Ад хаты да хаты мяхамі цягалі жарты

  • 2839
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
У Калінкавіцкім раёне адбыўся пяты Усебеларускі фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2006”.

“На Палессі куток ёсць такі, дзе спрадвеку жывуць Каласкі...” — узмоцненая дынамікамі песня неслася далёка за ваколіцы Аўцюкоў, вітаючы гасцей свята. Пачалося яно, як таму і належыць, з важнай падзеі, якая, несумненна, зробіць штодзённае жыццё аўцюкоўцаў яшчэ больш прывабным і змястоўным — з адкрыцця міжнароднага аэрапорта “Аўцюкі”. Так што цяпер галоўным персанажам жартаў, анекдотаў, прыпевак і іншых праяў народнага гумару — Каласку і Калінцы — нават да знакамітых габраўцаў будзе даляцець, што ў суседняе сяло збегаць...
А вось і першы авіярэйс адбыўся: з вінтакрылай жалезнай птушкі выйшлі старшыня журы фестывалю пісьменнік Уладзімір Ліпскі, старшыня аргкамітэта па правядзенню свята, намеснік старшыні аблвыканкама Пётр Кірычэнка, ганаровыя госці — старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Віктар Піліпец, кіраўнік вядомага ў рэспубліцы мастацкага калектыву Міхась Дрынеўскі. Цёпла сустрэлі аўцюкоўцы гасцей з усіх абласцей нашай рэспублікі, а таксама з замежжа. Перш-наперш былі заўважаны ў святочнай калоне галоўныя героі фестывалю — Каласок і Калінка. Яны і запрасілі ўсіх да свайго “маёнтка” — на пляцоўку каля гандлёвага комплексу з назвай “Каласок і Калінка”.
Грымнуў аркестр, і што тут пачалося! Узляцелі іскры феерверку, пайшлі міжволі ногі ў скокі. І так натоўп развесяліўся, што ажно рух транспарту на аўтастрадзе на нейкі час прыпыніўся. Невядома, колькі падэшваў яшчэ адвалілася б у танцораў, ды дапамог штучны дождж у выглядзе фантана з шланга пажарнай машыны.
Далейшы напрамак удзельнікам свята падказаў дарожны ўказальнік з надпісам “Вялікія Аўцюкі.10 км”. Туды і рушылі. Дабраліся хутка, але пераадолець адразу рубеж ля ваколіцы не змаглі — мытня не давала “дабро”, пакуль не раскажаш анекдот альбо жарт. А паколькі такога дабра было ва ўсіх поўныя кішэні, таму ўжо хутка святочная калона крочыла па вясковай вуліцы. Праўда, з працяглымі прыпынкамі каля кожнага падворка. Бо багата ўстаўленыя напоямі і стравамі сталы ну аніяк не дазвалялі прайсці міма. Колькі было за некалькі гадзін падчас свята ў Вялікіх Аўцюках выпіта моцных і звычайных напояў, з’едзена сала, каўбас і маласольных агуркоў — пра гэта, як кажуць, гісторыя замоўчвае... Але і простым вокам было бачна, што шмат. Бо агульны настрой вельмі прыўзняўся!
Колькі б яшчэ доўжыліся спевы, жарты, анекдоты, якія, акрамя самадзейных артыстаў, дарылі гледачам папулярны парадыст Уладзімір Радзівілаў і самы вядомы беларускі прапаршчык Алег Акуліч, ды сонца раптам схавалася за бліжэйшы да сцэны хлеў.
Вялiкааўцюкоўцы захвалявалiся — заўтра ж рана ўставаць, траву касiць, сена збiраць, соткi ад пустазелля ратаваць. Таму i паспяшалiся гасцей за межы вёскi выправадзiць. Але перад гэтым 10 лепшых гаспадароў Вялiкiх Аўцюкоў паспелi атрымаць за перамогу ў конкурсе падворкаў неблагiя прызы — тэлевiзар, мiкрахвалевую печ, пыласос, тэлефонны апарат, жывых парсючкоў i курэй.
Другi дзень жартаў i смеху на калiнкавiцкай зямлi прайшоў у райцэнтры. Ля ўваходу ў гарадскi парк, як ужо стала традыцыйным, неслi нялёгкую вахту мытнiкi — прапускалi на свята толькi “ўзяўшы хабар” анекдотамі цi прыпеўкамі.
Удзельнiкаў свята цёпла павiтаў старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камiтэта А. С. Якабсон.
— Гумар у жыццi кожнага чалавека значыць вельмi шмат, — сказаў Аляксандр Серафiмавiч. — I мне прыемна вiтаць зараз усiх, хто валодае гэтым пачуццём, адклiкаецца ўсмешкай на добры жарт. Упэўнены, што ўсе, хто зараз тут знаходзiцца, менавiта такiя i ёсць — з пачуццём гумару. Хоць аўцюкоўскi фестываль яшчэ пакуль не набыў статус мiжнароднага, але да канца бягучай пяцiгодкi мы яго абавязкова такiм зробiм, — пад гучныя апладысменты прамовiў кiраўнiк абласной вертыкалi ўлады.
А. С. Якабсон прыняў удзел таксама ў адкрыццi гарадскога стадыёна, на якiм нядаўна завяршылася рэканструкцыя. Дарэчы, аблвыканкам выдзелiў на гэтыя мэты 250 мiльёнаў рублёў. Звяртаючыся да калiнкавiчан, Аляксандр Серафiмавiч падзякаваў iм за добрыя працоўныя здзяйсненні, што вылiлiся ў выдатны вынiк — у мiнулым годзе Калiнкавiцкi раён заняў першае месца ў абласным спаборнiцтве.
Удзел у свяце ў Калiнкавiчах прыняў таксама старшыня абласнога Савета дэпутатаў В. С. Сялiцкi.
А тое, што Каласкi i Калiнкi ўмеюць не толькi добра працаваць, але i весела, змястоўна адпачываць, яны прадэманстравалi падчас фестывалю ў гарадскiм парку. Колькi густу, пачуцця гумару ўклалi арганiзатары ў кожны аб’ект, каб выглядала ўсё незвычайна, з прыколамi! Вось кафэ “Халява” — над уваходам вісяць сапраўдныя чобаты з падэшвамi i халявамi. Меню ля ўвахода не пакiдае сумнення — тут будзе смачна. Чытаю: рыба далiкатэсная “Хiтры пячкур”, асарцi “Конь у яблыках тушаных”, юшка “На бязрыб’і i рак — рыба”. Ну, i гэтак далей.
Ужо познім суботнiм вечарам адгрымелi развiтальныя акорды, падведзены вынiкi i ўзнагароджаны самыя смяшлiвыя i жартаўлiвыя калектывы i выканаўцы. Не было i прайграўшых, бо запакаваныя ў дзесяткi мяхоў анекдоты, прымаўкi, прыпеўкi, што павезлi дадому ўдзельнiкi фестывалю, i ёсць самыя каштоўныя прызы.
Хоць i кажуць, што жартаваць — не рыдлёўкай кiдаць, але i ад смеху, калi яго замнога, стамляешся. Трэба зрабiць перапынак на пару гадочкаў, каб з новымi жартамi прыехаць да аўцюкоўцаў. Тыя абяцалi чакаць!
З усiмi разам смяяўся Мiкола БЯЛЬКОВIЧ

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей