцілавіцкага лясніцтва Чачэрскага лясгаса 10.12.1943 года”.
Апошні час — а працаваў амаль да 70 гадоў — ён быў лесніком. І толькі хвароба змусіла кінуць леснікову пасаду.
Што ж прымусіла мяне расказаць пра гэтага на выгляд суровага негаваркога чалавека напярэдадні чарговага Дня работнікаў лесу?
Мой неаплатны даччын доўг, бязмежная ўдзячнасць за тое, што без высокіх слоў ён навучыў мяне разумець і любіць лес. Гэта пад ягоным ўплывам яшчэ ў трэцім класе я паспрабавала напісаць верш: “Ой ты лес-прыгажун, а які ж ты прыгож, як прыгож у сваім зімнім уборы…”.
І няхай я не стала, як марыла ў дзяцінстве, работнікам лесу, але адданасць і любасць да яго захавала на ўсё жыццё.
Гэта ад бацькі я некалі пачула: у сасновым лесе маліцца, у бярозавым — любіцца, у дубовым — волю каваць, у яловым — душу д’яблу прадаваць. І як невыказана здзівілася, калі ўжо дарослай прачытала гэтае прыслоўе ва Уладзіміра Караткевіча.
Добры гаспадар, садоўнік, пчаляр, паляўнічы, бацька любіў лес, ашчадна ахоўваў яго. І пэўна ж без лесу не ўяўляў свайго жыцця. А лесу ў нашых мясцінах шмат. Ды і сама вёска, па сутнасці, стаяла сярод лесу. Густыя шаты насядалі на яе пагрозліва, мусіць, за тое, што некалі яна паквапілася на законныя лясныя правы.
У лесе бацька адчуваў сябе як дома. Ён ведаў амаль кожнае дрэва, разумеў яго душу, мову. Яшчэ ў маленстве менавіта ад яго я пачула, што дзяцел — лясны доктар, а воўк — лясны санітар. Ён сур’ёзна сцвярджаў, што лясны жаўрук па прыгажосці спеваў пераўзыходзіць часам славутага салаўя. Толькі свае песні ён, лясны жаўрук, спявае ў бязлюдных мясцінах і мала хто чуе іх.
Аднойчы бацька прынёс дамоў цэлы вывадак асірацелых ваўчанят — уся вёска збеглася глядзець на іх. Сам іх карміў, паіў. І толькі калі яго верны і надзейны сябра Шарык, блізка не падыходзячы да гаспадара, пачаў заходзіцца ад брэху, карова раўцi, а спужаныя авечкі не заходзіць у двор, ён падараваў ваўчанят Свяцілавіцкаму дзіцячаму дому.
Пра Шарыка трэба сказаць асобна. Гэты караткахвосты паляўнічы сабака, надзвычай кемлівы і разумны, спачатку быў Дунаем. Але яго ад нас скралі. Колькі давялося бацьку хадзіць па вёсках, пакуль у адной з іх, разарваўшы ланцуг, — у нас ён ніколі яго не ведаў — з двара выскачыў сабака і кінуўся бацьку на грудзі. Толькі ён ужо стаў Шарыкам.
— Я з ім смела магу ісці на любых самавольшчыкаў, у любую ліхую кампанію. Ён нікому не дазволіць падысці да мяне… І ў паляванні роўных яму няма, — казаў бацька.
З дапамогай Шарыка бацька рэдка вяртаўся дадому з пустымі рукамі. У розныя поры года да пояса былі прытарочаны забітыя качкі, цецярукі, заяц, ліса, а то і воўк. Летам жа ў берасцянцы прыносіў асабліва буйныя салодкія ягады — суніцы, чарніцы, ажыны, потым крамяныя баравічкі і іншыя грыбы.
Пад старасць Шарык амаль аслеп. Падбіліся ногі, стачыліся і абламаліся зубы, цяжка было глытаць. Бацька не мог глядзець на яго пакуты і аднойчы даў стрэльбу сваяку: “Завядзі ў лес і забі”. Неўзабаве сваяк вярнуўся назад з сабакам. “Не магу забіць, — махнуў ён рукой. — Шарык здагадаўся, куды вяду. Зойдзе наперад, стане перада мной, а з вачэй — слёзы гарохам”. Так і застаўся жыць у нас да скону.
Бацька быў строгі, але справядлівы. Вось толькі адзін выпадак.
Неяк, пасля ўжо яго смерці, маці пайшла ў суседнюю вёску Рэчкі ў сельскі Савет. Было горача, і яна папрасіла вады ў мужчыны, што корпаўся на сваім двары. Той вынес конаўку і пацікавіўся:
— Скуль жа ты, маладзічка?
— Ды з Ухова.
— А чыя ты? Я там многіх ведаю.
— Удава былога лесніка Яшкі Беляка.
І раптам мужчына ўстрапянуўся.
— А мая ж ты даражэнькая, — успляснуў ён рукамі. — Заходзь жа хутчэй у хату. Я цябе без пачастунка не адпушчу. Ведаеш, я ў даўгу перад тваім мужыком.
За сталом ён расказаў:
— Было гэта недзе ў 50-х. Бедна мы тады жылі, у калгасе амаль не плацілі. Грошай няма, а мы маладыя, дзеці маленькія. І вось у хаце прагніла падлога. Што рабіць? У лесе я нагледзеў ладны дуб і вырашыў тайна спілаваць яго на дошкі. І што ты думаеш — як на той грэх Беляк шыбуе. “А мне дрэвы шэпчуць, дзе самавольная рубка”, — адказаў на маё здзіўленне. І як ні маліў-прасіў, пачаў складаць акт. “Эх ты — сухар, а не чалавек, — прамовіў я ў роспачы. — Ну дзе я грошы вазьму, каб той штраф заплаціць? Вунь дзеці ў дзірку ў падлозе падаюць!”
А назаўтра раніцай адчыняюцца дзверы і на парозе — ляснік. І бачыць: сапраўды мае немаўляты голымі попкамі каля дзіркі коўзаюцца. Выцягнуў Якаў Аўрамавіч з сумкі акт і моўчкі разарваў яго. Потым кажа: “Вечарам забяры дуб”. Павярнуўся і пайшоў з хаты. Во які чалавек!
Некалі абходу бацькі было прысвоена званне “Абход высокай культуры”. Лес у яго і сапраўды быў дагледжаны. Своечасова праводзілася санітарная рубка, выбракоўваліся старыя і хворыя дрэвы, вывозіўся сухастой. Кварталы раздзяляліся роўнымі лініямі — чыстымі палянкамі. Бацька нават лаўкі з ямамі майстраваў для аматараў курэння. Стараўся не дапускаць распаўсюджання лясных пажараў.
А яшчэ бацька любіў і ўмеў спяваць. Ён меў тонкі музычны слых і прыгожы шаляпінскі бас. У нашай вёсцы, асабліва ў зімовыя святы, заўсёды ладзіліся застоллі, якія пышна называліся банкетамі. І што характэрна, кампаніі за дзень маглі пабываць у дзвюх, а то і ў трох хатах, але ніхто моцна не напіваўся. Весяліліся, жартавалі, многа спявалі. Не было тады ў вёсцы ні тэлевізара, ні радыё, і мы хвосцікамі хадзілі за дарослымі, каб толькі слухаць іх зладжаныя спевы. Я змалку ведала бацькаў рэпертуар, пачынаючы з “Коробушки”, “Кирпичиков” і да “Есть на Волге утес”.
Так, ён любіў спяваць і рабіў гэта самазабытна, увесь аддаючыся абладзе мелодыі. І ўсё ж галоўнай яго любоўю быў лес. Неяк я запытала ў хворага, ужо прыкаванага да ложка бацькі: “Што б ты хацеў цяпер больш за ўсё?”
— Пабыць у лесе, — адказаў ён, і на бледных губах прамільгнула слабая ўсмешка.
Пры жыцці бацькі я, яго прыёмная дачка, з-за беспадстаўнай сарамлівасці ніколі не прызнавалася ў пачуццях да яго. І хай гэтыя радкі будуць прызнаннем у любові і сведчаннем непагаснай памяці пра гэтага прыгожага валявога чалавека, які дастойна і годна пражыў усё свае жыццё.
Алена ЛАГУНОВІЧ

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей