Прафесія археолага здавалася мне рамантычнай здаўна. Прыкладна з тых часоў, калі ў падручніку па біялогіі я прачытала пра дзіўную птушку археаптэрыкс, чый знойдзены шкілет з’яўляецца самым старажытным перад рэшткамі ўсіх астатніх птушак.Ужо тады мне не давалі спакою лаўры Генрыха Шлімана, што раскапаў у Малой Азіі легендарную Трою, ды Говарда Картэра — знакамітага парушальніка таямніц велічных егіпецкіх пірамід, які пазнаёміў свет з пракляццем Тутанхамона.
І гэта ўжо не кажучы пра ўсім вядомую магутнасць генаў — мой бацька ў ранняй маладосці быў членам археалагічных дэсантаў. Так што можна лічыць, што паўдзельнічаць у сапраўдных раскопках мне было на раду напісана.
А глебу я для гэтага выбрала па-сапраўднаму і ў прамым сэнсе слова таямнічую.
Напэўна, мала хто сумняваецца, што Полацк — самы гістарычны беларускі горад. Па-першае, ён найстаражытнейшы перад усімі іншымі — упершыню ўзгадваецца ў летапісах у 862 годзе і не дзе-небудзь, а ў знакамітай “Аповесці мінулых гадоў”. Па-другое, адсюль вытокі нашай дзяржаўнасці. Па-трэцяе, мы ўсе вучыліся ў школе і ведаем пра Рагвалода, Рагнеду, Усяслава Чарадзея, яго ўнучку Ефрасінню Полацкую і, урэшце рэшт, пра нашага славутага першадрукара, чалавека, які праславіў беларускае на ўвесь свет — пра Францыска Скарыну.
І няхай гэты горад зараз не цэнтр княства і нават не абласны цэнтр, няхай ён імкліва эканамічна развіваецца і дзевяціпавярховыя дамы наскрозь захопліваюць яго, але ў ім назаўсёды застанецца толькі адзін Дух — Дух гісторыі, памяці продкаў і сівой даўніны, славы беларускіх ваяроў і беларускай культуры — святога для кожнага, хто жыве на гэтай зямлі.
З патрыятызмам у мяне заўсёды было добра, а таму з дзяцінства я ведала, што ў Полацку пабываю абавязкова. Упершыню прыехала ажно ў дзесятым класе паглядзець крыж Ефрасінні і Сафійскі сабор. Сёння, ужо будучы журналісткай, з прафе¬сійным інтарэсам.
Ад знаёмых даведалася, што зараз ля Полацка некалькі груп вядуць раскопкі. Запалілася адразу — трэба ехаць на месца! Рукзак на плечы і ўперад. Для маральнай падтрымкі бяру з сабой сяброўку Сашу. Да мяркуемага месца раскопак едзем хвілін 30 на маршрутцы, выходзім на нейкім прыпынку і цікавімся ў мясцовых, дзе ж археолагі. У адказ усе энергічна махаюць рукамі ў прама супрацьлеглым накірунку, спрачаюцца адзін з адным і запэўніваюць, што варта ісці туды, куды паказваюць менавіта яны. Раптам Сашка, уладальніца стопрацэнтнага зроку, заўважае палаткі ўдалечыні, і мы шкандыбаем праз поле да іх.
Пачынаю шкадаваць, што абула свае новыя любіменькія аранжавыя красовачкі — тупаць па бруднай гліне ў iх не лепшы варыянт. Але энтузіязм прэ праз вушы і таму да палатак даходзім хутка. За імі бачым катлаван з хлопцамі і дзяўчатамі, якія капаюць. Усе займаюцца сваімі справамі і не звяртаюць на нас увагі. Тады шукаем, хто ахоўвае лагер. Вартавым аказваецца Віктар — студэнт мясцовага ўніверсітэта. Ён здзіўлены, што нас тут бачыць, бо легальна патрапіць на месца раскопак можна толькі праз факультэцкую практыку ці запісаўшыся добраахвотнікам — а ноччу аб’ект увогуле ахоў¬ваецца міліцыяй.
Тлумачу, што журналістка, маўляў, цікаўлюся гісторыяй, хачу паўдзельнічаць у раскопках. Віця аглядвае мяне з ног да галавы, і вочы яго паступова ўсё больш і больш акругляюцца. Я аглядваю сябе ўслед за ім — так, белая майка з моднымі надпісамі ў стылі “The Matrix”, белыя джынсы, закасаныя ўнізе, каб не запэцкаць зямлёй, белыя шкарпэткі, аранжавыя боцікі, фотаапарат на пузе, у адной руцэ мабільнік, у другой — дыктафон.
— І ў гэтым вы збіраецеся КАПАЦЬ? — не вытрымлівае новы знаёмы. — Ды ўвогуле вам ніхто не дазволіць — тут раскопкі дзяржаўнай значнасці, удзельнічаюць правераныя людзі, знаўцы сваёй справы!
Я расстройваюся і пачынаю ныць пра тое, што адзенне чалавека не галоўнае, важней, што ўнутры. А ў мяне ўнутры палкае жаданне здзейсніць археалагічны подзвіг, няхай і за кошт любімых белых штаноў...
На 25-й хвіліне перамоў Віця здаецца, нешта кажа сябрам, што ў катлаване, і праз некаторы час мяне “запрашаюць” скокнуць у “яміну”. А я такі чалавек, што перад тым каб куды-небудзь скакаць, яшчэ думаю, як потым буду выбірацца назад. Запасным варыянтам знаходжу рукі сяброўкі, якую прадбачліва пакідаю наверсе.
Фотаапарат, дыктафон і рукзак пакідаю Сашцы, а сама рашуча спаўзаю ў катлаванку.
Студэнт гісторыка-філалагічнага факультэта Канстанцін ветліва тлумачыць мне, што зямля, якую яны ўжо раскапалі, — гэта слой баласту, сумесь пластоў XVIII стагоддзя з сучасным слоем. Знайсці тут нешта вартаснае ці хаця б проста знайсці амаль неверагодна — трэба капаць глыбей. “Вось чаму мяне сюды дапусцілі, усё роўна нічога не знайду”, — здагадваюся я. Okey! Пачынаю ныць, што ўжо амаль ахвяравала новымі белымі штанамі і так хочацца ну хоць што-небудзь знайсці. Косця спачатку злуецца, а потым выскоквае з яміны і знікае. Вяртаецца хутка, дапамагае вылезці мне і кажа:
— Хадзем сюды. Тут іншы пласт, можа што знойдзеш. Толькі ціха, каб не ўбачыў кіраўнік. Ён амаль легендарны чалавек у археалогіі! — шэпча Косцік.
Я пачынаю рыцца ў зямлі з купкай іншых студэнтаў. І раптам, амаль на паверхні, бачу нешта падобнае на рэшткі гаршка. Хочацца крычаць ад захаплення, аднак своечасова ўспамінаю, што нельга прыцягваць увагу гэтага загадкавага галоўнага археолага, бо добра дасць па вушах за самадзейнасць...
Вакол мяне ўсе віншуюць, але неяк хітра ўсміхаюцца. Я хутка разумею — гэта Косцік падмітусіў. Знаходку мне проста падкінулі, каб задаволіць мой археалагічны пыл. Але мне ўсё роўна прыемна, галоўнае ж удзел!
Сашка таксама за мяне рада, але нагадвае, што мы ўжо другую гадзіну тут — трэба і дадому да захаду сонца дабрацца. На развітанне я запісваю кантакты таямнічага кіраўніка раскопак, даю абяцанне не расказваць, што была тут, і моцна ціскаю рукі Канстанціну і Віктару. Яны, замурзаныя, шчыра ўсміхаюцца, і ўжо спіной я чую шэпт.
— Вось дзяўчына-знаходка! Дзе б такія раскопкі, каб такую адкапаць!
— У Гомелі! — не паварочваючыся, адказваю я.
Вочы, напэўна, у іх акругліліся ад здзiўлення. Чалавек прыехаў з Гомеля, каб пакапацца ў полацкай зямлi!
З таямнічым кіраўніком раскопак — Дзянісам Дукам — звязацца аказалася справай не з лёгкіх. Яго мабільнік амаль заўсёды адключаны, а дома ён, вядома, з’яўляецца рэдка — увесь час на археалагічнай працы. Дзесьці праз тыдзень замест ужо звыклых “Абанент часова недаступны” я ўсё ж пачула голас Дзяніса Уладзіміравіча.
Высветлілася, што капалі “мы”, а больш правільна яны, сярэднявечны могільнік — знайшлі сялянскія пахаванні XVIII стагоддзя. Гістарычная значнасць вялікая, бо гэтыя рэшткі даюць уяўленне пра абрадавую культуру нашых продкаў тых часоў. Старажытныя беларусы над могілкамі ставілі вялікія камяні, на якіх высякалі рыцарскія шлемы, фігуркі жанчын альбо дзяцей, у залежнасці ад таго, хто там пахаваны. У труну часта клалі ўпрыгожванні, амаль як у Егіпце. Так, побач з чатырохгадовай дзяўчынкай полацкія археолагі знайшлі каралі.
Трошкі раней Дзяніс Дук выкапаў старажытную частку Полацка ў раёне Запалоцця. Раскопкі выдаліся надзвычай удалымі — удалося пашырыць памер старога горада, а сярод знаходак — і ювелірныя ўпрыгожванні з бронзы і срэбра, датуемыя XI — XII стагоддзямі, і пярсцёнак нейкага ваяра з дружыны Усяслава Чарадзея, і бронзавы медальён у выглядзе крыжа, што адносіцца да перыяду ранняга хрысціянства, а таксама бомы, гаршкі, манеты, каралі — усяго больш тысячы знаходак!
Яшчэ раней полацкім студэнтам пашчасціла раскапаць браму Запалоцкага пасаду, валавую сцяну XI стагоддзя, манеты XVI — XVII стагоддзяў, свінцовую пячатку, хутчэй за ўсё княжацкую, і нават прывазныя грэчаскія амфары, якія сведчаць пра высокі ўзровень гандлёвай культуры нашых продкаў.
А я, успамінаючы пра сумны лёс тых, хто нарваўся на пракляцце Тутанхамона, пытаюся, ці бяспечна кранаць голымі рукамі рэшткі паселішчаў і старажытныя камяні.
— Канкрэтна ў гэтым могільніку ўсе знаходкі бяспечныя, — тлумачыць Дзяніс Дук. — Да таго ж, косткі мы расклалі па месцах, а таму, спадзяюся, не патрывожылі спакой пахаваных тут людзей. Але на іншых раскопках абавязкова ёсць судмедэксперты і іншыя спецыялісты, якія абясшко¬дзяць знаходкі, калі гэта магчыма.
З пачуццём выкананага абавязку я вярнулася ў Гомель. А запэцканую белую майку пакінула сабе на памяць. У мяне з ёй дзве асацыяцыі — як я была археолагам, і рэклама пральнага парашку “Лоск”, дзе дзяўчына імкнецца адмыць майку пасля археалагічных раскопак.
Наталля СТАРЧАНКА
Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
-
Змеи Беларуси – кого стоит бояться?
- 15:08
- 04.10.2018
- 238683
-
В Гомеле после капремонта открылось общежитие для студентов медуниверситета
- 15:36
- 29.12.2020
- 208954
-
В Гомельской области появился первый электробус. Посмотрите, как он выглядит
- 11:23
- 01.07.2021
- 205761
-
Сегодня в Гомеле начинают отключать отопление в квартирах
- 09:23
- 04.05.2021
- 172575
-
Блогер-тракторист из Хойников уехал в Латвию, а теперь рассказывает сказки о том, что у него хотели забрать ребенка
- 12:54
- 12.01.2021
- 156997
-
Как мы работаем и отдыхаем в мае
- 10:54
- 01.04.2019
- 145922
-
КСУП «Агрокомбинат «Холмеч» опираются на профессионализм людей – и это приносит результат
- 17:29
- 26.09.2020
- 138419
-
В Гомельском районе молодожены, возвращаясь со своей свадьбы, спасли пострадавших в ДТП
- 09:47
- 01.10.2019
- 134198
-
Кто протягивает руку первым, а кто, здороваясь, извиняется: правила хорошего тона
- 18:47
- 12.02.2017
- 118988
-
В Беларуси на этой неделе ожидается до +20°С
- 14:38
- 29.10.2018
- 115880


