Ціскатэкі па-гомельску

  • 1901
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
На сённяшні дзень у Гомелі налічваецца 48 дыскатэк. Шэсць з іх начныя, 41 — вячэрняя і адна — дзіцячая дзённая. Усім ім выда-дзены ліцэнзіі на такі від дзейнасці, але ёсць і шматлікія хібы ў арганізацыі адпачынку.
У клубах “Гіперкуб” і “Nemo” — праблемы з вентыляцыйнай сістэмай, з сантэхнічным абсталяваннем — у ГЦК і “Красной Жаре”, парушаецца супрацьпажарная бяспека ў “Брава”, “Nemo”. Зачынены ў 2005 годзе і зноў адчынены зараз “славуты” “Adrenaline” таксама не на шмат змяніўся ў лепшы бок. Гэта ўжо не кажучы пра вельмі дрэнную крымінагенную абстаноўку, што склалася вакол амаль усіх клубаў нашага горада.
Сумна вядомыя ў гэтым сэнсе “Красная Жара” і “Plaza”. Толькі з сакавіка бягучага года па сур’ёзных артыкулах узбуджаны адпаведна тры і чатыры крымінальныя справы па фактах, што здарыліся на тэрыторыі гэтых клубаў.
Яшчэ горш з РДК “Гомельскі”, які знахо-дзіцца ў Навабеліцкім раёне. Там “разборкі” п’яных падлеткаў і старэйшых адбываюцца кожны раз! Міліцыя вымушана расцягваць пабоішчы, шукаць крадзеныя рэчы і складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Шэсць з непаўналетніх аматараў падобных “дыскатэк” пабывалі ўжо ў медвыцвярэзніку.
І хоць я сама даўно выйшла з дыскатэчнага ўзросту ды, шчыра кажучы, нават у 13 — 16 гадоў не надта цікавілася такімі мерапрыемствамі, усё ж вырашыла асабіста “прашвырнуцца” па гомельскіх клубах у суботу. Цікава ж паглядзець, чым займаюцца падлеткі, якую музыку слухаюць, як бавяць вольны час і дзе бяруць грошы на білеты і спіртное.
Першай я наведала дыскатэку ў ГЦК. На ўваходзе ахова пацікавілася, што ў маім рукзаку. Я ўсміхнулася такому непрыхаванаму ўмяшанню ў маё асабістае жыццё, але адкрыла рукзак і прадэманстравала, што нажамі, відэльцамі і сякерамі няўзброена, бутэлек з півам таксама не захапіла ды і наркатычнымі рэчывамі не гандлюю. Паказальна, што былі малалеткі, якія адмаўляліся паказваць, што знаходзіцца ў сумках, і служба бяспекі спакойна іх прапускала. Нейкія дзіўныя правілы, бо дзейнічаюць яны відавочна не для ўсіх.
— Я ніколі не паказваю сумку! Навошта? Гэта мае ўласныя рэчы, і ахова не мае правоў іх правяраць. Да таго ж, гэта адзіны спосаб пранесці з сабой гарэлку ці піва, што мы і робім, — дзеліцца “вопытам” Аксана, мая новая знаёмая, вучаніца 9 класа. — Зараз мы пойдзем у туалет і там вып’ем. Пайшлі з намі!
Выпіваць я не іду, пытаюся, ці можна хадзіць на дыскатэку без алкаголю.
— А цвярозаму тут нявесела! Ты што, не бачыш, хлопцы ўсе залітыя. Звычайна яны “каўтаюць” перад дыскатэкай, — тлумачыць Аксана. — А навошта знаёміцца з п’яным хлопцам, калі сама цвярозая?
Во логіка ў людзей! Азіраюся вакол, выпіўшых і праўда шмат. І гэта пры тым, што на ўваходзе не пускаюць відавочна п’яных, значыць, народ “даганяецца” на месцы. Спіртное звычайна праносіцца ў бутэльках з-пад мінеральнай вады і потым п’ецца кампаніяй па чарзе прама з рыльца, не закусваючы, пад выглядам таго, што вельмі спякотна. Дарэчы, наконт спякоты. У зал набіваецца чалавек 300, усе танчаць, многія паляць цыгарэты (хоць гэта і забаронена). У выніку стаіць канкрэтная дымавуха і дыхаць няма чым. Атмасферка невыносная.
— А мне падабаецца дыскатэка ў ГЦК. Тут музыка лепш, няма папсы. Я хаджу сюды з сяброўкамі кожны тыдзень! — расказвае яшчэ адна новая знаёмая, дзесяцікласніца Яна. — Ты, напэўна, не была ў “Юнацтве”? Вось там жах! Хлопцы б’юцца адзін з адным, кідаюцца на дзяўчат, прапаноўваюць паехаць да іх дадому, пагражаюць. Прычым часта яны падыходзяць да зусім малых, з класа восьмага ці нават сёмага.
Акрамя таго, як я заўважыла, у ГЦК і клуб “Брава” нельга прайсці асобам яўна бандыцкага выгляду і алкаголікам, чаго не скажаш пра некаторыя іншыя бары... Да таго ж, калі ахова бачыць, што нехта з прысутных занадта актыўна перашкаджае іншым альбо заўважае прыкметы будучай бойкі, бунтароў адразу ж выводзяць на вуліцу і больш не пускаюць.
Наступным пунктам я заехала на дыскатэку ў ГДУ імя Ф. Скарыны. Там на ўваходзе таксама фэйс-кантроль. Квіткі танней ды і назва ўстановы адукацыі ўнушае давер, таму народу на танцполе шмат. З музыкі круцяць электроншчыну і папсу. Здзіўляе ўзроставы кантынгент: шмат школьнікаў, а вось студэнтаў малавата. Сумняваюся, што на дыскатэцы можна пазнаёміцца з хлопцам дзеля сур’ёзных адносін.
— Ды ну! Ніхто тут не шукае сабе жаніхоў і нявест. Так, знаёмімся, каб забіць вольны час. Можна, канешне, і пасля танцулек схадзіць з дзяўчынай у сквер ці проста па вуліцы прагуляцца, але гэта ўсё глупства. Ды і навошта сур’ёзныя адносіны, калі тут столькі дзяўчатак, з якімі можна блізка пазнаёміцца і патусіць без усялякіх далейшых абавязкаў, — здзіўляецца Артур, навучэнец машынабудаўнічага каледжа.
Назва “Красная Жара”, шчыра кажучы, моцна прываблівала. Туды я ехала з асаб-лівым імпэтам. Чамусьці ва ўяўленні маляваўся прэстыжны клуб з саліднай публікай. На справе аказалася інакш. Каля кінатэатра імя Калініна стаяла некалькі прыгожых і дарагіх машын, але іх гаспадары прыехалі ў суседні “Кантынент”. А ля “Жары” збіраліся ўсё больш нейкія хлопчыкі бандыцкага выгляду з доўганогімі сяброўкамі, без прыкмет інтэлекту на тварах. Праз некалькі хвілін напружанага чакання пад дзвярыма бара я ўжо чула чыесьці крыкі, грубыя мужчынскія галасы і жаночыя візгі з-за павароту. Стала вельмі не па сабе... Да таго ж, пакуль я ішла да месца (ад плошчы Леніна да кінатэатра) два разы спыняліся “тачкі” і прапаноўвалі мяне падвезці, прычым усё роўна куды... Карацей, я пайшла з “Красной Жары” нават і не зайшоўшы ў памяшканне.
Каля новага клуба “Plaza” часта мнагалюдна, нездарма ж ён знаходзіцца на вуліцы Савецкай. Начное жыццё горада тут проста бурліць. Але я асабіста, калі б у мяне былі дзеці, іх туды б, напэўна, не пусціла. Прынамсі, да таго часу, пакуль там будуць адбывацца “разборкі” прама ля ўваходу. Думаю, гамяльчане, што едуць дамоў вечарам з прыпынку “Універмаг”, не раз і самі гэта бачылі. Клуб “Plaza” лічыцца дарагім і абстаноўка там прыгожая, але вось пытанне — адкуль у не зусім дарослых людзей грошы на білеты і выпіўку?
— Я бяру грошы ў бацькоў, а калі яны не даюць, то каля музычнай школы адбіраю іх у малых. А што тут такога? — пытаецца Ігар, з якім я пазнаёмілася ў клубе.
Цікава і такое меркаванне праграмісткі Тані:
— Гэтым летам я пабывала ў нашых гомельскіх клубах, калі іх можна так назваць... Усе яны значна саступаюць мінскім! Ды і такіх, дзе можна “нармалёва” патанчыць, наогул няма. Цэны ўсюды не самыя прымальныя, нават для мяне, чалавека, які працуе, музыка таксама пакідае жадаць лепшага...
Дык што ж, выходзіць, ні падлеткам, ні дарослым людзям няма куды пайсці прыстойна адпачыць? Дык тады навошта ўсе гэтыя клубы патрэбны?
Наталля Старчанка

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей