Гомельскія дарогі вядуць у... джунглі

  • 1792
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
Яшчэ ў канцы мінулага года генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага унітарнага прадпрыемства “Гомельаблдарбуд” В. М. Краўчанка ў саставе беларускай дэлегацыі пабываў у Індыі. Вадзім Міхайлавіч сустракаўся з прадстаўнікамі дарожнай галіны гэтай краіны.
Папярэдне вяліся перамовы аб узаемавыгадным супрацоўніцтве, магчыма нават аб стварэнні сумеснага прадпрыемства па будаўніцтву і капітальнаму рамонту індыйскіх дарог. Прадоўжыць гэту важную тэму было вырашана пры сустрэчы зацікаўленых бакоў у Гомелі.
Нядаўна такая сустрэча адбылася. У ходзе афіцыйнага візіту ў Беларусь тры дні з работай “Гомельаблдарбуда” знаёміліся дырэктары буйных індыйскіх дарожных фірмаў Рахіт Сінгх і Аніруд Лол. Госці пабывалі на асобных дарогах, якія будавала і рамантавала прадпрыемства, азнаёміліся з асаблівасцямі ямачнага рамонту, іншымі перадавымі тэхналогіямі. Па словах прадстаўнікоў замежнай краіны, ім вельмі спадабалася і дарожная тэхніка, якая выкарыстоўваецца ў “Гомельаблдарбудзе”. Яны выказалі жаданне набыць некалькі спецмашын і механізмаў.
Паўдня правялі госці ў комплексе дапаможных цэхаў. Тут жа на базе прадпрыемства азнаёміліся і з работай навейшага асфальтабетоннага завода.
— Зараз у нашай краіне адным з прыярытэтных кірункаў развіцця эканомікі з’яўляецца дарожнае будаўніцтва, — зазначыў Рахіт Сінгх. — І гэта не выпадкова. Эканоміка Індыі ў апошнія гады дынамічна развіваецца. Недахоп аўтамабільных дарог з’яўляецца сур’ёзным тормазам на шляху да гэтага. Сітуацыя зараз такая — за апошнія гады колькасць аўтамабіляў павялічылася прыкладна ў 170 разоў, а працягласць дарог узрасла не больш як у дзесяць разоў. Урад вырашыў значна скараціць такую прапорцыю. На будаўніцтва і рамонт дарог выдзяляюцца вялікія сумы інвестыцый. У першую чаргу значныя грашовыя сродкі выдзяляюцца з дзяржаўнага бюджэту. Паступаюць інвестыцыі таксама з-за мяжы. Нават японцы на гэтыя мэты абяцаюць выдзеліць вялікія капіталаўкладанні. Іх трэба хутка асвойваць. Мы прыехалі сюды, каб дамовіцца з гамяльчанамі аб сумеснай рабоце па асваенню часткі інвестыцыйных сродкаў. У надзейнасці вашых дарожнікаў, іх магчымасцях і вялікім патэнцыяле пераканаліся на месцы. Прапаноўваем сумесна распрацаваць варыянты нашага супрацоўніцтва.
А вось што дадаў да гэтага В. М. Краўчанка:
— Пакуль аб канкрэтных напрацоўках гаварыць рана. Але перспектыва сумеснай работы праглядваецца. І сваіх шанцаў пастараемся не ўпусціць.
Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы выказвалі нават прагнозы аб тым, што ўжо хутка гомельскія, найбольш вопытныя дарожнікі будуць пракладваць новыя дарогі праз індыйскія джунглі.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей