Адклад не ідзе на лад

  • 3602
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
Літаральна на вачах пад ліпеньскім ветрыкам нават на запозненых участках даспявае збажына, а на большасці плошчаў збожжа ўжо просіцца ў засекі. Як арганізавана жніво ў вобласці і што трэба зараз зрабіць, каб у сціслыя тэрміны і без страт убраць вырашчаны ўраджай? На гэтыя пытаннi i звярнуў увагу на чарговай абласной селектарнай нарадзе старшыня аблвыканкама А. С. Якабсон.

— Сёлета мы павінны замацаваць мінулагодні рэкорд па валавому збору хлеба, — падкрэсліў Аляксандр Серафімавіч. — Такая магчымасць ёсць. Паўсюдна вырашчаны добры ўраджай. Зараз святая справа паспяхова абмалаціць яго. Патрэбна неадкладна актывізаваць работы на збожжавым полі, а не чакаць пакуль вільготнасць зерня ў коласе паменшыцца. Пазіцыя адкладу і чакання не прымаецца.
Гэтыя патрабаванні не падлягаюць сумненню. Летась кіраўнікі некаторых сельгаспрадпрыемстваў таксама ў пачатку жніва занялі такую пазіцыю, а ў выніку дапусцілі страты ўраджаю. Іншая справа, што для сёлетняй уборкі характэрна нераўнамернасць паспявання збожжа. Але па гэтай прычыне адкладваць жніво нельга, а трэба весці яго выбарачна. Магчыма давядзецца на адно і тое ж поле вяртацца па некалькі разоў. Не бяда, бо стратам будзе пастаўлены поўны заслон. І затраты акупяцца. Добра гэта разумеюць у Акцябрскім, Ельскім і некаторых іншых раёнах, дзе ўборачныя работы арганізаваны шырокім фронтам. А вось у Веткаўскім, Кармянскім і Рагачоўскім раёнах на пачатку жніва марудзяць. Тэмпы работ тут трэба тэрмінова павышаць. Найлепшыя намалоты зараз у Добрушскім раёне. Хлебаробы хаця і ўбіраюць не лепшыя ўчасткі, але намалочваюць з гектара больш як па 36 цэнтнераў збожжа. Добрыя намалоты ў Калінкавіцкім, Лельчыцкім і некаторых іншых раёнах.
На селектарнай нарадзе звярталася ўвага і на тое, што ў вобласці павінны актывізавацца работы па нарыхтоўцы кармоў з траў другога ўкосу і саломы. Нельга супакойвацца з-за таго, што назапашана ўжо 445,3 тысячы тон кармавых адзінак травяністых кармоў — 105 працэнтаў да ўзроўню мінулага года на гэты час. Дарэчы, леташні ўзровень пераўзышлі ўсе раёны за выключэннем Брагінскага, Жлобінскага, Лельчыцкага, Мазырскага і Светлагорскага.
Адзначалася, што на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы прыбаўка ў параўнанні з леташнім складае 0,35 цэнтнера кармавых адзінак. А ўсяго нарыхтавана 10,74 цэнтнера кармавых адзінак. Бяда аднак у тым, што ў асобных гаспадарках не назапасілі нават і па сем цэнтнераў! Гэта ўжо не даравальна. Таму такія гаспадаркі на нарадзе назваў намеснік старшыні аблсельгасхарчу В. І. Яцэвіч. У іх ліку КСУП “Дубавіцкі” Буда-Кашалёўскага раёна, КСУП “Кісцяні” і ВСК “Лучын” Рагачоўскага, СВК “Пераможнік” Брагінскага раёнаў і некаторыя іншыя.
Першы намеснік старшыні аблвыканкама Г. В. Дашкевіч звярнуў увагу на тое, што ў комплексе трэба зараз весці і іншыя палявыя работы. Асабліва павысіць тэмпы цераблення льну, якога ўбрана пакуль толькі крыху больш як дзесяць працэнтаў да плана. У Веткаўскім і Рагачоўскім раёнах на пачатак тыдня да гэтай работы яшчэ зусім не прыступалі. Ужо зараз ставіцца задача да ўборкі максімальна захаваць усе пасевы кукурузы на зерне з тым разлікам, каб забяспечыць запланаваны аб’ём вытворчасці гэтай прадукцыі. Трэба зараз без прамаруджвання апрацоўваць пасевы бульбы, каб даць магчымасць добраму фарміраванню клубняў.
Нельга забываць у гэтыя гарачыя дні палявых работ і пра малочную жывёлагадоўлю, бо травы паўсюдна ўдосталь. Ёсць усе магчымасці павялічыць надоі малака, і іх неабходна спаўна выкарыстаць. На вялікі жаль, у асобных гаспадарках назіраецца спад вытворчасці гэтай прадукцыі, чаго не павінна быць.
Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці В. У. Шчэцька звярнуў увагу на неабходнасць актывізацыі работ па добраўпарадкаванню аграгарадкоў.
Зараз рэдка на якой селектарнай нарадзе не ўздымаюцца пытанні своечасовай выплаты заработнай платы работнікам аграпрамысловага комплексу. І гэта не выпадкова. У многіх гаспадарках людзі не атрымалі яшчэ заробкаў за мінулы месяц. У чым жа прычына?
— У нас на сённяшні дзень запазычанасць па зарплаце складае 672 мільёны рублёў, а перапрацоўчыя прадпрыемствы не аплацілі нам за пастаўленую прадукцыю больш як 700 мільёнаў, — зазначыў на нарадзе начальнік Буда-Кашалёўскага райсельгасхарчу А. Ф. Шруб. — Абяцаюць у бліжэйшы час пералічыць грошы. Адразу ж разлічымся з вяскоўцамі.
Прыкладна такая ж сітуацыя ў Добрушскім, Ельскім і некаторых іншых раёнах. А. С. Якабсон патрабаваў неадкладна выплацiць заработную плату людзям.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей