Тысячнікі замацоўваюць пазіцыі

  • 1547
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
Мы прывыклі ўжо да таго, што на працягу некалькіх апошніх гадоў у час жніва экіпаж камбайнера Мікалая Герыловіча з вытворчага сельскагаспадарчага кааператыва “Савецкая Беларусь” Рэчыцкага раёна першым у вобласці намалочвае тысячу тон збожжа. Не стала выключэннем і сёлетняе жніво. Ужо 5 жніўня Мікалай разам са сваім памочнікам Сяргеем Лявоненкам перакрыў запаветны рубеж.
Урачыстасці з гэтай нагоды адбыліся толькі праз некалькі дзён, бо было вельмі добрае надвор’е, і механізатары стараліся эфектыўна выкарыстаць кожную яго хвіліну. Ушанаванне перадавікоў адбылося пазаўчора. Яны за гэты час намалацілі больш як сто тон хлеба і знаходзяцца ў лiку лiдэраў спаборніцтва сярод камбайнераў вобласці.
Пазаўчора пайшоў дождж. Камбайны не выехалі ў поле. У гэты дзень прама на машынна-трактарным двары адбылося ўшанаванне тысячнiкаў. Першым павіншаваў Мікалая з Сяргеем старшыня аблвыканкама А. С. Якабсон (на здымку). Затым каштоўныя падарункі і кветкі перадавікам спаборніцтва ўручылі старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Л. В. Барабанаў, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу М. П. Літвінюк, прадстаўнікі мясцовых улад і грамадскіх арганізацый.
Аляксандр Серафімавіч пажадаў перадавым камбайнерам умацоўваць пазіцыі сёлета і ў наступным годзе таксама выйсці першымі ў вобласці на тысячныя намалоты. Мікалай і Сяргей паабяцалі апраўдаць высокі давер і ўжо сёлета толькі ў сваім калгасе намалаціць не менш як паўтары тысячы тон збожжа. А калі будзе патрэбна, то дапамагчы і іншым гаспадаркам ва ўборцы хлеба. Губернатар звярнуўся да ўсіх удзельнікаў жніва сельгаспрадпрыемства з пажаданнем прыбавіць ва ўборачных работах.
Пабываў А. С. Якабсон і на новай ферме, будаўніцтва якой завяршаецца зараз на тэрыторыі былога далучанага да “Савецкай Беларусі” калгаса імя Кірава. Аляксандр Серафімавіч пахваліў гаспадарнікаў за тое, што на гэтай ферме ўкараняюцца самыя сучасныя тэхналогіі догляду жывёлы. Разам з тым звярнуў увагу і на тое, каб тут былі створаны выдатныя ўмовы для работы і адпачынку людзей.
У гэты ж дзень губернатар пабываў у суседнім сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны сцяг” і павіншаваў маладзёжны экіпаж у саставе Івана Вырвіча і Алега Гулая, які другім у вобласці намалаціў тысячу тон збожжа і працягвае дабівацца высокіх намалотаў. Аляксандр Серафімавіч выказаў падзяку ўсяму калектыву гаспадаркі за высокую ўраджайнасць і выдатную работу на збожжавым полі, напомніў, што “Чырвоны сцяг” з першых дзён жніва па тэмпах уборкі хлеба знаходзіцца ў лідзіруючай групе сельгаспрадпрыемстваў вобласці. І сапраўды, тут створаны выдатныя ўмовы ўдзельнікам жніва для плённай работы. Добра прадумана аплата працы. У выпадку паломак тэхнічная дапамога аказваецца механізатарам прама на полі. На месцы работы арганізавана гарачае харчаванне. Таму і працуюць людзі старанна, эфектыўна.
У інтэрв’ю для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі А. С. Якабсон адзначыў, што ўборка збожжавых і зернебабовых культур сёлета ў вобласці вядзецца ў складаных умовах — надвор’е няўстойлівае. Але камбайнеры, вадзіцелі i ўсе іншыя ўдзельнікі жніва імкнуцца супрацьставіць цяжкасцям арганізаваную, высокапрадукцыйную работу.
— Наша задача, — падкрэсліў Аляксандр Серафімавіч, — сабраць увесь вырашчаны хлеб да адзінага зярняці. Мяне радуе і тое, што з кожным годам колькасць камбайнераў-тысячнікаў расце. Больш становіцца і маладзёжных экіпажаў. А гэта сведчыць аб тым, што наша вёска маладзее і адраджаецца.
Ва ўшанаванні лепшых камбайнераў прыняў удзел і старшыня камісіі па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В. В. Кулік.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей